БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Палякі пакладалі на Напалеона вялікія надзеі і ў вайне супроць Расеі выступалі на баку французаў, верачы ў тое, што калі Напалеон выйграе вайну, дык адбудуець ім вялікую Польшчу. Але пляны ў Напалеона, відаць, былі іншыя. Ён, заняўшы Польшчу, дазволіў паляком арганізаваць Варшаўскае Княства, а заняўшы Беларусь 1.VII. 1812 г., абвесьціў загад, паводле якога мела паўстаць Вялікае Княства Літоўскае з асобным, зусім незалежным ад Варшавы ўрадам. Пачуўшы аб гэтым, палякі пачалі праводзіць акцыю «добраахвотнага» далучэньня Вялікага Княства да польскае кароны, зьбіраючы пад адпаведнымі просьбамі подпісы розных польскіх і спалёні-заваных беларускіх паноў і шляхты. Але і з гэтага нічога ня выйшла. Французы, разьбітыя каля Масквы, адступалі і вайну прайгралі, Расея ізноў заняла Беларусь і частку Польшчы.
Дачыненьні расейскіх царскіх урадаў да беларусаў пасьля напалеонаўскае вайны яшчэ больш пагоршыліся. Русыфікацыйная акцыя ўзмацнілася. Ваенныя-ж падзеі, праходы францускага і расейскага войска зусім зруйнавалі край. Здавалася, што ў такіх абставінах усё загіне, тым больш што і таленавіцейшыя сыны беларускага краю адыходзілі ад свайго народу і служылі чужым культурам: расейскай і польскай. Беларусь, аднак, не замерла, бо да нашага краю дакочваліся з далёкага захаду, з Францыі, новыя ідэі, новыя думкі, высунутыя там рэвалюцыйным рухам,— ідэі вольнасьці, роўнасьці і братэрства ўсіх народаў. Іх падхоплявалі некаторыя адзінкі з беларускай апалячанай шляхты, з беларускага каталіцкага духавенства лацінскага і славянскага (вуніяцкага) абрадаў, разважалі і пад іхным уплывам пачалі вяртацца на сваю родную беларускую ніву. Такія людзі знайшліся нават сярод прафэсароў Віленскага Унівэрсытэту. Гэта былі прафэсары: Даніловіч, Баброўскі, Ярашэвіч, Анацэвіч, Марціноўскі, Сасноўскі і іншыя. Яны цікавіліся мінуўшчынай беларускага народу і любілі свой край. Маючы-ж лучнасьць з студэнцкай моладзяй, сваё замілаваньне і зацікаўленьне да мінуўшчыны Беларусі прышчаплялі маладому пакаленьню, згуртаванаму ў арганізацыях «шубраўцаў», што дбалі аб маральным уздыме студэнтаў, «філёматаў» (аматараў навукі), «прамяністых» (ад слова прамень) і «філярэтаў» (аматараў добрачыннасьці). Студэнты гэтыя думалі праз добрую адукацыю і дабрадзейнасьць палепшыць стан Бацькаўшчыны, а іхныя гурткі пашыралі зацікаўленасьць да Беларусі і думкі любасьці да звычаяў сваіх прашчураў, свае прыроды і мовы. У інструкцыі філярэтаў былі нават пункты пра зьбіраньне геаграфічных і этнаграфічных матэрыялаў аб Беларусі. З прычыны гэтых пунктаў палякі (варшавякі) рабілі ім закіды, што яны больш дбаюць аб сваім краі, як аб Варшаве. З гэных арганізацыяў выйшаў, між іншым, адзін з першых беларускіх паэтаў Ян Чэчат (1797—1847), родам з Наваградчыны. Быў ён калегам ведамага польскага паэта Адама Міцкевіча, сына нашага беларускага краю (паходзіў таксама з Наваградчыны), які, аднак, свой талент прысьвяціў польскай культуры. 3 арганізацыі філёматаў і філярэтаў выйшаў таксама і другі беларускі паэт і дзеяч Франціш Савіч, які, як і Ян Чэчат, за дзейнасьць на беларускай ніве быў сасланы расейскай уладай у Сібір. У гэтым больш-менш часе, калі дзеілі філёматы, прамяністыя і філярэты (пачатак XIX ст.), зьявіўся адзін з першых беларускіх літаратурных твораў новае беларускае літаратуры «Энэіда».
Вёска не магла спакойна пераносіць расейскіх і польскіх маральных, фізычных і эканамічных зьдзекаў. Сяляне зноў арганізавалі паўстаньні, лік якіх у 1826 г. дасягнуў да 85. Мала таго, з сялянскае масы пачалі выходзіць беларускія сялянскія песьняры. Такім песьняром быў Паўлюк Бахрым, сын вясковага каваля з м. Крошына каля Баранавічаў. Радзіўся ён каля 1805 г. Быў гэта гадунец беларускага ксяндза-народніка Магнушэўскага. Кс. Магнушэўскі, апрача рэлігійнае працы, цікавіўся грамадзкім рухам і меў кантакт з студэнцкай моладзяй Віленскага Унівэрсытэту; працуючы-ж на вёсцы ў Крошыне, залажыў ён школу і вучыў у ёй дзяцей чытаць, пісаць. Ён таксама чытаў і расказваў дзецям казкі і вершы.
Найбольш гэныя казкі і вершы любіў Паўлюк Бахрым. Вучыў іх напамяць, запісваў у свой сшытак ды ўрэшце сам пачаў пісаць вершы пабеларуску. Вершы падабаліся і ксяндзу, ён заахвочваў Паўлюка пісаць іх. Тымчасам гаспадар Крошына пан Завадзкі заганяў жыхароў Крошына ў паншчыну. Жыхары не паддаваліся гэтаму, бо яны мелі ад вышэйшага пана, князя Радзівіла, права жыць незалежна і мець сваю зямлю.