Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Дагэтуль у Шастака ўсё ішло быццам няблага. Яго ня білі на допытах, абыходзіліся ветліва, з павагай, здаралася, нават частавалі гарбатай з цукеркамі. А тут нешта перамянілася. Тыдні два яго зусім не вадзілі да сьледчага, быццам забыліся, што ён тут сядзіць і чакае. Пасьля павялі на суд. Шастак думаў, што ў адносінах да яго суд — пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьліва паставіліся канваіры, сурова сустрэлі судзьдзі. Кароткі злы допыт здаўся яму недарэчным: мусіць, гэтыя судзьдзі ня ведалі, што ў яго інакшая, чымся ў астатніх, справа. Пэўна, ня ведалі. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьці не перадаў ім. Якіх папераў ці якіх указаньняў. I калі яму аб’явілі: да вышэйшай меры з канфіскацыяй маёмасьці, ён найперш шчыра зьдзівіўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён там быў не адзін — іх было шмат, абвінавачаных ворагаў народа. Значыць, яго трэба было прыкрываць, каб не западозрылі іншыя. Хоць бы й той самы Казёл Аўтух, які таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака і выпусьцяць. Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзіць трэба за ягоныя пяцімесячныя турботы ў турме, за паслугі, якія ён аказваў органам і партыі. Пасьля дзён колькі ён цярпліва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага, таго ж Кутасава. Аднойчы, калі ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлі два наглядчыкі й пачалі яго біць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў яго пакліча, і ўсё стане, як трэба. А калі ня кліча, то, можа, яго няма ў турме, можа зьехаў куды ў камандзіроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў турме-«амэрыканцы» яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.
Ён выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як іх вывелі для пасадкі ў машыну, але сьледчага не было і тут. Бы скрозь зямлю праваліўся. Тады Шастак пачаў думаць, што, мабыць, той зьявіцца перад самым расстрэлам і ў апошні момант адлучыць яго ад іншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як і раней, — не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра. Павінна быць добра.
Машыну дужа пахіліла набок, страсянула, матор, чутна было, гучна зароў, але, падобна на тое, яны спыніліся. Сурвіла прыкладна вызначыў, дзе — у лагчынцы, дзе заўжды была разьбітая дарога, і ў мокрыя дні стаялі глыбокія лужыны. Надоечы якраз пачаліся дажджы, лужыны маглі й пабольшаць. Седзячы ля дзьвярэй, ён слухаў, як пад машынаю марна шархацелі ў каламуці колы — машына буксавала. Наперадзе бразнулі дзьверцы кабіны, і пачуўся голас — гэта вылез на дарогу памкамэнданта Косьцікаў, які цяпер ехаў выканаць прысуд.
— Лявей, лявей бяры ты, ахламон! — раздражнёна гукаў ён да шафёра, які старанна газаваў маторам. Але машына толькі тузалася на месцы, камякі гразі ляскаталі па яе жалезным днішчы.