Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— Ага, зараз Сільфы да нас прылятуць, альбо Красналюдкі праз зямлю прарыюцца… А можа, Гіпацэнтаўр у дзверы ўломіцца?
Дзверы расчыніліся са страшэнным ляскатам, вялізная фігура намалявалася ў праёме, а нечае цела кулём упала на падлогу.
Прыхадзень зрабіў крок у ярка асветлены пакой, святло ліхтароў засерабрылася на бровах і павеках, заблукала ў бяздонных вачах незразумелага колеру. Герман Ватман! Пранцысь не верыў сваім вачам. Перавёў позірк на таго, хто нерухома ляжаў на падлозе… Аднавокі «лібертэн» Прашковіч!
Між тым Ватман са сваёй звычайнай жорсткай усмешкай няспешна абыйшоў вакол Лёдніка.
— М-да, неяк не наважыўся б я хадзіць лекавацца да доктара, які так часта трапляе ў падобныя сітуацыі.
— Пан прыйшоў праверыць, у якой я сітуацыі? — холадна пацікавіўся Лёднік.
— Не паверыш, але адгадаў! — Ватман патрос звязкай ключоў, прымерваючыся, які з іх — ад ланцугоў.
— Вас прыслала Паланэя Багінская? — ускрыкнуў з радаснай надзеяй Пранціш.
Ватман кінуў на юнака насмешны позірк.
— Пан… Вырвіч, калі не памыляюся? Вы па-ранейшаму лічыце, што свет круціцца вакол вашай каштоўнай персоны, і панне Паланэі больш няма пра каго ўспамінаць, як пра недавучанага шкаляра?
Пачаў адмыкаць ланцугі Лёдніка.
— Справа вельмі простая… Яго княжая мосць Геранім Радзівіл не сумняваўся, што адна зніклая з яго замку пекная асоба апынулася ў князя Сапегі. І прыскакаў да яго на перамовы, прыхапіўшы мушкецёраў. Вось такая там дыспазіцыя… Сапега з пэўнай асобай не можа пакінуць кавалергардыю, але да яго, даведаўшыся зноў такі пра прысутнасць пэўнай асобы, прыехаў на дапамогу мой пан, ваявода Аляксандр Багінскі са сваімі жаўнерамі. А пэўная пекная асоба, вельмі, дарэчы, дзёрзкая, абвесціла панам Сапегу і Багінскаму, што перадасць цікавую ім рэч толькі ў абмен на жыцці двух асоб, якія знаходзяцца зараз у гэтым пакоі. Гэтага мы, вядома, не лічым… — Ватман кіўнуў у бок Прашковіча. — Таму Сапега адмовіўся весці перамовы з Радзівілам, пакуль той не прадаставіць дакладных звестак, што асобы жывыя і здаровыя… А пан Багінскі даручыў праверку мне. Вось я і прыехаў. З лістом ад князя Гераніма Лысага, Як Калена. Ну і з таемным даручэннем паспрабаваць вас вывезці.
— Тады твой пан будзе галоўным прэтэндэнтам на таямніцу пэўнай асобы? — папытаўся Лёднік, з палёгкай апускаючы вызваленую руку.
— Дакладна так! Вось я і зайшоў сюды… З двумя праважатымі. Толькі ў іх адразу за дзвярыма ногі падвярнуліся і шыі скруціліся. Такая вось няёмкасць. А тут гэты… пад руку трапіўся. Пазнаў мяне, верашчаць пачаў, што я шпег…
— Вы яго забілі? — папытаўся Пранцысь без асаблівай шкадобы да Прашковіча.
— Затое цяпер у яго дакладна абодва вокі. На тым свеце калекаў жа няма, — павучальна прамовіў Ватман.
Упаў апошні ланцуг з Лёдніка, і доктар стамлёна абапёрся рукамі аб слуп. Праз якую хвілю быў вызвалены і Пранцысь. Шкаляр падбег да доктара і зірнуў на ягоную спіну: сціло было ўторкнутае пад левай лапаткай. Вырвіч асцярожна дастаў тонкі скрываўлены стрыжань і хацеў грэбліва адкінуць убок, але Лёднік затрымаў яго руку:
— Дай сюды…
Ватман шматзначна перхануў:
— Калі паны нікуды не спяшаюцца, я магу іх пакінуць у гэтым прыемным месцы. Але, баюся, што якога-небудзь нябожчыка ў гэтых калідорах мне не ўдалося схаваць як след, і зараз проста да нас з’явяцца праблемы… са стрэльбамі, шабелькамі і шастапёрамі. Разумееце, дзе ні прайду апошнім часам, — сціпла заўважыў найміт, — вакол мяне свежанькія нябожчыкі з’яўляюцца. Планіда, відаць, такая.
Лёднік усцягнуў на сябе адзенне, прычым малады гаспадар на гэты раз не пагрэбаваў сам яму дапамагчы.
— Доктар, ты хоць можаш рухацца? — на ўсялякі выпадак папытаўся Вырвіч, якога бянтэжыла, што кашуля яго слугі адразу афарбавалася чырвонымі плямамі.
— Перастаньце хвалявацца з-за некалькіх драпін! — раздражнёна адказаў доктар, зашпільваючы чорны камзол, пад якім схавалася запэцканая кашуля, як быццам ніякай страшнай сцэны і не было.
За вакном прагрукаталі па брукаванцы колы…
— Гэта мае хлопцы прыехалі. Хадзем! — скамандваў Ватман, узяўшы ў адну руку пісталет, у другую шаблю.
Зброя аднавокага па праве таго, хто выжыў, дасталася Лёдніку.
Ватман ішоў, як дужы звер, трохі ўгнуўшы галаву, нібыта збіраўся прабіваць ёю сцены. Нікога жывога па дарозе не сустрэлася… Мёртвыя — так, былі. Часцей за ўсё з пераламанымі шыямі — відаць, улюбёны прыёмчык Ватмана. А вось калі дзверы з сутарэнняў прыадчыніліся, Ватман расчаравана ўздыхнуў. На выхадзе стаяла купка жаўнераў, якія паказвалі пальцамі ў бок нейкай павозкі, якую зараз абшуквалі. Усё паліваў панылы дождж.