Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
У ранішняй дрымотнай цішыні выразна затупалі боты, зверху глухавата данесліся галасы, гучней заляскалі дзверы. Тут, у склепе, найбольш былі чутны гэтыя дзверы, часам ад іх асабліва моцнага стуку ажно сыпалася са столі. Рыбак не спаў - падкурчыўшы ногі, моўчкі ляжаў на баку пад сцяной і слухаў. Цяпер уся яго ўвага перайшла ў слых. У акенцы патроху святлела, мусіць, на дварэ ўжо развіднялася, і ў гэтай іхняй каморы таксама стала што-колечы бачна. З ранішняй шэрасці вынікалі бязладныя, нібы скамечаныя постаці арыштантаў: Дзёмчыхі пад сцяной насупраць, далей у куце патроху варушылася высокая кучомка Пётры; Басі, праўда, амаль не было відаць у густым яшчэ змроку пад акенцам. Сотнікаў, як і раней, ляжаў на спіне побач і дыхавічна сіпеў. Каб не гэтае яго сіпенне, можна было б падумаць, што ён нежывы. Наставаў трудны, мабыць, апошні, дзень іх жыцця, яны ўсе адчувалі тое і прымоўклі, кожны паасобку перажываючы сваю паныласць і сваю бяду.
Боты наверсе затупалі часцей, усё грукалі дзверы. І раптам у склеп уварвалася гамана з панадворка. Рыбак падняў голаў, прыпёрся патыліцай да сцяны. Слоў нельга было разабраць, але было відавочна, што паліцаяў там назбіралася больш, чым учора. Што яны ўдумалі рабіць? І чаму ніхто яшчэ не спусціўся ў склеп? Быццам забыліся на іх.
Нехта прайшоў па-над самай сцяной, чутно было хрупасценне ботаў па снезе, непадалёк ад акенца штось стукнула, потым неяк дужа зблізку раздаўся грубы хрыпаты голас:
- Ды тут усяго толькі тры.
- А шуфля яшчэ была. Шуфлю паглядзі.
- Што мне шуфля! Рыдлёўкі трэба.
Нешта гучна залязгала, потым прарыпелі крокі, і зноў паблізу ўсё сціхла. Але гэта кароткая размова тужлівым спалохам ускалыхнула Рыбака - нашто рыдлёўкі? Рыдлёўкі толькі на тое, каб капаць, а што цяпер можна капаць? Акоп? Канаву? Магілу? Пэўна, магілу, але каму?
І тут ён успомніў: мабыць, сканаў той паліцай.
Ён павярнуў голаў, няўцямна паглядзеў перад сабой. Дзёмчыха з-пад пакамечанае хусткі гэтак жа трывожна-напружана глядзела на яго; у куце застыў, не варухнуўся Пётра. Ніхто не сказаў ні слова, усе ўслухоўваліся, тоячы ў душы страх і няпэўнасць.
Гэтая іх няпэўнасць цягнулася, аднак, нядоўга. Праз якую хвіліну за сцяной зноў затупалі, ды так пэўна, што ні ў каго не ўзнікла сумнення - ішлі ў склеп. Калі забразгалі першыя дзверы, Рыбак хуценька сеў, адчуўшы, як нядобра страпянулася ў грудзях сэрца. Побач пачаў варушыцца і кашляць Сотнікаў. «Адчыняць - ірвануць, збіць з ног і - праз дзверы», - са спазнелай рашучасцю падумаў Рыбак, але тут жа зразумеў: не, так не выйдзе! А дзверы сапраўды ўжо адчыніліся, у камеру шыбанула сцюжай, зімовай свежасцю, і няяркае святло адразу высвеціла іхніх пяць шэрых устрывожаных твараў. У дзвярным праёме стаяў спрытны Стась, за ім хмура глядзеў яшчэ нехта з вінтоўкаю на плячы.
- Генуг спаць! - ва ўсё горла зароў паліцай. - Адаспаліся! Выходзь: ліквідацыя!
«Значыць, не ашукаліся, сапраўды канец, - пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. - Каб каго аднаго, а калі ўсіх, значыць...» Ён расслаблена абвяў, раптам страціўшы ўсе сілы, з натугай падабраў бліжэй ногі, паправіў шапку на галаве і толькі потым абапёрся на салому, каб устаць.
- Ану, выскоквай! Дабравольна, але абязацельна! - тым часам крыкліва падганяў Стась.
Пётра ў куце першы ўзгробся на ногі, заенчыўшы, пачала ўставаць Дзёмчыха; трудна паднімаючыся, заляпаў рукамі па сцяне Сотнікаў. Рыбак няўцямна зірнуў на яго збалелы, страшны, як у мерцвяка, твар, на якім, нібы ў вар'ята, ліхаманкава гарэлі запалыя спакутаваныя вочы, і, нешта не дадумаўшы і не адчуўшы, ступіў да выхаду.
- Давай, давай! Дваццаць хвілін асталося! - падганяў паліцай, уваходзячы ў іхняе смярдзючае стойла. - Ну, ты, аднаногі! Жыва!
- Прэч рукі! Я сам! - прахрыпеў Сотнікаў.
- А ты, жыдзяня, чаго жджэш? Ану, вымятайся! Не хацела прызнавацца, будзеш на вяроўцы гутатацца, - Стась засмяяўся са сваёй красамоўнасці і тут жа вызверыўся: - Гэць, юда паршывая!
Па слізкіх заснежаных прыступках яны вылезлі на падворак. Рыбак вяла пераступаў нагамі, не зашпільваючы паўшубка і не заўважаючы паветранай свежасці, якая пасля ночы ў смярдзючым склепе ап'яняла яго, і ён памалу хістаўся з боку ў бок. Насупраць ад увахода ў склеп стаяла чалавек шэсць паліцаяў з вінтоўкамі. Яны чакалі. Ціснуў невялікі марозік, надвор'е было хмарнае і ветранае, з каміноў над стрэхамі апантана імкнулі рваныя космы дыму.