Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Сотнікаў
Сотнікаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сотнікаў

Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:

Аповесць Сотнікаў - аповесць-разважанне аб вечных філасофскіх пытаннях - цане жыцця і смерці, баязлівасці і гераізме, вернасці абавязку і здрадзе, - пытаннях, з усёй варожасцю зададзеных героям Васіля Быкава вайной.
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 67
Перейти на страницу:

Тупаючы па драўляных прыступках, паліцаі сходзілі з ганка, і раптам у адным з іх, што гэты раз таксама быў у новенькай паліцэйскай форме, Рыбак пазнаў Партнова. Ну безумоўна, гэта быў той самы ўчарашні следчы, які гэтак абнадзеіў яго і цяпер нібы адступіўся, забыўшыся на сваю прапанову. Рыбак як згледзеў яго, дык ажно страпянуўся і памкнуў наперад. Была не была - цяпер яму ўжо не здавалася ні страшна, ні нават няёмка.

- Гаспадзін следчы, гаспадзін следчы! Адну хвілінку! Вы гэта ўчора гаварылі, дык я згодны. Бо я тут, яй-богу, ні пры чым. Вунь ён жа пацвердзіў.

Чыны, што ўжо кіравалі купкаю са двара, зноў незадаволена, па адным сталі спыняцца. Спыніўся і Партноў. Новы паліцэйскі шынелак быў яму яўна вялікі і даволі нязграбна сядзеў на яго мізэрнай постаці, чорная пілотка тырчала ўбок, але ў абліччы следчага яшчэ пабольшала начальніцкай важнасці, нейкай паказной суровасці. Высокі перахлябісты немец у вайсковым запытальна павярнуўся да яго, і следчы нешта бойка растлумачыў яму па-нямецку.

- Падыдзіце сюды!

Пры пільнай увазе з абодвух бакоў Рыбак падышоў бліжэй да ганка. Кожны яго крок нейкім страхавітым шматзначным ударам адгукаўся ў ягонай душы. Нітачка яго яшчэ не ўзмацнелай надзеі напялася, гатовая назаўжды абарвацца.

- Вы згодны ўступіць у паліцыю? - па-ўчарашняму жорстка свідруючы яго вочкамі, запытаў следчы.

- Згодзен, - з усёю шчырасцю, на якую толькі быў здольны, адказаў Рыбак.

Ён таксама не зводзіў свайго амаль адданага позірку з нясвежага і немаладога, хоць і добра паголенага твару Партнова. Той і немец яшчэ нешта перагаварылі па-нямецку.

- Так. Развязаць!

- Сволач! - як удар, стукнуў яго ў патыліцу нягучны злы вокліч. Гэта, вядома, Сотнікаў, які тут жа і выдаў сябе знаёмым кашлем.

Але хай! Нешта пагрозлівае і цяжкое, што гэтак блізка падступілася да Рыбака, стала аддаляцца, ён хапіў ротам паветра і адчуў, як нечыя рукі тузанулі ззаду вяроўку. Але ён не азірнуўся нават. У радасным нечаканым змярцвенні ён адчуваў толькі адно: будзе жыць! Развязаныя рукі яго збалела апалі ўздоўж цела, і ён зрабіў крок убок, падсвядома імкнучыся адасобіцца ад іншых, - цяпер яму карцела быць як мага далей ад усіх. Здаецца, усё было шчасліва і хутка вырашана, ён адышоўся яшчэ на тры крокі, і ніхто не спыніў яго. Нехта з начальства павярнуўся, каб ісці да варот, як раптам ззаду раздаўся здзічэлы крык Дзёмчыхі:

- Ага, дык яго пускаеце! Тады пусцеце і мяне! Пусцеце! Я скажу, у каго яна хавалася! Во гэта! Я скажу! У мяне малыя, а Божачка, на каго ж яны...

Яе роспачна адчайны крык зноў прымусіў усіх спыніцца, і найперш спыніўся Партноў. Высокі немец нешта незадаволена пракартавіў, і следчы падышоў да жанчыны.

- Ану, ану! Скажы, у каго?

- А развяжыце!

- Тарасюк! - кіўнуў галавой Партноў.

Паліцай, што вязаў Рыбака, падскочыў да Дзёмчыхі і хуценька вызваліў яе рукі ад вяроўкі. Тая разгублена ўзялася церці іх аб крысо кажушка. Але паліцаі і немцы чакалі са строгай нецярплівасцю на халодных, надзьмутых варожасцю тварах.

- Дык у каго хавалася? - напомніў Партноў.

- У гэтага, як яго...

- Дурное плявузгаеш, - ціха, але цвёрда сказаў Пётра. - Пабойся Бога.

- Дык гэта... У Хведара Бурака бытта.

- Якога Бурака? - нахмурыўся Партноў. - Бурака тут даўно ўжо і духу няма. Ану, падумай лепш.

Дзёмчыха патупілася і маўчала, а ўсе навокал напружана пазіралі на яе з варожасцю. Адзін толькі Рыбак быў да яе абыякавы - яму было ўсё роўна, ці яна скажа праўду, ці схлусіць. Вядома, бабе хочацца жыць, але ён ведаў ужо, што ашукаць іх трудна - тады нашто і пнуцца, не ўмеючы.

- Ну? - не трываў Партноў.

- Дык я ж сказала.

- Лжэш! Тарасюк!

Тарасюк, які напагатове стаяў за спіной жанчыны, усё зразумеў і ўчэпіста схапіў яе за рукі.

- Я ж сказала! Я сказала вам!! - закрычала Дзёмчыха. - Ах, каб вас пярун забіў! Што вы робіце? У мяне ж дзеці...

- Цыц, сука! - гыркнуў паліцай, бязлітасна падламваючы яе рукі. Дзёмчыха заенчыла, але хутка ўсё было скончана, і ён штурхнуў яе ад сябе. - Гатова!

- Вядзіце! - сказаў Партноў і павярнуўся да Рыбака. - Вы падсабіце таму, - паказаў ён на Сотнікава.

Рыбаку гэта мала спадабалася, ад Сотнікава цяпер ён хацеў трымацца далей. Але загад ёсць загад, і ён з гатоўнасцю падскочыў да нядаўняга свайго напарніка, узяў яго пад руку.

Праз шырока расчыненыя вароты іх павялі на вуліцу. Паліцаі з вінтоўкамі напагатове ішлі па абодва бакі, група начальства трохі прыадстала, прапускаючы іх наперад. Першы ішоў Пётра, высокі і стары, з белаю без шапкі галавой і заламанымі назад рукамі. За ім, давячыся ў плачы ад свае трагічнае роспачы, плялася Дзёмчыха, поруч у нейкай світцы з доўгімі рукавамі хуценька пераступала голымі нагамі апанураная Бася.

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 67
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)