Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 260
Перейти на страницу:

— Раз, два — узялі!.. Ану — рушылі! Яшчэ раз! Яшчэ! — дзікім голасам крычаў побач Косьцікаў. — Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!..

Разы два ён пальнуў угару зь пісталета, прымусіўшы здрыгануцца іх, спатнелых і ўжо дашчэнту зьнясіленых. «Давай! Давай!» I во, дзіва — машына трохі скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалі яшчэ болей, напяліся рукамі і нагамі, і яна трохі пасунулася, папаўзла ў твані. Тыя, што былі пасярэдзіне — Гром і Валяр’янаў, улезьлі ў самую глыб, але не адступіліся, не прыбралі ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулі перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, і яны зьнямогла спыніліся.

— Ну во, такую вашу маць! — амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. — Што значыць, умелае кіраўніцтва! А то — аслабелі, сілы мала… Прымусіць трэба! Дзесяць мінут перакур! — аб’явіў ён і адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.

За ім нерашуча павылязалі з гразі асуджаныя, пакорліва стоўпіліся побач. Чэкіст засунуў пісталет за борт шыняля і вынуў з кішэні пачак «Беламору». Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвілу.

— Частуйся…

Той гразкімі пальцамі ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважліва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкі. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.

— За ўдарную работу па ліквідацыі ЧП пры выкананьні заданьня аб’яўляю благадарнасьць, — з фальшывай урачыстасьцю аб’явіў Косьцікаў.

Асуджаныя нібы страпянуліся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяці словаў, адчуўшы ў іх пранізьлівы водгук назаўжды адрэзанага ад іх жыцьця. Тут і цяпер яны зразумелі тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нібы дражніў іх гэты незразумелы чэкіст, чым рабіў ім яшчэ больш балюча.

Адзін толькі Шастак, здаецца, гатовы быў усур’ёз прыняць сказанае.

— Дзякуй, таварыш… Грамадзянін начальнік. Каб гэта залічылася…

— Залічыцца, залічыцца, — няпэўна паабяцаў памкамэнданта.

— На тым сьвеце, — ухмыльнуўся Сурвіла.

— Чаму на тым? — не пагадзіўся ягоны калега. — I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам… Ня горш, чым ударнікам сацыялістычнага спаборніцтва.

Было не зразумець, казаў ён тое сур’ёзна ці хітравата зьдзекаваўся зь іх, у ранішнім прыцемку быў кепска відаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусім памяркоўным і добразычлівым, і тое міжволі заспакойвала.

— Ну але ж во я — невінаваты, — ступіў наперад Шастак. — Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднік.

Косьцікаў смачна зацягнуўся папяросай і разважна выпусьціў даўгі струмень дыму.

— Ну ведама, невінаваты. Калі б ты быў вінаваты, табе б на сьледзтве кішкі выматалі. Косьці б пераламалі. Жонку б на тваіх вачах таго… Калі б быў вінаваты. А так — спакойна застрэлім на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? — раптам зьвярнуўся ён да Валяр’янава, які стаяў трошкі збоч ад астатніх.

Падобна, ён хацеў зачапіць Валяр’янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкіста. Ён ужо нямала пабачыў іх на сваім вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калі яго расстрэльвалі ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялі, дык не было б тых пакут і прыніжэньняў, якія ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялі. Толькі давялі да дыстрафіі і выпусьцілі паміраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыдні сярод паўсотні былых афіцэраў Добраахвотніцкай арміі ў сырым вінным склепе бязь ежы і вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр’янава болей за голад і смагу, ён доўга ня мог прызвычаіцца хадзіць па-большаму і малому на вачах у натоўпу розных чынам і векам людзей і ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкістаў. Яны — нелюдзі, так і трэба было іх разумець, калі толькі нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр’янава, мілы паручнік Аркадзь Аркадзевіч, так і не зразумеў, мабыць, з кім мае справу — гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар’яцеў. Прыстрэлілі, бы сабаку, і кінулі ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, ніколі ні з кім не спрачаўся, паводзіў сябе ніжэй за траву, цішэй за ваду. Зрэшты, і чаго дачакаўся? Таго ж, што і брат. Толькі гадоў на пятнаццаць пазьней. Ці варта было ашчаджацца?

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)