Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Рыбак падтрымліваў пад руку Сотнікава, які неяк увачавідкі сцяўся, яшчэ болей змарнеў і, пакутліва кашляючы, стыргікаў на адной назе. Счарнелая яго босая ступня, нібы нежывая, нягнутка калупала пальцамі снег, пакідаючы ў ім ненатуральны па зіме след. Сотнікаў маўчаў, ні словам болей не абзываўся да Рыбака, і Рыбак не наважваўся загаварыць з ім. Ідучы разам, яны ўжо сталі па розныя бакі той рысы, якая раздзяляла людзей на сяброў і ворагаў. Рыбак хоць і адчуваў, нібы ён у чымсь правініўся, стараўся пераканаць сябе, што вялікай віны ў яго няма. Вінаваты той, хто нешта робіць для выгоды сабе ці па сваёй злой волі для іншых, а ў яго хіба выгода? Проста ён меў болей магчымасцяў і схітрыў, каб выжыць. Але ён не здраднік. Ва ўсякім разе, служыць ворагам ён не збіраўся. Ён усё чакаў, каб падпільнаваць зручны момант, можа, цяпер, а можа, трошкі пазней, - і толькі яны яго ўбачаць.
Сотнікаў усё болей выразна адчуваў, што не дамогся нічога. Ягоны намер, які гэтак натуральна вынік уначы і прынёс яму заспакаенне, лопнуў, як мыльная бурбалка. Відаць, ён чагосьці не зразумеў або недадумаў, магчыма, ён перацаніў уласную вартасць або недацаніў нізасць гэтых прадажнікаў. Вядома, паліцыя была марыянеткай у руках у немцаў і таму ігнаравала яго паведамленне - напляваць ёй на тое, хто з іх двух вінаваты, калі прыйшоў адпаведны загад або з'явілася патрэба ў ахвярах.
Люта пакутуючы ад болю ў назе, Сотнікаў ледзьве плёўся за ўсімі, стараючыся не надта апірацца на чужую цяпер і агідную яму Рыбакову руку. З усяе сілы ён намагаўся ісці сам. Тое, што адбылося ў двары паліцыі, зусім збянтэжыла яго - такога ён не прадбачыў. Безумоўна, ад страху ці нянавісці людзі здольныя на самае чорнае прадажніцтва, але Рыбак, здаецца, не быў ворагам, таксама як не быў баязліўцам. Інакш ён мог бы ўжо сотні разоў перабегчы ў паліцыю; ды і каб спалохацца, было нямала выпадкаў, аднак заўжды ён трымаў сябе, прынамсі, не горш за другіх. Тут жа, напэўна, чагосць не хапіла яму - вытрымкі ці прынцыповасці. А можа, справа ў далёкім шкурніцкім разліку дзеля свайго паратунку, ад якога заўжды патыхае здрадай? Але ёсць жа на свеце штосьці непамерна важнейшае за сваю шкуру.
Гарачлівая ўзрушанасць яго паступова сціхала, ён мусіў мірыцца з непазбежнасцю і ў дадатак да ўсяго пачынаў пакутаваць ад сцюжы. Ад слабасці на лобе выступіў пот, які паволі сох на марозным ветры, і галава ад таго калела да ламаты ў мазгах. І наогул вецер, здаецца, дашчэнту выдзьмуваў з яго ўсё назапашанае за ноч цяпло, цела зноў пачала біць дрыготка. Але ён стараўся датрываць да канца.
На пустой местачковай вуліцы яны перайшлі масток без пярылаў, далей з аднаго боку пачынаўся вузенькі скверык з натапыранай блытанінай марознага галля ўгары. Наперадзе на пагорачку стала відаць белая двухпавярховая камяніца; шырокае палотнішча фашысцкага сцяга трапяталася на яе рагу - мабыць, гэта была тутэйшая ўправа ці камендатура. Ля камяніцы варушыўся натоўп людзей. Згледзеўшы іх цераз голавы пярэдніх, Сотнікаў падзівіўся: якая патрэба сабрала іх столькі ў адно месца? Пасля ён падумаў, што, мажліва, сёння кірмаш. А можа, што здарылася? Ці, хутчэй за ўсё, сагналі насельніцтва, каб запалохаць расстрэлам? Калі так, хай страляюць, ім яшчэ лягчэй будзе прыняць смерць на людзях. Што ж да страху, дык яго і так хапае на вайне, і тым не менш барацьба разгараецца. На змену пакараным прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца.
Яны пляліся далей. Сотнікава ступня, нібы пратэз, нягнутка выкручвала ямкі ў рыхлым, расцёртым палоззем і конскімі капытамі снезе, нага гарэла пякучым нутраным болем і нязграбна падпарадкавалася яму. Відаць, ён усё ж перабольшваў свае сілы, калі ў пачатку наважыўся ісці сам, - цяпер ён амаль віснуў, падчэплены пад паху цвёрдай рукой Рыбака. Ад мосціка было трошкі ўгору, і стала яшчэ трудней, дыханне яго захліпалася, дарога слізгала з-пад ног. Ён спалохаўся, што не дойдзе, упадзе, тады прыб'юць на дарозе, як апошняга «дахадзягу», у канаве. Не, гэтага ён не мог дазволіць сабе, гэта было занадта. Сваю смерць, якой бы яна ні была, ён павінен сустрэць з салдацкай годнасцю. Гэта стала цяпер галоўнаю мэтай яго апошніх хвілін.
Па дарозе яны ўзышлі на пагорачак, параўняліся з беленай камяніцай і сталі. Сотнікаў, трудна выдыхнуўшы, прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць далей. Але канвойныя паліцаі таксама сталі, наперадзе пачулася нямецкая мова - некалькі чалавек, мабыць, начальства, асобнаю купкай чакалі каля будыніны. Насупраць цераз вуліцу ля штыкетніка, што агароджваў сквер, ля дзвюх аблезлых будак-ларкоў застылі ў нядобрай страхавітай увазе пяць-шэсць дзесяткаў людзей, якія таксама чагось чакалі. Стала падобна, што іх невялікая працэсія дашкандыбала да прызначанага ёй месца - дарогі далей ужо не будзе.