Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
Кожны прадавец какаiну скажа, што ён не думаў, прадаючы наркотык, што непаўналетнi пакупнiк будзе той парашок нюхаць. Так мы з табой i паверылi. Набыў наркотык, каб высыпаць ва унiтаз, каб знiшчыць зло, каб зрабiць свет дабрэйшым, каб запанавалi свабода, роўнасць i нiрвана. А мне, дарэчы, не трэба наркотык, мне i так добра ляжаць на ложку i глядзець у светлую столь i думаць пра Амстэрдам i пра шолах вугальных крылаў, пра малады экспрэсiянiзм, пра мадэрн, пра белыя крылы, пра палёт, пра Тамару...
Я пазнаёмiўся з Тамарай на бульбяным полi. Не, мы ведалi адно аднаго, але пазнаёмiлiся, збiраючы бульбу. У той верасень мяне залiчылi ў iнстытут. Як кожны савецкi студэнт, я павiнен быў дапамагчы калгаснiкам сабраць ураджай. І я прыехаў на вёску. Мяне пасялiлi ў старой кабеты разам з разьбяром Вiктарам, якi зрабiў кiшэнны арбалет i ганарыўся iм i мог паўночы расказваць, як робяцца арбалеты. Вiця быў волатам з выгляду i падлеткам па разумовым развiццi, таму з Вiцем было нецiкава. Мне хацелася не страляць з арбалета па катах i прабiваць iх наскрозь зробленымi з цвiкоў сталёвымi стрэламi, а жадалася знаёмства з цёплымi, як коткi, жанчынамi. Менавiта з-за цяпла, з-за холаду, з-за тэмпературнае рознiцы я i пазнаёмiўся з Тамарай. Яна сядзела на кукiшках i выбiрала з зямлi бульбу. Тамара кiдала бульбiны ў вядро. А я стаяў i глядзеў на яе спiну ў паласатым швэдры. На Тамары былi швэдар, джынсы i гумовыя боты. У джынсах не было паса. Яны адставалi ад спiны. Швэдар крыху задраўся. У Томы была блакiтная скура. Значна пазней яна так i напiсала ў лiсце: "Сягоння парэзала пальчык. Высветлiлася, што кроў у мяне чырвоная, як i ва ўсiх, а я была перакананая, што ў маiх жылах цячэ блакiтная вадкасць". Я глядзеў на паласу блакiтнае скуры, што святлела памiж цёмна-сiнiм джутам i шэрай воўнаю. Пазiраў i думаў: пра знаёмства, пра словы, якiя варта сказаць, пра дождж, якi пачаў сыпацца на палоску аголенага цела, пра холад i цяпло. Я сказаў глупства: "Давай паднясу вядро да трактара". Тамара адрэзала: "Ай, не трэба, я сама". Мы пазнаёмiлiся.
У дзяцiнстве я прачынаўся рэзка, лёгка i з добрым настроем. У Амстэрдаме я проста выскокваў са сноў, i бег прымаць душ, i шпурляў на падлогу ручнiк, i галiўся, i распырскваў адэкалон "Кальвiн Кляiн", i спускаўся на лiфце з люстранымi сценамi ў рэстаран з дзесяцiметровай столлю. Такая высозная столь проста здзiўляе ў лялечнай Галандыi, дзе ўсё вымяраецца прапорцыямi буфета. Толькi да большай прасторы прывыкаеш хутчэй, чым да каменнага меха. А сплеценыя з лазы крэслы нагадваюць пра хатнюю варэльную ўтульнасць. І ты можаш хадзiць па шахматнай падлозе, як кароль, i прыносiць на свой стол любую з трохсот трыццацi трох страў. Асабiста я снедаў наступным чынам... Аўсяныя муслi з вяршкамi елiся пасля салаты са свежае гароднiны, розныя агуркi, памiдоры, крышку цыбулi, зусiм крышку, каб не пахнуць. Цыбуля вельмi добра дапаўняла смажаны бекон з амлетам. Да бекону варта дадаваць скрылiк лiмона, выцiснуць дзве-тры кроплi на ружаватае, крышку падсушанае мяса. Я ж не француз, каб запiваць сняданак шампанскiм, таму налiвалiся семдзесят грамаў грэйпфрутавага соку. Мне падабалiся стограмовыя гладкасценныя шкляначкi для соку. Выпiў i налiў яшчэ. Бекон у галандцаў чарстваваты, перасушаны, занадта хрусткi, а таму пiўся грэйпфрутавы сок, а не апельсiнавы, таму i кропля лiмоннае кiслаты не зашкодзiць страўленню, i цыбуля, i гурок. Пасля бекону добра пакаштаваць якую-небудзь грунтоўную салату, лепей мясную цi курыную, тунца цi iншую рыбу лепш не чапаць. Рыба кепска паводзiць сябе ў малацэ. Калi ўзяў крабавыя палачкi, дык забудзься пра вяршкi з муслямi. Ранiцай я рыбу не ем. Рыба не любiць вяршкi. А я люблю. Яшчэ дыня вяршкi не любiць. Толькi амстэрдамскае дынi я не бачыў. І таму мой страўнiк пазбегнуў спакусы. Я шкадую страўнiк. Раней не шкадаваў, а цяпер шкадую, i каву п'ю толькi на працы.
У Амстэрдаме чорная моцная кава была без патрэбы. І я пiў крыштальна-бурштынавую гарбату i еў кiвi. Я вельмi зграбна магу абабраць кiвi. Беларус добра абiрае кiвi. Кожны беларус з дзяцiнства прывучаны абiраць бульбу, гэта нацыянальнае, гэта ў крывi, гэта вышэй за асобу. А таму нават тупаватым нажом я зграбна зрэжу варсiстую скурку. Галандцы таксама спрытна распраўляюцца з кiвi. У iх таксама абiранне бульбы — старажытны нацыянальны спорт. I менавiта ў Амстэрдаме вiсiць самая беларуская з усiх сусветных карцiн "Едакi бульбы" Вiнцэнта Станiслававiча Іван Гога. Такая цёмная-цёмная- цёмная карцiна. Такая смачная-смачная-смачная пара сыходзiць ад сопкай бульбы. Што можа быць смачнейшае за добра звараную, пасоленую шчопцямi бульбiну? Ну хiба што смарагдавы скрылiк кiвi з срэбнага двухдзюбага вiдэльца. Дэсерт заўсёды выклiкаў у маёй душы хвалю лагоды. Пасля снядання чалавек дабрэйшы ўтрая.