Чорны замак Альшанскі
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1983
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:
— За што?
— А бог яго ведае. Я з ім амаль незнаёмы быў. Нібыта забіў правакатара, а тыя падстроілі справу так, што забойства крымінальнае. Ну і ясна, можа, хто і заступаўся, а шырокая грамадскасць — не… Другі, стрыечны, расстраляны немцамі за падполле проста на вуліцы. Хто кажа ў Кладна, хто кажа, што вывезлі ў Беласток. Так што бачыце, нашаму брату куды ні кінься. Лепей я ўжо тут. Спрос, як расейцы кажуць, малы, адказнасці няма. Ціха — і гары яно ўсё.
Раздзел XІІІ
Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раніцай я пазваніў у Кладна Максіму Смыцкаму, аднаму з лепшых, калі не лепшаму, знаўцу горада і гісторыі яго і наваколля. І, на шчасце, застаў яго дома.
— Слухай, Максіме, ты гісторыю з Альшанскім замкам чуў?
— Дружа, ты мяне за дзіця лічыш. Хутка пасадзіш за парту і прымусіш вучыць…
— Што?
— Ну, «сам сабе катлетку смажыў і запэцкаўся ў сажу» або «ў Мані верны быў баран, сабаку вярнейшым не быць: куды б дзяўчынка ні пайшла — баран за ёй бяжыць».
— Угм. Ты яшчэ ўспомні «Anna und Marta baden». Замак у Альшанах бурыць хацелі…
— Хто?.. Ах, сек тваю векі… Хто?!
— Гэтага сказаць не магу. Слова даў. Абяцалі не расцягваць. То вось ты як «ахова помнікаў культуры» пра гэта помні і пры выпадку настраш. Дошку новую павесьце.
— Ах чорт! І яшчэ легенда за ім такая прыгожая. Халлера!
— Магчыма, яна і мае пад сабою нейкі грунт.
— Які?
— А ты пра бунт Валюжыніча чуў? І пасланне біскупа Кладзенскага?
— «В лесу родилась елочка».
Ён быў вельмі падобны да Мар'яна. Гумар у нас амаль ва ўсіх адзін: гумар эпохі і яе манера жартаваць. І ўсё ж ён быў не тое, не тое. Хаця і энцыклапедыя на дзвюх нагах.
І тут мне нешта цюкнула ў галаву:
— Максіме, што ты знаеш аб расстраляных у апошні дзень немцамі ў Кладна?
— Ёсць такі помнік. Стэла, праўдзівей. Толькі тут іх палову нібыта расстралялі. Частку далей, пад Беластокам. І невядома, каго дзе. Расстраляныя былі палякі і беларусы. Ва ўсякім разе, і там і там адэкватныя і двухмоўныя стэлы.
— Тэкст памятаеш?
— Памятаю, але лепей, дзеля вернасці, па картатэцы.
Хвіліна паўзы.
— Ёсць, слухай, — і далей тэкст.
І далей пералік прозвішчаў:
A. Oblocki z Krakowa.
P. Romski……
Яшчэ прозвішчы і пасля, як апошняе пацвярджэнне:
І. Stankiewicz z Olszan.
W. Wysocki z Kladna
oraz 17 osob nieznanych.
І ніжэй па-беларуску:
А. Аблоцкі з Кракава.
П. Ромскі………
……………………….
І. Станкевіч з Альшан.
В. Высоцкі з Кладна,
а таксама семнаццаць чалавек невядомых.
— Дзякуй, Максіме. Да сустрэчы. — Я павесіў трубку.
Чаму мне стукнула ў галаву спытацца пра гэта? У гісторыі гэтай усё было загадкай, і таму даводзілася прыглядацца да ўсіх. Што азначаў чалавек пад вокнамі? Выпадак у музеі? Усыпленне сабак? Забойства (так, я падсвядома ведаў, што то было забойства, і нават жадаў гэтага, іначай гэта была б занадта дурная смерць)? Запіска, напісаная маёй рукой? Дзіўныя і дзікаватыя людзі ў Альшанцы (а я ўмудрыўся праверыць: ніхто з іх ужо два месяцы не быў у нашым з Мар'янам горадзе)? Урэшце, уся гэтая гісторыя са старой легендай, і дзіўная яе сувязь з сучаснасцю, і дзіўны паварот старой казкі. Ды і ўвогуле, куды мог падзецца такі чалавек, як Валюжыніч? Хаця. Мог жа Кучум пасля апошняга разгрому пагнаць каня, і сляды яго, як кажа вялікі гісторык, «загубіліся ў цемры гісторыі». І гісторыя гэта — мая гісторыя, а не тая — дужа паскудная, дужа шмат у чым страшная гісторыя.
Вельмі мне не хацелася ісці да Хілінскага, але трэба было. Можа, даведаўся чаго ад Шчукі? Але я цягнуў і цягнуў. Выйшаў да «Святога Герарда», купіў цыгарэт, на гэты раз «Шыпка» была, а «БТ» толькі адзін блок. І за гэта дзякуй добраму чалавеку, што прыберажэ.
— І надоўга, таварыш Косміч?
— Ды не, дні на два, а там зноў…
— Усё шукаеце? — пытае ён.
— Шукаю.
— Бывае, што і знаходзіце?
— Бывае, што й знаходжу… Часцей за ўсё знаходжу… Тут лобам і азадкам трэба мур прабіваць. — Я цягну візіт да Адама як магу. — Дурная справа няхітрая.