Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
Науральна, ніхто не прамовіў ні слова.
— Падмяні мяне трохі, зацыраваны, — папрасіў Ватман Лёдніка, прыпаў да адной са шчылін і свіснуў неяк асабліва.
— Ну, калі, сучыя дзеці, не выканалі загад і разбегліся, прыб’ю…
Свіснуў яшчэ раз… Нарэшце пачуўся свіст у адказ. З-за рынкавых прылаўкаў высунуліся пераляканыя фізіяноміі, недаверліва ўглядаючыся ў жалезнага цмока.
— Вырвіч, стрэльні добранька ва ўсе бакі, акрамя гэтага!
Густое воблака чорнага дыму на хвілю абкружыла чарапаху, пераследнікі пахаваліся. Нікога не здзівіла, калі падводы з бочкамі, што стаялі каля рынку, ашалелыя коні панеслі некуды на бакавую вулку. Чарапаха бадзёра прапаўзла яшчэ дзесяць сажняў і паволі спынілася, пагрозна выпускаючы клубы пару. Яе маленькія шматлікія колы-лапкі пагрозна застылі, нібыта рыхтуючыся да нястрымнага рыўка.
Пагоня стаілася. Чаго чакаць? Новых стрэлаў? А можа, у цмока зараз вырастуць крылы, высунецца галава на доўгай шыі і пачне плявацца агнём? Адукаваныя афіцэры справядліва меркавалі, што ўцекачы рыхтуюць нейкі подлы план па выкарыстанні таемнай смертаноснай зброі. Асабліва палохала, што калі па чарапасе зноў пачалі пастрэльваць, яна ў адказ маўчала.
Нехта прапанаваў павесці перамовы. Праклятым немцам-чараўнікам раілі пакінуць металёвае чэрава машыны і здацца, іначай… У адказ — цішыня. Тым часам прыкацілі дзве гарматы — Амальфею і Дамініку, адну нават знялі з галоўнай брамы. Яшчэ раз папярэдзілі бунтаўнікоў… Некаторыя нагадвалі, што князь нібыта загадаў не чапаць доктара-чарнакніжніка, але камендант Карлінг, раз’юшаны да ўскіпання мазгоў тым, што ягоны горад-крэпасць ледзь не здаўся ўласнаму постраху, хаця з жаўнераў любы пострах павінен быў быць даўно выбіты шпіцрутэнамі і муштрой, асабіста аддаў загад. І гарматныя ядры — сур’ёзныя, вялікія, не тое, што ў чарапахі, — паляцелі ў страшыдла. Недалёт, пералёт… На месцы, дзе нядаўна стаялі падводы, і замест часткі рынку ўтварылася яміна. Па сцяне суседняга дома прайшла трэшчына, як па сакавіцкім лёдзе. З наступнага стрэлу ўдалося патрапіць дакладна. Выбух атрымаўся выбітны, бо ў чарапасе ўтрымліваўся яшчэ добры запас пораху, а ў катле была пад ціскам пара. Узляцелі наверх дэталі, колы, колцы, рычагі… Рэшткі жалезнага дажджу случане яшчэ доўга збіралі на сваіх вуліцах, дахах і гародах. Знайсці такую цмокаву костку лічылася дрэннай прыкметай.
За гэты час, нягледзячы на строгі загад каменданта нікога не выпускаць з гораду, з Віленскай брамы выехалі тры паводы з бочкамі гнілых селядцоў, якія з княскае кухні былі адпраўленыя ў суседні маёнтак, на корм свінням. Магчыма, варта не ўбачыла нічога падазронага ў грузе, і не захацела, каб побач знаходзілася такое смярдзючае суседства, а магчыма, афіцэры былі падкупленыя… Але разбірацца пасля ніхто не стаў, таму што ўся гаворка ў горадзе ішла вакол гібелі жалезнай чарапахі і чарнакніжнікаў… І пра гнеў князя Гераніма на тых, хто гэта дапусціў.
А дзесьці сярод ліцвінскага восенькага лесу, на глухой палянцы, зарослай верасам, вельмі смярдзючыя людзі ахвотна падстаўлялі сябе халоднаму дажджу, а невысокі тоўсценькі немец бяссіла трос кулакамі, нібыта пагражаў самому небу, і лаяўся так адмыслова і велягурыста, што волат з белымі валасамі і шмат разоў кепска склееным носам з павагай паківаў галавою, падыйшоў да аднаго з фурманаў, што вызвалялі ад бочак павозкі.
— Мартын, засталося што ад корму свінням? Давай сюды…
Дужы вусаты фурман паважна кіўнуў галавою, залез некуды пад калёсы, дастаў адтуль цяжкі скураны вацок, кінуў правадыру. Белагаловы ўзважыў вацок у руцэ:
— Дукатаў сто, сто дваццаць засталося. Здаецца, яшчэ колькі каменьчыкаў там павінна блытацца.
Перадаў немцу, чыя жонка ў перапэцканай сукенцы, з каптуром набакір тут жа кінулася прагна пералічваць манеты і разглядаць на святло дыяменты, якія сапраўды меліся ў мяшэчку.
— Гэта няшмат, — прамовіў белагаловы. — Але калі даедзеце да палацу князя Багінскага, будзьце пэўныя, вас узнагародзяць напоўніцу. Галоўнае, нідзе не называйцеся сапраўднымі імёнамі, прыдумайце сабе іншую гісторыю… Памятайце, што Пфальцманаў на свеце больш няма. А ўвогуле, радуйцеся, што выбраліся жывымі. Параіў бы вам замест зброі перайсці на музычныя машыны.
Да белагаловага падыйшоў высокі чарнавалосы чалавек з худым змрочным тварам, на фоне волата ён выглядаў нават вытанчана.