Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Тым часам пачало днець. Абапал дарогі выплыў са змроку восеньскі палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль і прыдарожным хмызьняком паблізу. Зьверху то імжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вільготны заходні вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налітымі дажджом каляінамі. Гараджане тут езьдзілі нячаста, а каляіны былі ад машын наркамату ўнутраных справаў, які толькі й карыстаўся той дарогай. Асабліва ноччу. А то, бывала, і ўдзень, пад час маскоўскіх праверак, калі ў горадзе тэрмінова разгружаліся турмы.
Тое, што Валяр’янаў ніяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцікаву.
— Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!
— Я чую, — ціха, аднымі вуснамі адказаў Валяр’янаў.
— Дзяч маёй дабрыні. Хацеў прыстрэліць.
— Дзякуй…
— Во! А то не напомніш — не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць…
— Да сваіх яны дык дужа добра выхаваныя, — падхапіў Шастак. — Усё: благадару, благадару…
— Да сваіх. Але не да пралетарыяту, — заўважыў Сурвіла. — Пралетарыі— іхныя ворагі.
— Мабыць, мала стралялі, — сказаў Шастак.
— Стралялі ня мала. Але ўсіх яшчэ не перастралялі. Усё за віной гналіся. За даказацельствамі і прызнаньнем. Болей паперкі пісалі, — як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвіла.
— А што пісаць? — зьдзівіўся Шастак. — Хіба адразу не відаць: контра. Во гэты: камізэлька, гамашы, кавэркот…
— Можа, яшчэ і гальштук завязваў? — прыгожа заўсьміхаўся Косьцікаў.
— Завязваў, — ціха адказаў Валяр’янаў. — Як кожны інтэлігентны чалавек…
— Вы паглядзіце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хіба павесіцца ў турме.
— Каб ухіліцца ад пакараньня, — сказаў Сурвіла. — Ну, такі нумар у нас ня пройдзе. У нас парадак!
Каб яны задушыліся зь іхнымі парадкамі, — дрыжучы на ветры ад макрэдзі, сярдзіта думаў Аўтух Казёл. З рознымі іх парадкамі ён ужо нямала пазнаўся, і ня толькі ў турме. Асабліва апошнія гады, як сталі яго дапінаць за аднаасобніцтва. I было б за што? Хіба ён супраць савецкай улады ці супраць камуністаў? Але ж ён мусіў карміць сям’ю, жыць з уласнае працы. А яму кажуць: у калгас. Паглядзеў ён, як тыя разумныя гаспадарылі ў іхным калгасе. Нявыбраная бульбачка гніла ў зямлі да маразоў, убранае збожжа прападала нявысушанае ў арцельным гумне. Інвэнтар за два гады разваліўся дашчэнту, не было каму паправіць калёсы. Умелыя паўцякалі ў сьвет, разумных перасаджалі, а хто застаўся? Бабы ды нямоглыя дзяды. I, ведама, ягонае аднаасобніцтва сталася ім бяльмом у воку. Вясной абрэзалі зямлю, пакінулі адно балотную няўдобіцу з хмызьняком. Пойдзеш у калгас? Не, не пайду. Тады абрэзалі пожні, каб не было дзе напасьвіць кароўку. Затым пастанавілі ліквідаваць гумно, бо, ці бачыце, будавалі калгасную абору, спатрэбіліся матэрыялы. Асець, пуню і ток — усё перавезьлі ў калгас, дзе за зіму тыя бёрны расьцягалі на дровы. Ужо ня стала куды выпусьціць і курэй. Зноў прыехала начальства: ну, пойдзеш у калгас? Сказаў: не пайду, на сваёй зямлі паміраць буду. Дык трактарам перааралі дарогу — ад хутара да бальшака. Каб не пратаптаў сьцежку, засеялі вікай. Абмінаў тую віку за вярсту па лесе. Тады сказалі, быццам ён празь лес ходзіць у Польшчу. Каб ім да свае магілы гэтак хадзіць, думаў Аўтух.
Ужо ўсё абабралі. Абрэзалі па самыя вокны, а тады пачалі зарыцца на ягонага маладога каня. Свае зрабіліся, як дэрбіны — ад бяскорміцы ды непасільнае працы, а ягоны конік быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкі, ён быў мілы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкі. Бывала, Аўтух возіць з поля снапы і да вечара так уходаецца, што ня мае сілы сесьці за стол. I ня дзіва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо, папіхае; нібы ў парцы, памагае везьці. Праўда, і конік нібы разумеў гаспадара, стараўся, выжыльваўся на маладых тонкіх нагах, вёз усё, колькі ні накладзі ў воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго заезьдзілі за адно лета, надарвалі, сапсулі. Дык скралі. Надвячоркам адвёў папасьвіцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў натруджаныя за дзень ногі. I скралі. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое ведала ўся вёска, быў у іх адзін такі злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага. Кінуўся Аўтух у міліцыю, у раён, да пракурора. I нічога. Усе ветліва слухалі і нават спачувалі, але шукаць і ня думалі. А тое, што ён сам паказваў на злодзея, пад увагу ня бралі. Казалі, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якія яшчэ ім доказы, калі ўсім навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней і збывае цыганам на Палесьсі. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такі парадак.