Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Ну — узялі! Раз, два — узялі! — трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё размахваючы пісталетам.
Яны зноў узяліся піхаць. Шафёр газаваў рыўкамі, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламі ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакінутага ў адзіноце Зайкоўскага.
— Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ і вышэ!..
— Ты глядзі! — цяжка соп ля буды Шастак. — Тут кішкі рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..
— Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавіцкаю куляй!..
— Замоўкні! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, — гразіўся Косьцікаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.
Аднак асуджаны Зайкоўскі не сунімаўся і яшчэ крычаў штось — нядобрае і абразьлівае. Тады Сурвіла першы адарваўся ад вугла буды і параіў:
— Ды страляні ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?
— Лічу да трох і выпускаю ўсю абойму!
— Выпускай! Калі казённай машыны ня жалка… — неслася з буды.
Аднак не пасьпеў Косьцікаў пачаць свой адлік, як матор дужа стрэльнуў выхлапам і заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сінім дымком, зрабілася зусім ціха.
— Што такое? — зьнерухомеў Косьцікаў.
— Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, — глуха азваўся з кабіны шафёр. Косьцікаў вылаяўся.
Усе стаялі моўчкі, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьці. Сапраўды, гэтак стараліся, столькі патрацілі высілкаў, і ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.
— Так! — пасьля нядоўгай маўклівай паўзы вызначыў Косьцікаў. — Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.
— Хай Чысьцякову скажа, — параіў Сурвіла. — Чысьцякоў у курсе. Пад’едзе.
— I далажы дзяжурнаму, — удакладніў памкамэнданта. — Давай, дуй! Хутка!
Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволі выбраліся з гразі на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалі, што далей закамандуе іхны начальнік. Той аднаруч расшпіліў шынэлак, з другой рукі не выпускаючы пісталета.
— Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.
Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалі ў багну і зноў уперліся рукамі ў запэцканы гразёй зад машыны — Сурвіла і Шастак — па вуглах, Аўтух і Фэлікс побач. Валяр’янаву дасталося самае гіблае месца — пасярэдзіне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбіні лужыны, і, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцікаў, размахваючы пісталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамі багну, піхалі і піхалі.
Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусім нізка, і, падобна, ніякая сіла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкі час уладны голас памкамэнданта заглух, і яны расслабілі рукі.
— Так ня пойдзе! — з горыччу загаманіў Шастак. — Калі піхаць, дык трэба ўсім піхаць. А то як у брыгадзе — адзін укалвае, а другі адлыньвае.
— Хто гэта адлыньвае? — насьцярожыўся Сурвіла.
— А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькі за борт трымаецца.
Валяр’янаў ніякавата сьцепануў плячыма.
— Я не трымаюся…
— Ну як жа! Хіба ня бачыў! Яшчэ адпіраецца, — не сьціхаў Шастак. — Дзеля прыліку толькі…
— Хто яшчэ бачыў? — насупіўся Косьцікаў. Астатнія, аднак, маўчалі, і памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:
— Аднаасобнік, бачыў?
— Не, не. Нічога ня бачыў.
— А ты, паэт?
Фэлікс Гром ніякавата пераступіў у лужыне, каламуцячы і без таго скаламучаную твань.
— Ну, можа, і ня дужа… Усё ж чалавек у гадах, — няпэўна адказаў ён.
— Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзіць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кіну пад колы. Тады вылезем.
Фэлікс Гром сам піхаў, лічы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца — балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пільны Шастак ці нават сам памкамэнданта Косьцікаў. Што яму перашкодзіць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэліць і кіне ў гэтую багну. Ад аднае думкі пра тое Фэлікс здрыгануўся і страхавіта зірнуў на цьмяную постаць у шынялі на ўзбочыне.
Яны зноў піхнулі. На гэты раз па камандзе і з усяе сілы, у Фэлікса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высільваецца і белагвардзеец-буржуй Валяр’янаў, — мабыць, таксама пабойваецца чэкіста. Хоць, калі падумаць, чаго ўжо было ім баяцца, куды імкнуцца? Наперад, да свае сьмерці? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькім выбарам, дзе лепей легчы — у пясчаную сухую зямельку ці ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелі ногі. Так можна і прастыць, з іроніяй вісельніка падумаў паэт Фэлікс Гром. Свой катафалк яны ж самі і штурхалі да месца паховін. Гэта было штосьці новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Ці адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напісаць верш, баляду ці сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохі…