Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
Чалавек — назiральнiк гульнi ценяў i святла. А што яшчэ трэба? Гульня святлаценю забаўляе. Назiраю. Баўлю час. Жыву. Сапраўднасць надакучвае. Выратоўвае захапленне друкаванымi тэкстамi.
Лiсты Ван Гога. "Мне здаецца, калi я знайду яшчэ аднаго мастака, якi захоча распрацоўваць тэму поўдня (а ў нашым варыянце Амстэрдама) i так, як i я, захопiцца працаю i пагодзiцца на жыццё манаха, раз у два тыднi наведае бардэль, а ў астатнiя днi будзе неадрыўна працаваць i не губляць часу ўпустую, тады ўсё складзецца выдатна..."
А ў мяне ўсё i так выдатна, i магу табе паабяцаць: я не адрэжу вуха, як Ван Гог пасля сваркi з працавiтым сябрам Гагенам, якi так шчыра запрашаўся на поўдзень Францыi ў Арль.
А я запрашаю ў iншае месца, на поўнач Нiдэрландаў, у цёмную Венецыю, у найвялiкшы музей Ван Гога. Пэўна ж, павiнна i ў невялiчкай Галандыi быць нешта найвялiкшае, хоць бы сховiшча з найкаштоўнейшымi палотнамi першага экспрэсiянiста, найбуйнейшага постiмпрэсiянiста, якi ўзяў рэвальвер i застрэлiўся ў жытнiм полi. Ван Гог прастрэлiў уласную скронь. У музеi спадарынi Цюсо постаць Ван Гога самая агiдная. Не можа вялiкi мастак усiх часоў i народаў быць нiжэйшы за iдыёта-турыста. Я разумею: вернасць iдэалам рэалiстычнай школы i ўсё астатняе з дакументамi i фотаздымкамi, з выкапаным чэрапам без нiжняй скiвiцы, з данымi ў мiлiметрах i дэцыметрах з мiкронамi. Але хiба не можна паставiць Ван Гога на подыум? Хто-хто, а дзядзька Вiнцэнт таго заслужыў. І справа не ў кулi, выпушчанай у галаву, i не ў стрэле, якi спудзiў зграю груганоў. Ісцiна ў iншым. І ты не думай, што палотны вар'ята добрыя, бо каштуюць даражэй за золата, i не спадзявайся, што людзi павар'яцелi, калi выкладаюць за вангогаўскiя карцiны шалёныя грошы. Усё не так. Таямнiца ў фокусе, у аптычным эфекце, у пераламленнi промняў святла, у гульнi святлаценяў. Ты iдзеш уздоўж сцен, завешаных палотнамi маладога дзядзькi Вiнцэнта. Ткач тчэ палатно. Сяляне ядуць бульбу. Жанчына iдзе па восеньскай алеi. А ты iдзеш па музейнай гладзенькай падлозе. Ідзеш i думаеш. А чаму Ван Гог вялiкi? Чаму яму пабудавалi музей? Ты падыходзiш да палатна з сланечнiкамi, да знакамiтай карцiны, да шэдэўра, да сутнасцi. Табе робiцца добра. Як? Чаму? У якое iмгненне? Не ўловiш.
Ты згадаеш, як у дзяцiнстве засушыў сланечнiк i як сухi сланечнiк праз усю зiму пах мёдам. Ён стаў цёмны, скурчаны, касцяны, але пах мядовым летам, ён захаваў лiпеньскае паветра, ён дыхаў лёгкай спёкаю.
Ван Гог застрэлiўся летам. І можаш уявiць, як каркалi над iм груганы, як кружлялi, мiтусiлiся, вiравалi ва ультрамарынавым густым небе. Ад каркання, шолаху, ляманту падлаедных птушак можна звар'яцець, як i ад глядзення на карцiны Вiнцэнта Ван Гога. Такi зрух у розуме здарыўся з адным маiм аднакурснiкам у мастацкай вучэльнi.
Ён днямi i начамi разглядаў альбомы з малюнкамi вялiкага экспрэсiянолага, ён капiраваў вангогаўскiя палотны да страты прытомнасцi. Ён ездзiў у Эрмiтаж i ад ранiцы да закрыцця прастойваў перад творамi самазабойцы. І ён стаў Ван Гогам. На яго так i казалi: "Вось пайшоў Ван Гог". "Дзе там Ван Гог?" "Ты Вiнцэнта не бачыў?" Ён не крыўдаваў, калi называлi Вiнцэнтам. Ён успрымаў гэта з удзячнасцю. А на сваiх накiдах, малюнках, эцюдах ён ставiў у кутку вангогаўскi аўтограф. Здзiўляў мяне толькi адзiн момант: эцюды, малюнкi, накiды былi зусiм не падобныя да твораў вялiкага экспрэсiянiста. "А яны не павiнны паходзiць на кампазiцыi Вiнцэнта Ван Гога, — цвяроза разважаў аднакурснiк. — Ван Гог жыў у дзевятнаццатым стагоддзi, а я жыву ў дваццатым. І калi б ён жыў цяпер, дык маляваў бы так, як я!" Пярэчаннi ў даным варыянце недарэчныя. Я нават не пытаўся, чаму Ван Гог, жывучы ў нашым стагоддзi, не падпiсвае свае палотны прозвiшчам Руневiч. На такiя патаемныя тэмы з аднакурснiкам гаварыў доктар у псiхiятрычнай лякарнi. І ён пераканаў Руневiча не пiсаць на малюнках прозвiшча Ван Гога. І Руневiч не пiсаў. Ён адно ўсмiхаўся. Ён распаўнеў, шчокi ягоныя заружавелi, голас зрабiўся лагодны. І нiхто не бачыў ультрамарыну, якi загусаў i цямнеў над руневiчавай чорнай кучаравай галавою. А можа нiхто не хацеў гэтага разумець i бачыць?
Тым часам скончыўся наш тэрмiн навучання. Усе раз'ехалiся з вучэльнi, хто куды. Усе забылiся пра Вiнцэнта Вангогавiча Руневiча. А ён цiхенька ўладкаваўся ў Дзяржаўны мастацкi музей простым рабочым — перастаўляць скульптуры i перавешваць творы старых майстроў. Ён цiхенька перастаўляў i перавешваў карцiны i таксама цiхенька набыў каля крамы "Фiлатэлiст", што якраз насупраць музея, маленькi шасцiнабойны пiсталет. Вiнцэнт Вангогавiч Руневiч-Мiнскi выехаў за горад на электрычцы, зайшоў у жытняе поле i стрэлам напалохаў груганоў. Вось так. Груганы каркалi i шархацелi ў пачарнелым ультрамарыне. Майго аднакурснiка знайшлi з прастрэленай скроняй. А чалавек, якi прадаў шасцiнабойны пiсталет, сказаў: "Я i думаць не думаў пра самазабойства!" Прадавец, вядома, падманваў. Усе гандляры — падманшчыкi.