Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 147
Перейти на страницу:

— А-а сы-но-чак мой! А ты ж казаў, што на сваіх нагах прыйдзеш!

Варыяцыю таго здарэння бачыў я перад сабою зараз. Ох і добры ж наш народ да такога! І я толькі падумаў, што калі так будзе далей — давядзецца з'язджаць. З'язджаць ад Вячоркі хаця б да дзеда Мультана.

Вячорка абмацваў здаравенныя гузакі на галаве і мармытаў гаротна:

— Білі мяне. Ой, білі мяне!

Пасля мы даведаліся, што ніхто яго не біў, што яны з братам узялі «пасашок» перад аўтобуснай станцыяй, брат паехаў, а Чэсевіч замест дамоў патупаў рэвізаваць свой клуб і там некалькі разоў ударыўся галавой, а пасля, замест таго каб легчы ў клубе на канапе, папраставаў дахаты.

— Ішоў-ішоў, — мармытаў Вячорка, — надта далёка ішоў. І ў канаву ўпаў… І ляжу ўпоперак… як грэбля… І вады з аднаго боку многа, і яна цераз мяне пе-ра-ліваецца, цур-чыць… І машыны паўз мяне з фарамі «в-ву-у, в-ву-у, в-ву-у». А яны не спыняюцца.

— Угм, — сказаў Альшанскі. — Добра, што нас крыху занесла і святло на канаву ўпала. Ляжыць, сапраўды, як грэбля. І адзін палец часам ад кулака адстаўляе. Гэта яму здавалася — салютуе. На поўны рост і ўсёй рукой.

— Дык мо чарачку, людцы вы мае?

— Сёння не хочацца, — сказаў Шаблыка.

— А вядома ж, мае даражэнькія. Бо гэта ж на гэткага шабадранца нагледзецца, дык век не захочаш.

Яны пайшлі. А Вячорка варушыўся на ляжанцы, увесь чырвоны ад расцірання, і мармытаў досыць бязладна:

— В-ву-у, в-ву-у… А я салютую… А тут цені ішлі… Два… І сталі… Гамоняць… Не бачыць, што побач… грэбля ляжыць… Яйкі каменныя, страшныя… Другая справа за паўночнай вежай… Яйкі…

Блёкат быў незвычайны, але зусім без сувязі, і я ведаў, што заўтра гаспадар і не здолее ўспомніць пра свае начныя прыгоды. Таму я ўзяў ад Марыі Сямёнаўны чарку (мяне ўсё ж крыху марозіла ад прамочаных ног) і выйшаў з хаты, каб ісці ў сваю прыбудоўку.

Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, над усім светам ноч. Нідзе ані агеньчыка. І толькі наводдаль узвышалася моцна ўсечанай пірамідай асветленая зверху слабым зарывам двух вогнішчаў нямая Белая Гара.

Раздзел XІІ

Пачатак пошукаў

Вечарам я вырашыў паехаць на дзень-два дахаты, а да таго часу крыху палазіць па замку і намеціць сякі-такі план дзеянняў. Раніца зноў выдалася свежая, але сонечная. У такую раніцу добра не ў падзямеллі лазіць, а сядзець на прызбе, на сонейку, каб ветрык не даставаў, слухаць пеўняў і думаць аб сім-тым. Але менавіта таму мне і трэба было лезці. Трэба брацца за справу ўсур'ёз. Таму і яшчэ таму, што так трывожна свяціў незразумелы начны агеньчык у вежы замка. Другой вежы справа ад паўночнай. А можа, у першай ад яе. Я толькі прыблізна ўстанавіў у якой.

Падлога збераглася ва ўсіх залах жылых памяшканняў першага і другога паверхаў, але ў вокнах-байніцах ніжняга і ў вокнах другога паверхаў не было ніводнага шкла, і пройма гуляла паверхамі свабодна, уздымаючы з купаў друзу пыл. Філары (калоны, што падтрымлівалі скляпенні) і самі скляпенні былі абураюча і агідна абабітыя. Нішы, у якіх стаяў, відаць, калісьці посуд, вазы ці невялікія статуі, былі поўныя вапеннай крошкі. Нічога цікавага ва ўсіх залах я не знайшоў і толькі пашкадаваў, што цалкам яшчэ прыдатны будынак марнее ў запусценні.

У чатырох абследаваных мною вежах знізу была глухая падлога з магутных каменных квадратаў. Заставаліся чатыры вежы паўночнага боку. У адной уніз вялі каменныя, сцёртыя да апошняга прыступкі, але спуск канчаўся на глыбіні прыблізна трох метраў жалезнымі, таўшчынёй у руку кратамі. На кратах вісеў магутны, вельмі стары цыліндрычны замок з тых, у якія ключ увінчваецца, як гляйсар. І замок і краты былі крывава-чырвоныя ад іржы. Я вырашыў, што наведаюся сюды пазней.

Пад наступнай вежай таксама быў нібыта ўваход у сутарэнне, але завалены каменнымі брыламі, жвірам, вапеннай крошкай і смеццем. Патрэбна была кірка і рыдлёўка. Значыць, і гэты ўваход быў закрыты.

— Антоне Глебавіч! — аддаўся недзе наверсе крык.

Увесь пыльны, я вылез на дзённае святло і ўбачыў прысагнутую постаць дзеда Мультана-Пацярухі, а побач з ёю дзве фігуркі хлопчыкаў год па сем-восем кожны.

— Гэта мой Стасік, — з гонарам сказаў дзед Мультан.

Стах быў дзёрзкае ўскудлачанае вераб'янятка. Калі, вядома, уявіць альбіноса-вераб'я. Яшчэ вясна, а ён паспеў ужо ўшчэнт выгараць за выключэннем глыбока-сініх вачэй.

— Ну, здароў, Стах, — сказаў я.

— Здароў, калі здароў, — з саліднай дзёрзкасцю сказаў вясковы Гаўрош.

— А гэта вось сябар ягоны, — сказаў дзед. — Васілька Шубайла. Гэтыя — памогуць. — Васілька глядзеў спадылба. І яшчэ з-пад кучмы гэткіх жа бясколерных ад сонца валосікаў.

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)