Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 260
Перейти на страницу:
Грымяць і стукаюць машыны, турбіны радасна гудуць, — спраўляюць майскія радзіны, гэта ўдарнікі ідуць.

Акрылены афіцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлікс напісаў яшчэ з тузін падобных вершаў і адчуў сябе запраўскім песьняром пралетарыяту.

Усё ў яго ішло добра, і раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п’янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалі толькі пра вершы ды размовы ў асяродзьдзі паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцяміўшы, што з таго будзе невялікі набытак, зьвязалі ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом — прызнавайся, што польскі шпіён! Здаецца, таго ж дамагаліся і ад Аўтуха. I дамагліся. Па сваёй сялянскай дурноце ці, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпісаў паказаньні, нібыта Фэлікс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзіў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфікаваць усё тое органам?

Штурханіна і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкіста абвясьціў:

— Ну што? Селі?

— Селі на дзіфер, — сказаў Шастак.

Фэлікс Гром далікатна пастукаў у дзьверы.

— Можа, і я памагу? Усё ж учатырох…

Адтуль, знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.

— Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! — закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.

Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлікс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:

— Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

— А скульля табе! — пачулася з буды, — гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. — Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

— Як гэта — не паложана? — апешыў Косьцікаў.

— А так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце Сурвіла сказаў:

— Ды залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма…

— Хай і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?

— Зараз я табе пакажу месца казьні! — ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры пісталет. — Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! — страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапіць у глыбокае месца багны.

— А што табе начальства скажа? — чулася з машыны. — Вёз — не давёз…

Падобна, становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся недасяжны.

— Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

— Давай, дуй! Пасьледавацельна…

Апошнія словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі — яго турбавала іншае. Ён моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.

— А там буржуй гэты, — падказаў Шастак.

— Белагвардзеец, — удакладніў Косьцікаў. — Ану вылазь, гражданін Валяр’янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр’янава, які сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.

— Сігай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў, а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)