Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
У мяне знiкае жаданне хадзiць у пераможцах, а тым больш залiчыцца ў ахвяры. Хочацца цiшынi, спакою... Рай падобны да бiблiятэкi з ненапiсаным каталогам. Рай падобны да музея, дзе чалавечае сэрца можа быць гарачым толькi ва ўяўленнi, ну i, вядома, у жывых грудзях.
Ты калi-небудзь дакранаўся да музейных масянжовых твараў? О, якi смяротны холад працiнае пальцы!
А ў музеi Цюсо я не чапаў лялек. Нашто? Я разглядаў у спецыяльнай зале анатомiю экспанатаў: вока без павека, галава без валасоў, ружовыя дзясны са счэпленымi зубамi. Нецiкава. Не здзiўляе. "Захапленне механiкай засталося для мяне ў дзесяцiгадовым узросце i ў васемнаццатым стагоддзi", — я так падумаў, абмiнаючы фiгуру смерцi з касою.
Зрэшты, канструяванне — адна з найцiкавейшых забавак. І не буду гэтага адмаўляць.
Я iшоў праз шэрагi лялек, зробленых у выглядзе знакамiтасцяў: Мэрылiн Манро — секс-сымбаль дваццатага стагоддзя, Майкл Джэксан — чалавек- танец, якi паспрабаваў змянiць расу i разбурыў твар, ператварыўшы ў маску з праваленым носам, Ленiн — мумiя, пастаўленая вертыкальна, Гарбачоў — прэзiдэнт СССР, краiны, дзе я нарадзiўся... Чаплiн, нiдэрландскi кароль на канi, Эйнштэйн, Шварцэнегер, Мадонна — тая, што без дзiцяцi i Лiзаветы, Цiна Цёрнер, Рэмбрант, Вермэер, гандлярка, пакупнiк, чарга пакупнiкоў, ахоўнiк з рацыяй i пiсталетам... Мы не ў музеi мадам Цюсо, а ў вялiкай шматпавярховай краме.
Выхад з музея вядзе ў краму. Трэба, калi ты ў Амстэрдаме, памятаць: "Гандаль — душа Галандыi!" I пяць пар шкарпэтак каштуюць танней, калi iх набыць оптам. Толькi нашто пяць пар аднолькавых шкарпэтак? Ну хiба што падараваць брату, сыну, бацьку, дзядзьку i адну пару пакiнуць сабе. Можа, так i трэба абыходзiцца са шкарпэткамi, якiя заўсёды губляюцца па адной. Адна ёсць, а дзе другая? На небе? Там збiраюцца ўсе шкарпэткi, пакрыўджаныя гаспадарамi. Мiльёны, мiльёны, мiльёны аднаасобных суверэнных шкарпэтак, чысценькiх, адпрасаваных, зацыраваных. І столькi ж, калi не больш, пальчатак. Калi знiкла твая шкарпэтка, ведай — яна пайшла да тваёй згубленай пальчаткi.
А я з музея мадам Цюсо выйшаў праз краму на пляц Дам i пайшоў, пайшоў, пайшоў перакусiць у "Макдональд".
Такая лёгкая закуска: бутэрброд з катлетай i запiўка гарбатай. Усе замаўляюць кока-колу, а я гарбату. У чужых гарадах я п'ю выключна гарбатку, каб трымаць страўнiк у тонусе. А то набухаешся кавы i захочаш у прыбiральню, а гэтае хаценне стварае дадатковыя складанасцi. Асаблiва калi ты ў амстэрдамскiм "Квартале чырвоных лiхтароў", калi з-за шкляных дзвярэй на цябе пазiраюць зманлiвыя вочы прастытутак, а пругкiя языкi млява падрыгваюць памiж растуленых вуснаў, а пальцы прыспускаюць станiк, каб на цябе зiрнулi насцярожаныя музкi. А ты ўзяў i нажлукцiўся кавы, з яе сiкуновагонным эфектам. І што тады, заходзiць да жанчыны i мачыцца ў рукамыйнiк? Цi ў мiсу для падмывання? Цi спытаць, як прайсцi ў ватэрклазет? Цi апрастацца ў амстэрдамскi канал? Усё не падыходзiць. Застаецца адзiн варыянт: вярнуцца ў гатэль, вызвалiцца i болей не пiць кавы.
Па дарозе ў "Краснапольскi" можна заскочыць у кавярню пад шыльдай, на якой намаляваны каноплi ў выглядзе пальмы, гэта ўмоўны знак, сiгнал: тут можна набыць марыхуану. Зайшоў i прыдбаў. Заплацiў грошы i забраў пакецiк з кайфам, i цябе не схопiць за руку палiцыянт. Вольнаму воля, калi ты ў Амстэрдаме. Хочаш палiць дур? Купляй i куры. Толькi я кiнуў палiць. Сабраў волю ў кулак i не куру паўтара года. А брат палiць. Я старэйшы, ён малодшы, i яму не прыйшоў час кiдаць курыва. Таму ён i купiў пакецiк анашы, а я толькi стаяў побач. Я прывык. Усе кураць, а я прысутнiчаю, усе п'юць вiно, ром, вiскi, каньяк, самагонку, гарэлку, лiкёр i нават каву, а я стаю побач, i мне не хочацца курыць i пiць разам з усiмi. Калi надта закарцiць выпiць цi закурыць, дык на адзiноце, гэта як складаць вершы, як пiсаць лiтаратуру, як закахацца. І таму або гэта, або тое. Слушна спадар Гётэ заўважыў: паленне i творчасць несумяшчальныя рэчы. І як ты iх сумясцiш, калi выпалiш цыгарэтку з марыхуанай?
Вось i прыклад... Вярнулiся мы ў гатэль. Я сеў за шкляны стол, запалiў лямпу i пачаў апiсваць амстэрдамскiя дзiвосы. А брат Мiраслаў, якi любiць пакурыць, дастаў пачак тытуню "Друм", якi мае салодкi водар чарнаслiву, перамяшаў тытунь з накрышанай анашою, якая пахне прахалодным палыном, i зацягнуўся, i запоўнiў гатэльны пакой блакiтнай смугою. І не паспеў я напiсаць тры радкi, як мой дарагi брат, выцягнуўшыся, ляжаў на ложку i глядзеў у столь. Якая тут творчасць? Хiба што канцэптуальная, хiба што амерыканская, як у Кэна Кiзi пасля дозы ЛСД. Толькi я — еўрапеец з малой лiтары, як i трэба па правiлах граматыкi. А таму, напiсаўшы старонку на цвярозую галаву, я вярнуўся ў "Квартал чырвоных лiхтароў".