Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— Уліплі мае хлопцы. Трэба прыдумваць іншы план, — шапнуў Ватман Лёдніку і Пранцысю, якія хаваліся за дзвярыма, над трупам вартаўніка ватманскай работы. — Усіх мне не перабіць.
У голасе найміта, калі ён вымаўляў апошнюю фразу, чулася задумлівая шкадоба.
— Калі б прабіцца да Малога палацу, да стайні… Вось туды… — прамовіў доктар, паказаўшы на дзверы, за якімі Пфальцман даводзіў да ладу жалезную чарапаху.
Ватман кіўнуў галавой.
— Можам дабегчы. Калі вы будзеце ў мундзірах, — паказаў на труп вартаўніка. — І калі сюды раней часу не зойдзе нехта — звонку ці знізу. Скажу шчыра — калі б вас адвялі ніжэй, а дзе заканчваюцца гэтыя сутарэнні, я не ведаю, — нават у мяне магло нічога не атрымацца. Ну а калі патрапілі б у вежу Верхняга замку — усё, панове, магіла.
Скрозь залеву постаці ў замкавым двары здаваліся размытымі, няпэўнымі, як адлюстраванні на вадзе. Калі трое трохі знерваваных жаўнераў наблізіліся да Малога палацу, з Капыльскай брамы шалёным намётам, расплюхваючы дождж, слату і трывогу, уляцела кавалькада. Той, хто ехаў першым, гарлаў, як рэзаны:
— Загад князя! Шпегаў у вежу! Доктара з мальцам! Сцерагчы! Не чапаць!
— Усё, даклалі вар’яту пра гандаль, — прасіпеў скрозь зубы Ватман. — Будзе нам вяселле з расколатай дзяжой…
— Хутчэй! — выкрыкнуў Пранцысь і кінуўся ў стайню, прыстасаваную пад майстэрню.
Здавалася, сутарэнне слуцкага замка бязгучна завыла ім у спіны, як галодная пачвара, са сківіцаў якой выкараскалася амаль з’едзеная смачная ахвяра.
Раздзел дзясяты
АПОШНІ ШЛЯХ ЖАЛЕЗНАЙ ЧАРАПАХІ, АБО НАРАДЖЭННЕ СЛУЦКАГА ЦМОКА
Жалезная чарапаха была на месцы, і Пфальцманы ў поўным складзе з іхнім слугою Генрыхам у дадатак. Толькі аніяк нельга было сказаць, што праца ў іх віруе, хаця з чарапахі ішла пара, відаць, гер Якуб правяраў працу рухавіка. Фрау Эльза злосна плакала на плячы ў мужа, вусаты Генрых, падобны да пазбаўленага хаткі бабра, панурыўшыся, як над труною, мучыў у руках шапку, а насупраць злосны пан у мундзіры палкоўніка радзівілаўскага войска выгаворваў сурова:
— За ўкрывальніцтва шпегаў! За здраду яго княскае мосці!
Двое паюкоў шматзначна пакручвалі ў руках шаблі, час ад часу баязліва, з затоенай цікаўнасцю касавурачыся ў бок «цмока».
Бойка была нядоўгай. Ватман грэбліва выпусціў з рук два целы з разбітымі галовамі, і цяпер іхнія вызваленыя душы няўцямна азіраліся дзесьці побач — што гэта з імі адбылося? Лёднік акуратна схаваў скрываўленую зброю ў похвы і змрочна паглядзеў на пераляканых Пфальцманаў. У Пфальцманавай жонкі быццам адпусціла нейкую спружыну, яна кінулася на Бутрыма з кулакамі:
— Усё з-за цябе, пракляты ерэтык!
Пераключылася на Пранцыся, нацэлілася худымі пальцамі да ягоных шчырых воч:
— Ілжэц! Ілжэц!
Вынаходнік схапіў фрау ў абдоймы, што мала дапамагло, і з адчайным запытаннем, туды-сюды хістаючыся воляю сваёй фрау, паглядзеў на аднакурсніка. Той паціснуў плячыма.
— Парадаваць няма чым. Калі не сыдзем адсюль — смерць чакае ўсіх пакутніцкая і непазбежная. Геранім Радзівіл нічога не даруе.
— Што ж рабіць? Што рабіць? — вусны Пфальцмана трэсліся, як халадзец на вясельным стале падчас скокаў.
— Магу адразу прырэзаць, каб не пакутавалі, — ветліва прапанаваў немцу Ватман, як быццам прапаноўваў нюхацельную соль.
Пфальцманы ягоны своеасаблівы гумар не ацанілі, і фрау пачала са збляднелым тварам валіцца на зямлю.
— Значыць, з бабы трэба пачынаць, вунь якая дохлая, толку ад яе… — меланхалічна заўважыў Ватман, і фрау хуценька ўстала на ногі, працінаючы злосным позіркам пукатых шэрых вачэй найміта Багінскіх.
— Якуб, твая машына падрыхтаваная? — мякка папытаўся Лёднік.
Пфальцман спалохана зміргнуў, румянак вярнуўся на яго азызлыя шчокі.
— Ты хочаш… Ты хочаш… Каб мы…
— А нічога іншага не прыдумаць. Давай выпрабуем тваю машыну, наколькі яна вартая.
Якуб разгублена паглядзеў на жонку, але тая часова страціла здольнасць даваць парады, і наважыўся, чаму нямала паспрыяла тое, што ў замкнёныя на засовы вароты стайні пачалі настойліва грукацца.
— Сядайце! Хаця цеснавата будзе ўсім… І горача.
— Пацерпім, не васковыя! — азваўся Лёднік.
Калі Пфальцман усеўся за рычагі свайго вынаходніцтва, адразу змяніўся: рухі і голас набылі ўпэўненасць, нават рысы твару падцягнуліся. Тым больш жонка ляжала цяпер літаральна ў яго пад нагамі, да якога становішча, як відаць, не звыкла. Але іншага месца для яе не знайшлося — усе і так ціснуліся адзін да аднаго, як арэхі ў горле каляднай гусі.