Толькi не гавары маёй маме...
- Автор: Глебус Адам
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Сучасная Літаратура
- ISBN: 985-6202-02-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:
Пакуль я апранаўся, прастытутка зусiм бессаромна набрала ў мiсу вады, падмылася, а потым гучна i дзынкна памачылася. Калi яна апаласквала ў чарупiне мiсу, у цемры ярка свяцiлася яе ўсмешка, поўная вялiкiх зубоў.
Дарэчы, я заўважыў, калi выходзiш ад прастытуткi, дык вельмi рэзка паляпшаецца настрой. Выйшаў, забыў былое, уздыхнуў на поўныя грудзi нiдэрландскага паветра, закiнуў галаву, зiрнуў у чорнае неба, i настрой паляпшаецца ў сто адзiнаццаць i адну дзесятую раза, i хочацца заспяваць песню: "Гары яно гарам, такое каханне!" Але крычаць я не стаў. У Амстэрдаме вар'ятаў i так хапае. Я цiха пайшоў на начоўку ў свой "Краснапольскi".
Не паспеў я зайсцi ў нумар i запарыць кубачак гарбаты, як начную цiшу падзёрла на шматкi аўтаматная чарга стрэлаў. Я адчынiў акно i высунуўся. Усё ж Амстэрдам, а не Тбiлiсi цi Грозны, i можна высоўвацца з акна, пачуўшы аўтаматны трэск. "Можа, нейкi рабаўнiк зноў забраў у палiцыянткi зброю, i помслiвыя калегi ўганяюць у рабаўнiкова цела смертаносны свiнец?" I тут у чарноцце ўварвалася iмклiвая знiчка петарды, якая заскакала па пляцы, зазiхцела, растрасаючы блiскавiчныя пырскi, закруцiлася i сыпнула ў неба аўтаматную чаргу. "Ясна, негры балдзеюць!" Чаму падумалася на мурынаў, не ведаю. Але падумалася, i я злавiў сябе на такой думцы якраз тады, калi з-за фаласападобнага манумента выскачыў лысы вар'ят i, трасучы над галавою кулакамi, паскакаў у завулак. Вось быў i доказ: вар'ятаў i крыкуноў у краiнах БеНiЛюкс хапае без мяне. І добра, бо менавiта вар'яты складаюць адметнасць краiн.
Ну хiба можна ў Мiнску ўбачыць чалавека ў высознай цялесна-ружовай шапцы, пашытай у форме чэлеса? А ў Амстэрдаме — калi ласка. Ідзе сабе чалавек у белым палатняным строi, а замест галавы — здаравенны мужчынскi орган з блiскучай галоўкай. А чалавек iдзе i спакойна размаўляе з сябрамi, вельмi цывiльнымi спадарамi ў добрых дарагiх палiтонах. Вось i адметнасць, вось i жывы экспанат з музея эротыкi.
Ёсць у сталiцы Нiдэрландаў i такая ўстанова — музей сексу. Зрэшты, ён расчараваў. Чакалася большага, думаў, пабачу каштоўныя творы мастацтва на зададзеную тэму, а сутыкнуўся з кепска зробленымi муляжамi. Ну хiба можа ўразiць пластмасавая дупа, якая вiсiць на сцяне i iмiтуе гук выпушчэння газаў? Цi каго здзiвiць гiдкi манекен старой прастытуткi, якi выскачыць на цябе з цёмнага кутка? Вялiкiя, блага зробленыя цацкi, i больш нiчога. Чым уразiць чучала Мэрылiн Манро, што прыцiскае да сцёгнаў падхоплены ветрам прыпол; цi пудзiла Маты Хары ў час расстрэлу; цi ўкленчаная мiнетчыца з пластмасавым чэлесам каля пластмасавых вуснаў? Парад разбэшчаных лялек. Збор пратэзаў. А вось на гледачоў цiкава глянуць, асаблiва ў залах з фотакарткамi, якiя рабiлiся аматарамi эротыкi выключна дзеля заробку. Амаль усе гледачы iнстынктыўна папраўляюць рукамi свае палавыя органы, прыкладна так, як дэпутаты папраўляюць гальштукi перад выхадам на трыбуну. Ну, калi ты ў Амстэрдаме, дык можна i паправiць напяты чэлес. Нашто трываць? Нашто каб муляла? Нашто рабiць выгляд, што ў цябе няма органа, калi орган ёсць? А так адвярнуўся, паправiў, уздыхнуў i выйшаў з музея эротыкi, хаваючы ў кiшэню калоду парнаграфiчных картаў.