Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 147
Перейти на страницу:

— І нікому ў галаву не цюкнула, — сказаў я, — што ані хвіліны без аховы, што старая павінна вісець да новай?

І сам зразумеў, што нікому.

— Ну а Ганчаронак што ж? — спытаў я.

— Ат, — махнуў Альшанскі рукою, — хоча ўсё жыццё гераічным «гестапаўскім» перыядам жыць. Ён і падтрымаў мяне, калі я завагаўся на хвіліну, а ці варта ў той бандуры праход бурыць. Кажа: «загад»… Але — плюньце. Тым больш, такое здарылася пры гэтым. Але лекары ў нас добрыя…

— Плюну.

— Ну а куды вы сёння?.. — спытаў старшыня.

— Вось памыюся да пайду на аўтобусны прыпынак. Хачу на пару дзён у Менск.

— Нашто? Гэта вы адтуль можаце да Кладна, а адтуль аўтобусам, — сказаў старшыня, — зручней да станцыі. Езна. Дваццаць кіламетраў — і проста на Менск.

— Нічога сабе зручней.

— Дык сёння туды наш грузавік паедзе, машыны прымаць. І вось Ганчаронак паедзе, Высоцкі, Шаблыка. Шаблыка па школьныя прылады. Загадзя. На будучы год. Мы гэтага «ўзахапы і напярэймы» не любім. Даедзеце якраз да цягніка вячэрняга. Дый на будучыню, вось Высоцкі, наш «возны», прашу шанаваць. Кожны дзень у Альшаны, у іншыя месцы па акрузе, кожныя два-тры дні — на станцыю. І «казёл» ёсць і «Масквіч», а часам даводзіцца й так «аўсянай парай».

Уздыхнуў:

— Падманула нас чыгунка. Дайшла калісь да Езна, а пасля вільнула на паўночны захад і пайшла, пайшла ўсё далей, аж да Кладна. А адтуль аўтобусам — самі ведаеце. А каб да нас — быў бы ўжо, можа, някепскі гарадок.

— Калі будзе магчыма — скарыстаюся.

…Праз гадзіну Шаблыка, Высоцкі, Ганчаронак і я ўжо трэсліся ў кузаве грузавіка.

Ніхто не захацеў лезці ў кабіну да шафёра, бо майскі надвячорак стаяў надзіва цёплы.

Я ўспомніў словы з той паэтычнай легенды:

Слуцкай брамай начною таемна яны уцякалі: Месяц у хмарах нырае, а хмары імкнуць, нібы хвалі.

— Слухайце, Шаблыка, ёсць у замку Слуцкая брама? І чаму — назва? Брама ж адна.

— Ёсць. Праўдзівей, была. Слуцкая, або Нясвіжская. Адтуль калісь вёрст праз дзесяць была паваротка на Нясвіж — Слуцак. Пасля яе цэглай заклалі. Як і другую. Адна толькі трэцяя засталася. Галоўная. Слуцкая — гэта другая з таго боку, што супраць Галоўнай.

Зараз я быў амаль упэўнены, што гэта менавіта ў ёй гарэў начны агеньчык, бачны з аднаго пункта дарогі. І ў суседняй уваход у падзямелле.

— З тым бокам, напэўна, і ваенная гісторыя звязана, — сказаў Шаблыка. — Дошку ў пары кіламетраў ад вёскі бачылі?

— Бачыў.

І сапраўды, стаіць невялічкі абеліск з шэрага бетону, і ў яго ўмуравана мармуровая дошка:

«На гэтым месцы пахаваныя чатырыста савецкіх грамадзян, па-зверску забітых 15 ліпеня 1944 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Вы стаялі да скону, Як гэта належыць людзям. Спіце спакойна, Радзіма пра вас не забудзе».

— То немцы з вёскі ўсіх людзей у апошнія дні выгналі. Думалі — страляць. Але не. Толькі прымусілі ў чыстым полі пад аховай пражыць тры дні. Сёй-той у аблаву не трапіў, бадзяўся ў лесе, але ў Альшанку ісці баяўся. То яны бачылі, як ішлі ў напрамку замка грузавікі пад аховай. Шмат. Штук сорак-пяцьдзесят. Ведаеце, гэтыя нямецкія, тупарылыя. А да таго, як яны ехалі, прыгналі туды вялізную калону людзей. А пасля, дужа здалёк, стрэлы. На зыходзе трэцяга дня. І назад ужо — ніхто. Ведаеце, можаце здагадацца, што гэта было.

— Ведаю, айнзацкаманды дабро і архівы хавалі.

— Чаму? Маглі ж вывезці? Хаця не. Кладна тады было ў напаўкатле, — думаючы ўголас, сказаў Шаблыка. — Дай бог вывесці хаця б частку войска.

Машына пачала раздзіраць фарамі прызмерак, які няўлоўна гусцеў.

— І яшчэ адно, — сказаў я. — Ці не звязана гэтая гісторыя з іншай, вельмі даўняй. Альшанскі з немцамі супрацоўнічаў?

— Ну.

— Мог быць і пры сховах і пры расстрэле. Я тут разгадваю адну цікавую галаваломку трохсотгадовай даўнасці. Страшнаватая. І шмат каму яна каштавала жыцця.

— І разгадалі? — нечакана спытаў Высоцкі. (Мы думалі, што тыя дрэмлюць.)

— Амаль.

— Разгадка, відаць, не на сярэдняга чалавека, — сказаў ён.

— Ну, нашто так? Калі розум учэпісты, то якраз на такога. Ну і, вядома, сякія-такія веды трэба мець.

— Ну, тады гэта не нашага розуму справа. Шаблыкава унь хіба.

Езна было той невялічкай станцыяй (мала іх пасля вайны засталося ў Беларусі), дзе і дагэтуль на будынку вісіць звон, у кветніку з аднаго боку высяцца таўшчэзныя таполі, а ў маленькай зале чакання цьмяна і душна, і плача, канькае невядома чыё кацяня.

1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)