Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 147
Перейти на страницу:

«А, чорт! Ну гэта трэба праверыць. Толькі трэба крыху пачакаць, пакуль ты не зоймешся сваёй справаю ўпрытык».

Я выйшаў на сярэдзіну двара і прысеў там за купаю бітай цэглы, трымаючы ліхтар напагатове.

Цярпенне маё было ўзнагароджана. Ішлі хвіліны, і не ведаю, колькі іх там праплыло. І раптам ці не ў байніцы «маёй» падазронай трэцяй вежы, здаецца, міргнуў на імгненне агеньчык, а пасля адтуль даляцелі глухія ўдары чагосьці цвёрдага аб камень. «Можа, ломам? І чаму тады, падчас інцыдэнту, бурылі таксама тут?»

Красціся ў той бок было вельмі нязручна. Ногі небяспечна падварочваліся на камянях.

Вось і цёмная дзірка ўвахода. Нясе брыдкай тхланню, нібы са спрадвеку не чышчанай прыбіральні. Я слізнуў у вежу. Сапраўды, аднекуль удары. І зверху, і нібыта аддаецца знізу.

«Прабівае нехта мур? Нашто?»

Прамень майго ліхтара ўпаў на мур — так, свежыя адколіны на цэгле. І ўдары, глухія, нібы з самой сцяны, адразу заглухлі.

Я павёў ліхтаром угару, па слупе абваленай вінтавой лесвіцы, туды, дзе люк, што вядзе ў ніжні ярус вежы. Люк чарнеў непрагляднай цемрай.

І раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпна яркі сноп святла. Асляпіў.

Я адступіў ад яго хутчэй машынальна, але, па дурасці, ліхтара не згасіў. І тут жа на тое месца, дзе я толькі што стаяў, глуха вухнуўшы, упала вялікая каменная брыла са слядамі свежаадбітай цамянкі.

Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. І зноў адтуль, у адказ, меч святла. Дуэль ліхтароў. Зноў я, нібы прадчуваючы нешта, адскочыў. І тут жа нешта дзынкнула ў сценку. Ледзь не па тым месцы, дзе толькі што была мая галава. Павёў туды ліхтарык — мокрая пляма на камені, а ўнізе падрузгатаная пляшка і — з жахлівай яснасцю — этыкетка з надпісам «Ласітэ».

Грукат недзе наверсе. Ніжэй і ніжэй. Цішыня.

Нягледзячы на цішыню, лезці туды аднаму наверх было б шаленствам. І я, нясолана сербануўшы, выбраўся вонкі.

Поўня ўжо была досыць высока. Няпэўнае святло яе скрала брыдоту запушчанага двара з гноем і купамі камення. І, наадварот, падкрэсліла ўсю пачварную веліч гэтых муроў і вежаў. Няроўныя муры, вежы, як гранчатыя скалы, цёмная палоса галерэі.

Мне захацелася быць у першым лепшым месцы, абы не тут.

І я пайшоў.

«„Ласітэ“. „Кропелька“ па-латышску. Адкуль у Лапатухі, калі гэта быў Лапатуха, латышская паляўнічая гарэлка? Ды яшчэ й рэдкая».

Хацелася яшчэ раз акінуць позіркам увесь гэты чыгунна-чорны гмах. Пры месячным святле. Я азірнуўся. Там, дзе падала святло, чэрнь была з адлівам у блакітнае. У зацемненых месцах, у нішах і на галерэі, панавала безвыходная цемра, так што раптам уставала перад вачыма своеасаблівая рэльефнасць гэтай махіны.

І тут я не паверыў сваім вачам. У цёмным правале галерэі, ад вонкавых сходаў, што вялі на яе, павольна паўзлі два цені, цьмяна-светлы і чорны.

Ногі мае прыкіпелі да месца. Цені, сапраўдныя цені, ішлі па гульбішчы. Аслупянеўшы, я прастаяў на месцы невядома колькі. І толькі потым кінуўся да шырокіх, месцамі павыбіваных сходаў. Забыўшыся на магчымую небяспеку, забыўшыся на ўсё, акрамя адзінай думкі: убачыць, праверыць, схапіць.

Узляцеў. Нічога. Толькі дымнае святло блукала аркадамі. І цемра ляжала пад скляпеннямі. І нічога болей. Ані душы, хаця выйсці ім не было куды, акрамя сходаў, якімі ўзбег я.

Нічога і нікога.

«Чорт пабірай, — думаў я, ідучы да плябаніі, — значыць, усе яны мелі нейкую рацыю, калі гаварылі. І Мультан, і іншыя, і даўні паэт. Вось вам і паршывы беларускі рамантызм?! Ці гэта ўжо я супрычасціўся да мясцовага вар'яцтва?

У ноч, калі чорныя дрэвы ціха дрыжаць ад жаху, Па галерэях праходзіць дама з чорным манахам.

Халера б вас пабрала! Усіх!»

…Заўтрашні дзень прыйшоў ясны і сонечны, у рэдкім пошуме маладой, свежазялёнай лістоты. У «маю» вежу адправіліся і Сташка з кампаніяй, і Мультан з мультаняняткамі, і нават сам старшыня Альшанскі.

І поўны канфуз. Ніхто б не паверыў мне, каб не свежыя адколіны ўнізе, святлейшая колерам, незапыленая цэгла. Але ўсё астатняе было ўсім, чым хочаш, толькі не тым, што яшчэ ноччу я бачыў на свае вочы. На доле грувасцілася гара каменных асколкаў, друзу, цамянкавага пылу. Велізарная каменная брыла, цэлы валун, заторкнула, нібы корак бутэльку, лесвічны люк і небяспечна вісела над галавой. Відаць, абурыліся перакрыцці другога, а можа, і трэцяга ярусаў. Разбіраць гэты хаос знізу было смерці падобна. Зверху доступу туды не было.

1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)