Чорны замак Альшанскі
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1983
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:
— Нам лягчэй косткі насіць, — сказала Сташка. — Сачыце за зубамі, давайце ім работу — і не патрэбен вам будзе дантыст.
— А яны сачылі? — з падколам спытаў Тодар Ганчаронак.
— А ты спытаў у іх, колькі яны жылі? — рэзка павярнуўся да яго Шаблыка. — Ну, Сташка…
— Рэдка хто дажываў да сарака, — сказала яна.
— Таму і зубы белыя, як у сабакі, — вызверыўся Шаблыка. — Ты таксама супраць сабачага колькі жывеш? Вось і з'еў зубы. Вось табе і адказ: каму па зямлі лягчэй косткі насіць. А калі чалавек зараз не дажывае да сарака, гіне на вайне, гіне ў печы, гіне ў рове — гэта не жыцця віна, гэта віна іншых…
«Чаго счапіліся? — падумаў я. — Як вар'яты ўсе».
І тут, па аналогіі. а таксама таму, што размову трэба было перавесці ў іншае рэчышча, я сказаў Высоцкаму:
— Вось Лапатуха. Хіба ён вінен у тым, што такі? Людзі зрабілі. Праўдзівей, нелюдзі. І што памрэ, можа, рана — таксама яны.
— Не кажы, — сказаў Ганчаронак, — можа, яму так проста зручней. Каб не чапляліся… Знікае часам на некалькі дзён.
— Угм, — звярнуўся да яго Высоцкі. — Памятаеш Рохлю — вар'ята? Кім ён пасля, пры немцах, выявіўся? У адной машыне з шэфам кладзенскага СД ехаў. Вось як, мае вы галубочкі.
— Кінь, — раптам не вытрымаў і я, адчуваючы, што змена тэмы нічога не дала, што не адчапіцца нам ад тэмы вайны і людскіх пакут. — І не вярзіце на пакрыўджанага чалавека. Самі казалі, што нешта бачыў і… Ды ўрэшце самі памятаеце, як ішлі мы паўз млын, а ён мяхі насіў. І сабакі за ім.
— Праўда. — Шаблыка раптам засмяяўся. — І адна, відаць, помесь з таксай. Падобная на пыласос «Ракета».
— Кепскі смех, — сказаў я. — А ён убачыў нас і крычыць: «Сышчык пракляты! Падводка гіцляў! Замак яму? Сышчыкам выдаць! На след навесці! Ну, пачакай! Мы табе!» Хто гэта мы? Хто з нас падводка? Ты, Тодар? Шаблыка? Высоцкі? Я?
— Псы за сволаччу хадзіць не будуць, — строга сказала Гайдучык. — Бо адчуваюць, хто іх любіць, хто нязлосны.
— Глупства, — раптам сказаў «каўбой». — Гітлер унь таксама любіў сабак і дзяцей. Ды справа ў тым, што любіў ён выключна нямецкіх сабак і нямецкіх дзяцей. Дый то далёка не ўсіх. Іначай не блукалі б у нас па лясах лагерныя адзіночныя псы і не плакалі б нямецкія дзеці…
«Не, яны ўсё ж атручаныя вайной. А можа, у гэтым і ёсць сакрэт усіх апошніх падзей? Айнзацкаманда? Высяленне вёскі? Помнікі расстраляным? Хто ведае? Усіх зачапіла. Нават Ганчаронка з яго з'едлівай дабрадушнасцю. Нават Высоцкага. А Лапатуха? Мо сапраўды не вар'ят? І праўда, чаму знікае?»
…Ішлі мы да Альшанкі ўжо ў цемры. Астатнія пайшлі другой дарогай, і толькі нам з Высоцкім выпадала ісці разам.
— Так, — зноў завёў ён сваю шарманку, — і чаго яны ўсе счапіліся? Па-мойму, дык жыві ціха, хоць фурманам, і нікуды не лезь.
— Дарэмна. Вы чалавек з розумам. І пэўным імкненнем да пашаны.
Я ўспомніў, як ён адрэагаваў на «тубыльца» ў Езна.
— Не лезу.
«Ну так, — падумаў я. — Траюраднага за польскім часам павесілі ў трыццаць дзевятым. Невядома за што і ці не за нешта, звязанае з палітыкай. Стрыечнага немцы ў Кладна ў сорак чацвёртым. Тут напалохаешся. Ды толькі ўспомні, колькі ў вайну загінула і не за палітыку».
А ён, нібы адгадаўшы мае думкі, сказаў:
— Хоць саву аб пень, хоць пнём аб саву — саве ўсё адно. І не хачу я гэтага. Адпрацаваў, памыўся ў лазні ці ў рэчцы, стопку ўзяў, павячэраў — жыву. Уначы прачнуўся — жыву. Коні хораша пахнуць — аж смяюся ад радасці — жыву. І гары яно ўсё ясным гарам. Мне ўсе гэтыя галавасечкі — да…
Я толькі плячыма паціснуў.
…Наступнага дня я, узяўшы ключ у Мультана, абследаваў тое падзямелле пад вежай, дзе былі краты. Нічога незвычайнага: той жа пыл і той жа друз. Толькі што некалькі заваленых хадоў у невядомае. Дальбог, хоць ты лайся.
Калі выбраўся адтуль, згасіўшы ліхтарык, была тая мяжа паміж сутоннем і ноччу, калі пачынаюць міргаць першыя зоркі. Поўня, аднак, яшчэ не ўзышла. Толькі неба з таго краю было крыху святлейшае. Я не спяшаўся дамоў. Прыемна было прайсціся, калі абвявае аблічча майская ноч. Такая мяккая, нібы дарагія рукі гладзяць твар.
Я выйшаў брамаю, перайшоў масток і рушыў было да плябаніі, калі мне здалося, што нешта выслізнула за маёй спінаю з паркавага падлеску. І на гэты раз памылкі не было: я пачуў шолах крокаў, што аддаляліся ад мяне ў бок брамы.
Цікаўнасць нарадзілася раней за мяне, таму я пачакаў трохі і накіраваўся ўслед. Мінуў жарало ўвахода. Здалося мне ці не ў слабым зарыве, якое ўсё мацнела, што мільгнуў двухногі цень і што гэты цень меў на галаве кепку казырком назад.