Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Сотнікаў
Сотнікаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сотнікаў

Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:

Аповесць Сотнікаў - аповесць-разважанне аб вечных філасофскіх пытаннях - цане жыцця і смерці, баязлівасці і гераізме, вернасці абавязку і здрадзе, - пытаннях, з усёй варожасцю зададзеных героям Васіля Быкава вайной.
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 67
Перейти на страницу:

Знямогла ўгрэўшыся пад шынелкам, ён зноў неўпрыцям заснуў.

Прысніўся яму недарэчны блытаны сон.

Трохі нават дзіўна было, што менавіта такі мог прывярэдзіцца ў апошнюю ноч. Некалі ўсё згадваў, які з яго сноў прадкажа яму пагібель, і думаў, што гэта павінен быць дужа незвычайны, поўны асаблівага сэнсу сон - такі, што адразу стане зразумела: далей сёння яму не пражыць. Цяпер жа прыснілася нешта з дзяцінства, і сярод усяго дробязнага і незапамінальнага - нейкая недарэчная сцэна з бацькавым маўзерам. Нібыта Сотнікаў пачаў даставаць яго з кабура, трохі павярнуў набок і адламаў ствол, які, аказваецца, быў не стальны, а нібы алавяны, як у пугачы. Сотнікаў надта спалохаўся, хоць у той час бачыў сябе не хлапчуком, а, здаецца, амаль што цяперашнім ці, можа, курсантам, бо, здаецца, усё тое адбывалася ў ружпарку колішняй яго казармы. Ён стаяў каля піраміды са зброяй і не ведаў, як быць: вось-вось сюды павінен быў зайсці бацька. Сотнікаў кінуўся да піраміды, але там не было ні аднаго незанятага месца, ва ўсіх гнёздах стаялі вінтоўкі. Тады ён дрыготкімі рукамі расчыніў бляшаныя дзверы грубкі і сунуў кабур з маўзерам у чорную смярдзючую адтуліну печы.

У наступную хвіліну там засвяціўся агонь, але не полымя, а распалены зіхоткі жар, у якім нібы плавілася штось яркае, і ён стаяў насупраць, не ведаючы, як затушыць яго. А побач быў бацька. Але ён нават не ўспомніў пра маўзер, хоць было такое адчуванне, што ведаў пра гэты выпадак. Ён толькі апусціўся на кукішкі перад грубкай і раздумна сказаў надта невясёлым голасам:

«Быў агонь, і была вышэйшая справядлівасць на свеце...»

Невядома, ці доўга гарэў той агонь у грубцы, але неяк у адчуваннях яго зноў запанаваў змрок, забыццё, а праз нейкі час патроху сталі вызначацца невыразныя гукі паблізу: тупат ног, шастанне саломы і сцішаны, начны голас старога. Калі прыйшло разуменне рэальнасці, Сотнікаў сцяміў, што гэта адганялі пацукоў. Канчаткова прачнуўшыся, ён доўга пакутліва адкашліваўся, усё думаючы, што б мог азначаць той сон і які ў ім тоіцца сэнс. І неяк паступова і натуральна ягонымі думкамі завалодаў шчымлівы ўспамін пра дзяцінства...

Маўзер - не прывярэда дурнога сну, ён сапраўды быў у бацькі, былога чырвонага конніка і колішняга паручніка з двума «георгіямі» на грудзях - бацькава фота пасля той вайны ён часта бачыў у прыгожай, з залатымі паўлінамі, мамінай шкатулцы, што стаяла ў спальні. Маўзер быў яго захапленнем, ягонаю дзіцячай марай. Часам, маючы вольны час і добры настрой, бацька вымаў з камода гэтую таямнічую штуковіну і дазваляў сыну хіба што прытрымаць за жоўты драўляны кабур - самому было няўпраўна аднаруч: правая яго рука, параненая на вайне, тады адымалася, і ён усё меней валодаў ёю. Гэта былі радасныя хвіліны, нейкая невымоўная трапяткасць напаўняла хлопца, але на тым яго дапамога і канчалася. Ён мог толькі глядзець, як бацька праціраў пісталет, але ніколі яму не было дазволена нават пагуляць з ім. «Са зброяй і ўзнагародамі гуляць забараняецца», - казаў бацька, і хлопец не ўпарціўся, не пярэчыў. Слова бацькі было законам, дома панаваў ягоны непахісны культ. Зрэшты, гэта і зразумела: бацька яго быў вядомы ў горадзе чалавек, удзельнік і герой Грамадзянскай вайны, які толькі з прычыны калецтва і свайго празмернага гонару, як казала маці, змушаны быў зарабляць на хлеб рамонтам гадзіннікаў.

Варанёны, у драўляным кабуры маўзер быў ягонаю марай, але дарма было прасіць яго таксама і ў маці. Пры сваёй мацярынскай паблажлівасці да сына і яна не адважвалася парушыць бацькавай забароны і толькі здзіўлялася: «Гэта ж імянная татава зброя, хіба можна чапаць?» Ён ведаў, што нельга, але гэтае «нельга» яшчэ болей распальвала яго жаданне авалодаць забароненаю рэччу, нагуляцца з ёю ці хоць разок прыцэліцца, як на сапраўднай вайне.

Аднойчы здарыўся зручны выпадак. Прачнуўшыся неяк уранку, хлопец пачуў глухую цішыню ў доме. Бацькі, напэўна, не было ў ягонай каморцы, адкуль неслася звыклае рознагалоссе двух дзесяткаў гадзіннікаў - нібы цвіркатанне конікаў у лузе. Маці, ён ведаў, пайшла зранку ў царкву - над горадам плыў галасісты перазвон ранішняй службы, і тады Сотнікаў зразумеў, што менавіта цяпер здзейсніць тое, пра што столькі марыў.

Спехам насунуўшы кароценькія, да каленяў, штонікі, пакінуўшы на пасля мыццё і чыстку зубоў, ён хуценька прашмыгнуў у маміну спальню. Запаветная шуфлядка камода была зачынена, але ключык тырчэў у яе дзірцы. Ён павярнуў яго і дрыготкімі ад шчасця рукамі выцягнуў слізкі ад лаку, нечакана цяжкаваты кабур, на драўляным баку якога блішчала знаёмая пласцінка з надпісам, які ён ведаў на памяць: «Чырвонаму камэску А.Сотнікаву ад Рэўваенсавета Каварміі». Першы ж дотык да апраўленай нейкім дарагім дрэвам разьбяной ручкі страхавітай радасцю ўскалыхнуў хлопчыка. Рукі яго ўпэўнена ўправіліся з зашчапкай, і вось ужо ўвесь пісталет туга, але падатна пайшоў з кабура, заблішчаўшы ўсімі сваімі варанёнымі часткамі. Хвалюючае адчуванне зброі ахапіла хлопца, хвіліну ён абмацваў маўзер - пакратаў прыцэл, паспрабаваў адвесці затвор, зазірнуў у ствол. Але самай вялікай асалодай, вядома, было прыцэліцца. Толькі не паспеў ён як след абхапіць рукаятку і пальцам намацаць спуск, як зусім нечакана з-пад ягоных рук кудысь у падлогу аглушальна грымнула стрэлам.

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 67
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)