БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Хоць беларусаў дзялілі і мучылі, усё-ж-ткі беларускі голас усьцяж адзываўся і ўсьцяж беларусы заяўлялі, што яны жывуць. Гэтак было і пасьля 1863 г., калі здавалася шмат каму, што ўсемагутны Мураўёў здушыў усё беларускае. Так, у 70-х гадох у далёкай Швайцарыі, у Жэнэве, выйшла колькі агітацыйна-рэвалюцыйных брашураў пабеларуску, між якімі была кніжыца «Пра багацтва ды беднасьць», а ў Цурыху ў 1870 г. быў выданы першы нумар беларускай эмігранцкай газэты пад назовам «Грамадзкі Згавор». На гэтым, аднак, першым нумары выдаўцы мусілі стрымаць сваю выдавецкую працу з прычыны нястачы матар'яльных сродкаў.
У самой Расеі беларусы далей бралі ўдзел у пачатым Гэрцэнам і Бакунінам рэвалюцыйным руху, у змаганьні за зямлю і волю. Сярод тагочасных рэвалюцыянэраў займаў пачэснае месца Ігнат Грынявіцкі (1856—1881), родам з Меншчыны. Вучачыся ў Тэхналёгічным Інстытуце ў Пецярбурзе, Грынявіцкі браў дзейны ўдзел у народавольскім руху. Рух гэты імкнуўся скасаваць царызм і перабудаваць Расею на асновах вольнае фэдэрацыі вольных народаў, у якой было-б належнае месца і Беларусь У 1879 г. Грынявіцкі зарганізаваў баёвы гурток, мэтай якога было прысьпешыць разьвіцьцё рэвалюцыйнага руху шляхам баёвых выступленьняў. Найбольш-жа праславіўся Ігнат Грынявіцкі забойствам тагочаснага расейскага цара Аляксандра II у 1881 г. 1 сакавіка. Але бомба, што забіла цара, сьмяротна раніла і самога Грынявіцкага, і ён у той самы дзень уначы, не распазнаны нават,- памёр ад ранаў, маючы 25 год. Ігнат Грынявіцкі памсьціўся Аляксандру II за сьмерць беларускіх паўстанцаў, за сьмерць К. Каліноўскага, за варожую ягоную палітыку да беларусаў і працоўных усяе Расеі. Ігнат Грынявіцкі працягваў пачаты Каліноўскім шлях збройнага змаганьня за адраджэньне Беларусі. Праўда, і яму не ўдалося падняць Беларусі, і ён так, як і Каліноўскі, згінуў трагічна, але гэта ня спыніла беларускае адраджэнскае працы. Лік моладзі, сярод якое пашыраліся бунтарскія вызвольныя думкі, павялічаўся, асабліва гэта дзеілася сярод студэнтаў у Маскве і Пецярбурзе. Нават за тры гады пасьля сьмерці Грынявіцкага, у 1884 г., у Менску зьявіўся ўжо нелегальны народавольскі беларускі часапіс, друкаваны парасейску, «Гоман», які працягваў пачатае змаганьне за палітычную і эканамічную самастойнасьць Беларусі ў вагульна-расейскай фэдэрацыі.
Пад канец XIX ст. з Украіны, дзе працаваў як адвакат, зьвярнуўся ў родны край, у Вільню, удзельнік паўстаньня 1863 году Францішак Багушэвіч. Будучы на Украіне і скончыўшы ў 1868 г. юрыдычны ліцэй, ён саткнуўся з украінскім рухам, з украінскай паэзіяй Тараса Шэўчэнкі ды пачаў пад яе ўплывам пісаць вершы пабеларуску, падпісваючы іх прыбранымі прозьвішчамі (мянушкамі) — «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава». Багушэвіч у сваіх творах стараўся збудзіць беларускі народ ад сну, у які закалыхалі яго палякі і расейцы, і накіраваць да змаганьня за лепшую долю. Багушэвіч, як згодна сьцьвярджаюць беларускія гісторыкі, а таксама і гісторыкі расейскія, раз назаўсёды парваў з беларуска-польскім народніцтвам, што пачыналася між чырвонымі паўстанцамі 1863 г., палякамі і беларусамі, а таксамаі з народніцтвам беларуска-расейскім Грынявіцкагь і «гоманцаў», ды стварыў беларускае нацыянальнае народніцтва, паказаў самастойныя шляхі беларускага нацыянальна-палітычнага вызваленьня, што выяўляецца ва ўсёй ягонай творчасьці, так шырака ведамай па ўсёй Беларусі.
Асабліва-ж яскравай зьяўляецца Багушэвічава прадмова да першага зборніка ягоных вершаў «Дудка Беларуская», якую можна назваць маніфэстам беларускага нацыянальнага ўсьведамленьня. Багушэвічавы словы пра гісторыю Беларусі, пра беларускую мову як аснову беларускае нацыі, абарона яе ад славы «мужыцкае», пушчанай ворагамі, і сяньня жывыя, і сяньня актуальныя. Багушэвічавых твораў нельга было выдаць з прычыны забароны друку ані на Беларусі, ані ў Расеі, і таму «Дудка Беларуская» выйшла за мяжою, у Кракаве, у 1891 годзе. Другі зборнік вершаў Багушэвіча «Смык Беларускі» быў выданы ў 1894 г. у Пазнані. Адтуль яны нелегальна перавозіліся ў край, будзілі беларускі народ і ўзмацнялі беларускія адраджэнскія плыні.