БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Завадзкі не хацеў шанаваць іхных правоў і сіламоц змушаў людзей прыймаць нявольніцтва. З гэтае прычыны каля 30-х гадоў XIX ст. у Крошыне паўстаў бунт. На ўціхаміраньне прыехаў спэцыяльны аддзел жаўнераў і да сьмерці біў бунтаўшчыкоў. Сярод забітых быў і бацька Паўлюка Бахрыма — Адам Бахрым. Хто выжыў пасьля гэнае бойкі, таго высылалі ў Сібір. Здушваючы бунт, царскія прыслужнікі даведаліся аб школе ксяндза Магнушэўскага і весткі аб ёй хутка пераслалі ў Вільню. Школай зацікавіўся сам школьны расейскі куратар Навасільцаў і рэктар унівэрсытэту праф. Пэлікан. Яны асабіста зьявіліся ў Крошын, каб на месцы пазнаёміцца з ёю і ейнымі вучнямі, якіх паны прадстаўлялі таксама бунтаўшчыкамі.
Ксёндз Магнушэўскі, не прачуваючы нічога кепскага, склікаў усіх вучняўу хоць гэта было ўлетку, і запрасіў Паўлюка Бахрыма, які працаваў на месцы бацькі ў кузьні, каб той прачытаў свае вершы аб майскім вечары і салаўі, што раней чытаў яму. Паўлюк Бахрым выняў запісаны цэлы сшыток і прачытаў верш, але не аб салаўі, а той верш, які напісаў пасьля сьмерці бацькі і пасьля сялянскага бунту:
«Заграй, заграй хлопча малы,
I ў скрыпачку і ў цымбалы,
А я заграю у дуду,
Бо ў Крошыне жыць ня буду,
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача
Дзе ж ты пойдзеш, небарача?
Дзе я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
Ў ваўкалака абярнуся,
Слёзна на Вас азірнуся
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьлівейшая б ты была,
Каб я каршуном радзіўся,
Я-б і без паноў абыўся
У паншчыну-б не пагналі,
I ў маскалі не аддалі
Мне пастушком век ня быці,
А ў маскалях трудна жыці,
А я і расьці баюся,
Дзе-ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажане, кажане!
Што-ж не сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс»
Не спадабаўся хіба паном Бахрымаў верш, але не паказалі гэтага на сабе, наадварот, дакляравалі паэгу заапеквацца ім, каб толькі ён аддаў свой сшыток з вершамі. I запраўды, яны заапекаваліся, забраўшы вершы. Пасьля іхнага выезду праз два дні прыехала паліцыя і Паўлюка забралі ў маскалі. Прабыў ён там 25 год, калі-ж вярнуўся — нікога з ягоных сваякоў і знаёмых жывых ня было. Усё-ж Бахрым пабудаваў на старым месцы кузьню і хутка праславіўся як вельмі добры майстар. Памёр Паўлюк Бахрым у 1891 г., пахаваны ў Крошыне каля касьцёла, у якім пакінуў па сабе вялікую каштоўную памятку, у форме прыгожае вялікае жырандолі. «Калі глядзіш на яе,— піша Юр. Віцьбіч у «Літаратуры і Мастацтве» 25.1.1941 у № 4 (503),— цяжка паверыць, што яна зробленая з кавальскага зялеза і важыць пятнаццаць пудоў. Тонкія вінаградныя лісты і галіны пяшчотна пераплятаюцца паміж сабою. Яны нагэтулькі натуральный, што рука міжволі цягнецца да ягадаў і зьдзіўляе, як каля біблійнага вінаграду з далін Палестыны апынуліся жаўрукі з палёў Наваградчыны. Птушкі сядзяць, схіліўшы ўперад галовы, нібы зьбіраюцца зараз імкліва ўзьляцець да небасіні і там прасьпяваць над роднай зямлёй свае шчырыя песьні. Зьверху жырандолю ўвенчвае карона з гэрбамі, а ўнізе на ёй ідзе паўкругам ажурны надпіс лацінскімі літарамі: Павал Бахрым выконваў у Крошыне ў 1881 годзе».
Ці пісаў больш Бахрым — няведама. Хіба што не, бо царскі перасьлед забіў у ім усе прыгожыя творчыя літаратурныя парываньні. Факт гэты і падзеі ў Крошыне выразна паказваюць нам, як паны і царскія расейскія прыслужнікі нішчылі беларускія таленты і як цяжкое было тады палажэньне беларускага сялянства.Палякі хоць і мелі большую свабоду, чымся беларусы, але таксама былі незадаволеныя з расейскае ўлады, і ў 1831 годзе зарганізавалі даволі вялікае паўстаньне супроць Расеі. Аднак польскае паўстаньне, таксама як і беларускія сялянскія паўстаньні, расейцы задушылі.
Пасьля гэтага расейскі перасьлед за царом Мікалаем I (1825—1855) яшчэ больш завастрыўся. Так, у 1832 г. быў зачынены Віленскі Унівэрсытэт. Вунія ліквідавалася самымі жорсткімі спосабамі і перакупствам духоўнікаў. Завяршэньнем ліквідацыйнай акцыі быў загад у 1839 г., які забараняў гаварыць пабеларуску казаньні ў цэрквах і касьцёлах. У 1840 г. ізноў была афіцыяльна спыненая важнасьць беларускага Статуту Вялікага Княства і забаронена карыстацца ў судох старадаўным беларускім правам на абшарах Беларусі і Летувы. Нават назоў для нашага краю расейцы ўстанавілі вузка рэгіянальны: «Северо-Западный Край».
Беларуская мова была выгнаная з урадаў, цэркваў і касьцёлаў, а таксама і з школаў. Беларусаў не дапушчалі да асьветы, закрываючы адначасна доступ да беларускае гісторыі, да беларускае мінуўшчыны. Беларускія кніжкі бяз жалю нішчыла варожая расейская рука.