Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Рыбак стаў перад ганкам, побач спыніліся Дзёмчыха і Бася, якая цяпер прыкметна тулілася да жанчыны, зябка горнучы адна да адной босыя скарэлыя ступні. Пётра са спаважнай паныласцю ва ўсім сваім старэчым абліччы стаў трошкі наводдаль. Стась, лаючыся, вывалак па прыступках Сотнікава, якога тут жа зморана кінуў на снег. Але той з натугай узгробся на ногі і выпрастаўся ў сваім пакамечаным, скрываўленым шынялі.
- Дзе следчы? Паклічце следчага! - сказаў ён глухаватым голасам.
Рыбак спахапіўся, што і яму таксама вельмі трэба да следчага, і, стараючыся як мага лагодней, загаварыў да паліцаяў:
- Вядзіце нас да следчага. Ён учора казаў.
- Завядзём, а як жа! - са з'едлівай шматзначнасцю намякнуў вепрукаваты паліцай. Ён ляснуў па пале вяроўчынай, якую трымаў у руцэ, і рашуча ступіў насустрач. - Ану, рукі!
Рабіць нечага было, Рыбак даў рукі, той хвацка заламіў іх назад і з дапамогай другога пачаў туга скручваць за спіной. Рыбак паморшчыўся не так ад болю ў запясцях, як ад скрухі, што ахапіла яго, - гэта ж сапраўды быў канец.
- Далажыце следчаму. Нам патрэбны следчы, - вымавіў ён не дужа, аднак рашуча, усё болей адчуваючы, як зямля хінецца кудысь з-пад яго ног.
Але паліцай злосна тузануў ззаду.
- Позна! Адследчыліся!
- Як гэта - адследчыліся?! - зазлаваў Рыбак і зірнуў цераз плячо: нейкая няголеная ў белай шчэці морда, лыплівыя, зусім свінаватыя вочкі, у якіх таіліся нахабства і пагарда да яго, - крыкам такога не спалохаеш. І тады ён з жахам тапельца ўхапіўся за адзіную сваю магчымасць - прасіць.
- Ну паклічце Партнова. Я вас прашу. Людзі вы ці не?
Але да Партнова, мусіць, было далей, чымсі да смерці. Ніхто яму не адказаў нават.
Між тым рукі яго былі ўмела і туга скручаны тонкай вяроўчынай, якая балюча ўелася ў скуру, і яго адпіхнулі ўбок. Узяліся за Дзёмчыху.
- Ты, кліч сюды следчага, - з апантанай настойлівасцю патрабаваў Сотнікаў ад Стася, які з вінтоўкай за плячом завіхаўся ля Дзёмчыхі.
Але той нават не зірнуў на небараку, ён, як і ўсе яны тут, нібы аглух да іх просьбы, нібы гэта былі не людзі, а якая жывёла. І гэта яшчэ болей пераканала Рыбака, што справы іх дрэнь. Будзе смерць... Але як жа тады?.. Чаму ж ён не рашыўся, калі былі вольныя рукі?
Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла яго. Нешта ў ім жаласна затрымцела ўнутры ад усведамлення нейкай сваёй памылкі, і ён разгубленым позіркам залыпаў наўкола. І тады на ганак адзін за адным з памяшкання пачало выходзіць начальства - нейкія чыны ў новай паліцэйскай форме: чорных караткаватых шынялях з шэрымі каўнярамі і такімі ж абшлагамі на рукавах, пры пісталетах; за імі выйшлі чацвёра немцаў, мабыць, афіцэраў, у даўгіх шынялях і фуражках з высока задраным верхам. Чалавекі са тры, апранутыя ў цывільныя паліто і захутаныя шалікамі, баязліва пазіралі на немцаў і трымаліся збоч, нібы госці, запрошаныя на чужое свята. Паліцаі на падворку зважліва пацішэлі, прыкметна выцягнуліся.
Нехта спяшаючыся палічыў ззаду:
- Раз, два, тры, чатыры, пяць...
- Усё гатова? - запытаў з ганка плячысты паліцай з маленькім кабурам на жываце.
Менавіта гэты кабур, а таксама постаць дужага, віднага сярод другіх чалавека далі Рыбаку зразумець, што гэта начальнік. Толькі ён падумаў пра гэта, як ззаду сіпата загаманіў Сотнікаў:
- Начальнік, я маю зрабіць паведамленне!
Той адразу спыніўся на прыступках, калянуў арыштанта цяжкім уладным позіркам.
- Што такое?
- Я параніў вашага паліцая. Я партызан! - не дужа гучна сказаў ён і кінуў у бок Рыбака: - Той выпадкам тут апынуўся, я магу растлумачыць. Астатнія зусім ні пры чым. Калі караць, дык карайце аднаго мяне.
Начальства на ганку прымоўкла, двое пярэдніх немцаў насцярожана пераглянуліся, Рыбак адчуў, як прыемная, амаль выратавальная іскрынка ўзгарэлася ў ім і адразу запаліла слабенькую яшчэ надзею: а можа, павераць? Ад гэтага яго радаснага пачуцця з'явілася ціхая ўдзячнасць Сотнікаву за яго заступніцтва.
Аднак насцярожаная цікаўнасць начальніка хутка змянілася нецярплівай строгасцю ў яго цвёрдым, поўным рашучасці позірку.
- Гэта і ўсё? - холадна запытаў ён і саступіў з прыступкі на снег.
Сотнікаў нібы заікнуўся ад нечаканасці.
- Магу расказаць падрабязней.
Адзін з немцаў незадаволена буркнуў, і начальнік махнуў рукой.
- Вядзіце!
«Ось так, не хоча нават і слухаць...» - падумаў Рыбак. Мабыць, ужо ўсё вырашана загадзя. Але як жа тады ён? Няўжо яму так нічым і не паможа гэтае заступніцтва Сотнікава?