Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Што ж, трэба было сабраць у сабе апошнія сілы, каб з годнасцю прыняць смерць ад рук ворагаў. Вядома, іншага ён і не чакаў ад гэтых вылюдкаў - пакінуць яго жывым яны не маглі - маглі хіба закатаваць, знявечыць, прыбіць у той катоўніцкай каморы Будзілы. А так, можа, і няблага. Куля імгненна і без пакут абарве жыццё - не самы горшы з магчымых, ва ўсякім разе, звычайны, салдацкі канец на вайне.
А ён, дурань, баяўся калісь за сваё жыццё, калі мог лёгка і неўпрыкмет загінуць у баі, да апошняй хвіліны змагаючыся з ворагам. Цяпер такая пагібель са зброяй у руках здалася яму раскошай. Ён амаль ужо зайздросціў тысячам тых шчасліўцаў, што знайшлі свой канец на шматлікіх палях баёў. Сам жа, выходзячы з бою жывым, ён таіў у сабе ціхенькае задавальненне, што куля абмінула яго. Але што яму далі гэтыя лішнія месяцы жыцця, поўныя штодзённых трывог, дробных і вялікіх пакут, сцюжы і голаду, якія завяршаліся цяпер усё тым жа банальным на вайне вынікам - смерцю.
Праўда, за пяць партызанскіх месяцаў ён нешта зрабіў для свайго абавязку грамадзяніна, байца і камуніста. Хай не так, як хацеў - як дазволілі акалічнасці: некалькі ворагаў усё ж знайшло смерць і ад яго рукі. Толькі гэта і суцяшала, гэта наогул апраўдвала яго дваццаціпяцігадовае існаванне на свеце. Бо што яшчэ карыснага ён зрабіў людзям, калі не пасадзіў дрэва, не выкапаў калодзежа, не забіў ніводнай вужакі - без чаго, паводле ўсходняга павер'я, нельга лічыць удалым ніводнае жыццё на зямлі.
На яго долю выпала нямала нялёгкага, нават жахлівага. Але быў абавязак. Ён вызначаў там, дзе было надта заблытана, ён вёў, калі не свяціла ніводнае сцежкі, ён вымагаў на амаль немагчымае.
Ды вось прыйшоў канец і яму.
Пагібель яго пэўным чынам цягнула за сабой крушэнне ўсяго, што мела хоць якія-небудзь адносіны да яго асобы, - беззваротна адыходзіў у нябыт навакольны свет з яго мінулым, сучасным, а таксама будучым. І ён думаў, што калі жыццё не надта збяднее ад знікнення яшчэ адной не вельмі значнай істоты, якая толькі магла, але нічым не ўзбагаціла яго, дык ён, Сотнікаў, траціць усё, каб ніколі больш не набыць нічога.
Але цяпер, калі ён дайшоў да канца, быў ледзь жывы ад хваробы, раны і знямогі, ён стаў адчуваць у сабе нейкія новыя, не знаёмыя дагэтуль якасці. Найперш знікла няпэўнасць, якая заўжды прыгнятала яго на вайне, калі нават самае блізкае будучае хавалася ў расплывістым тумане невядомасці. Цяпер жа ўсё было пэўна і катэгарычна, смерць усё вызначала навек. Каб не цешыць сябе пустымі надзеямі, ён адмёў усе ўласцівыя жыццю ілюзіі, ведаў: наперадзе нішто. Нейкім чынам гэта здавалася нават палёгкай, бо дало магчымасць строга вызначыць яго выбар. І калі што яшчэ турбавала яго, дык гэта некаторыя абавязкі ў адносінах да людзей, што воляю лёсу ці выпадку апынуліся цяпер побач. І ён зразумеў, што найперш, мабыць, трэба вызначыць свае адносіны да іх, бо гэтыя адносіны, відаць, і стануць апошняю праявай ягонага «я» перад тым, як яно знікне навек.
Пагадзіўшыся са сваёй смерцю, ён на некалькі кароткіх гадзін прыдбаў сабе як бы нейкую незалежнасць ад драпежнае сілы ворагаў. Цяпер ён мог поўнаю мерай дазволіць сабе такое, што іншы раз абцяжарвалася абставінамі, непакоем за ўласнае жыццё; цяпер ён адчуваў новую магчымасць, непадуладную ні абставінам, ні ворагу і нікому ў свеце. Ён ужо не баяўся нічога, і гэта давала яму пэўную перавагу над іншымі і над сабой ранейшым таксама. Вядома, то была перавага смяротніка, але яна была, мабыць, галоўнай і ўжо напэўна апошняй рэальнай каштоўнасцю ў яго жыцці. Праўда, ён разумеў, што карысці яму з таго, мусіць, будзе не шмат, сабе ён ужо нічым не мог памагчы, але, мабыць, ён мог яшчэ нешта зрабіць для іншых. І Сотнікаў проста і лёгка, як штосьці элементарнае і зусім лагічнае ў яго становішчы, прыняў апошняе цяпер рашэнне: узяць усё на сябе. Заўтра ён скажа следчаму, што хадзіў у разведку, меў пэўнае баявое заданне, у перастрэлцы раніў паліцая, што ён - камандзір Чырвонай Арміі і ненавідзіць фашызм - хай расстраляюць яго. Астатнія тут ні пры чым.
Па сутнасці, гэта было ахвяраванне дзеля паратунку другіх, але не менш, чым другім, яно патрэбна было і яму самому. І справа тут не ў наіўных ілюзіях - проста ў Сотнікаве ўсё пратэставала ад адной толькі думкі, што ягоная смерць стане марнаю выпадковасцю па волі гэтых п'яных прыслужнікаў. Як і кожная смерць у барацьбе, яна павінна нешта сцвярджаць, нешта адмаўляць і па магчымасці здзейсніць тое, што не паспела здзейсніць жыццё. Інакш - навошта тады жыццё? Надта трудна даецца яно чалавеку, каб безразважна ставіцца да яго канца.
Было халаднавата, час ад часу ён скаланаўся і глыбей лез пад шынелак. Але, як заўжды, прынятае рашэнне дало палёгку, самае пакутнае на вайне - няпэўнасць - цяпер адступілася ад яго. Ён ужо ведаў, дзе адбудзецца яго апошняя сутычка з ворагам, і ведаў, якія зойме пазіцыі. З іх ён не саступіць. І хоць гэты паядынак не абяцаў яму вялікай перамогі, ён быў спакойны. У бобікаў зброя, сіла, але ў яго таксама ёсць на чым пастаяць у канцы. Ён іх не баяўся.