Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Хвіліну ён стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Ад сцяны адскочыла і пакацілася па падлозе гільза, а пад сталом аднекуль узялася тоўстая, паточаная шашалем шчэпка з чорнай касой адмецінай кулі.
Зразумеўшы, што адбылося, ён знобка ляснуў зубамі, сунуў пісталет у кабур, замкнуў усё ў камод і не мог знайсці сабе месца, пакуль не прыйшла маці. Тая адразу пачула нядобрае ў настроі сына, кінулася да яго з роспытамі, і ён расказаў усё, як было. Вядома, справіцца з такой бядой не магла і маці, яна таксама дужа спалохалася за яго, нават заплакала, чаго раней ніколі з ёй не здаралася, і сказала, што ён павінен шчыра пра ўсё расказаць бацьку.
Адважыцца на тое было нялёгка. Прыблізна ён ужо мог меркаваць, як да таго паставіцца бацька, але іншага выйсця ў яго сапраўды не было. Пакуль набраўся рашучасці, мінула гадзіна ці болей, і, нарэшце, сам не свой ён адчыніў дзверы ў каморку.
Бацька ўжо працаваў. Як заўжды, нізка схіліўшыся над падаконнікам, засяроджана калупаўся ў гадзінніку. Правая яго рука ў чорнай пальчатцы бяссільна ляжала на каленях, а левая спрытна калупала, вінціла, разнімала і складвала розныя маленькія штучкі, з якіх складаўся гадзіннік. На сценах няўлад адзін аднаму матлялі маятнікамі, ляскалі і цікалі два дзесяткі гадзіннікаў - ад танных, размалёваных па цыферблаце ходзікаў да спаважнага, у грувасткім футарале кутавіка з басавітым працяглым боем. Бацька не павярнуўся на яго ўваход, не падняў галавы, але пазнаў сына і зусім не да ладу цяпер запытаўся бадзёрым голасам:
«Ну, як справы, малады чалавек? Адолеў марыніста?»
Хлопчык праглынуў даўкі камяк - напярэдадні ён узяўся чытаць Станюковіча. З іншых кніжак, што ляжалі ў вялізным дзедавым сундуку-куфры, ужо мала што асталося не прачытанае ім, хіба што збор твораў Пісемскага і некалькі томікаў Станюковіча, адзін з якіх і выбраў яму надоечы бацька. Але цяпер было не да кніжак, і ён сказаў:
«Тата, я браў твой маўзер».
Бацька матнуў галавой, хутка паклаў пінцэт, звыклым рухам рукі зняў адны акуляры і цераз другія строга паглядзеў на сына.
«Хто дазволіў?»
«Ніхто... І ён стрэліў», - запалым голасам выціснуў з сябе сын.
Нічога болей не кажучы, бацька ўстаў і выйшаў з пакоя. Ён жа астаўся стаяць ля дзвярэй з такім адчуваннем, нібы яго павінны зараз пакласці пад нож гільяціны. Але ён ведаў, што вінаваты, і гатоў быў прыняць самую бязлітасную кару.
Неўзабаве бацька вярнуўся.
«Ты - шчанюк! - сказаў ён з парога. - Нявыхаваны, распешчаны смаркач! Як ты пасмеў без дазволу дакранацца да баявой зброі? Якое ты меў права лезці, як злодзей, у камод?»
Бацька доўга і бязлітасна крычаў на яго - і за неасцярожнасць, і за стрэл, які мог учыніць няшчасце, а найбольш за таемны намер, свавольства. Ён дасканала разабраў усе незайздросныя маральныя аспекты яго ўчынку і нарэшце сказаў:
«Адзінае, што змякчае тваю віну, дык гэта тваё прызнанне. Толькі гэта цябе ратуе. Зразумеў?»
«Ну».
«Калі сам, вядома, надумаўся. Сам?»
Адчуваючы, што канчаткова гіне, хлопчык матнуў галавой, і бацька, трохі спакайнеючы, трудна, працяжна ўздыхнуў:
«Ну і то дзякуй!»
Гэта было ўжо занадта - міжвольнай хлуснёй купляць бацькаву падзяку; у вачах у яго пацямнела, кроў хлынула да твару, і ён стаяў, не могучы ступіць кроку з месца.
«Ідзі гуляй», - сказаў тады бацька.
Так увогуле лёгка абышлося яму тое непаслушэнства - пакаранне дзягай яго мінавала, але яго маладушны ківок балючаю драпінай астаўся саднець у душы. З таго часу ён ні ў чым і ніколі не схлусіў ні бацьку, ні каму другому, за ўсё трымаў адказ, гледзячы людзям у вочы, - надта добра ён памятаў пакутную цану аслушэнства і маладушнае свае без'языкасці. Ён не ведаў пэўна, але, мабыць, і маці не сказала бацьку, па чыёй ініцыятыве адбылося тое прызнанне. Са шчаслівай упэўненасцю ў добрасумленнасці сына так і скончыў свой шлях на зямлі гэты кавалерыйскі камандзір, інвалід вайны і гадзіннікавы майстра, усцешаны перад смерцю надзеяй, што сыну дастанецца лепшая доля. І вось дасталася...