Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
Доктара паставілі між двух каменных слупоў тварам да вакна і прыкавалі ланцугамі за рукі і ногі, так, што ён нагадваў малюнак ідэальнага чалавека Леанарда да Вінчы, хаця такога носу ў ідэальнага чалавека дакладна быць не можа. Лёднік маўчаў, на ягоным худым твары нельга было прачытаць нічога, акрым грэблівай абыякавасці. Затое Пранцысь мімаволі пачаў дрыжэць, і не ведаў, ці зможа годна вытрымаць відовішча, якое тут рыхтавалася. Нарэшце ўсе выйшлі, пакінуўшы вязняў адных. Ліў дождж, ягоны шум здаваўся злавесным, бо крыкі і стогны з глыбінь сутарэнняў ён заглушыць не мог, і яны больш не былі прывіднымі.
— Пранцысь! — цвёрда прамовіў Лёднік.
Вырвіч з цяжкасцю змусіў сябе падняць вочы.
— Паглядзі на мяне! — уладным голасам прагаварыў доктар. — Што б зараз ні адбывалася, проста заплюшчы вочы і думай пра іншае. Пра Паланэю Багінскую, пра лацінскія спражэнні… Ды хоць пра сябра свайго Вараня. Памятаеш, як мы практыкаваліся — канцэнтрацыя, лічыш свой пульс, сочыш за дыханнем… Памятаеш?
Пранцысь кіўнуў галавой, спрабуючы праглынуць даўкі камяк страху.
— І галоўнае, што б са мной ні рабілі — маўчы! З’ясаваў? — працягваў настаўленні Лёднік, і Пранцысь зноў змог толькі кіўнуць галавою.
Доктар зразумеў ягоны стан і ўсміхнуўся — шчыра, шырока, як ніколі раней не ўсміхаўся, нават аблічча яго памаладзела і папрыгажэла.
— Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Мы выберамся!
Бразнулі засовы, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў чалавек, якога бачыць Пранцысь хацеў бы яшчэ менш, чым князя Гераніма — аднавокі жаўнер. Ягоны мяккі твар з падвойным падбароддзем зусім не падыходзіў вою. Страчанае вока прыкрывала чорная павязка, а другое гарэла лютай нянавісцю. Аднавокі не звярнуў ніякай увагі на Пранцыся. Ён павольна абыйшоў вакол доктара, відовішча пэўна прыносіла яму насалоду.
— Што ж, ты чалавек, як відаць, цёрты… Не просты доктар-клісцірнік. Ваяваў, бізуноў каштаваў… І, напэўна, нічога і нікога не баішся… Так?
Спыніўся перад вязнем, наблізіўся амаль ушчыльную.
— Ты думаў, я здохну? Думаў мяне болей не пабачыць, а, вядзьмак? Ты памыліўся, мы, мужчыны з роду Прашковічаў, жывучыя… А яшчэ мы нічога не забываем. — Рот аднавокага расцягнула невясёлая ўсмешка. — Мой дзед быў жаўнерам у войску Станіслава Ляшчынскага, калі той ваяваў на баку шведскага караля. І аднойчы аднапалчанін абыграў дзеда ў косці, перад гэтым напаіўшы гарэлкай з прыгожых такіх маленькіх шкляных чарак з выявамі райскіх птушачак, якія насіў на шчасце ў адмысловай пушцы, набітай саломай. Падліваў, падліваў — за сяброўства, казаў, нельга не выпіць. І дзед, каб адыграцца, нават стрэльбу паставіў. А назаўтра на шыхтаванні, на якое дзед, натуральна, прыйшоў без стрэльбы, яго адлупцавалі, ледзь не расстралялі. А аднапалчанін смяяўся… Як ты, калі кінуў мне ў вока гэта…
Прашковіч рэзкім рухам падняў проста перад тварам вязня бронзавы стрыжань.
— Пазнаеш? — мяккі твар Прашковіча быў зусім блізка ад змрочнага твару Лёдніка, а бліскучы, старанна завостраны канец старажытнагрэцкага сціла, якое калісь належала шкаляру Вараняці, ледзь не дакранаўся вока доктара. — Дык вось… Мой дзед выжыў, і ягоны шчаслівы супернік таксама. Яны па ранейшаму лічыліся сябрамі. Той паскуднік нават на знак прымірэння і сяброўства падарыў дзеду адну чарачку з райскімі птушкамі. Па дарозе дадому яны спыніліся ў карчме і замовілі свіныя скабкі з фасоляй. Пасля якіх у аднапалчаніна пачаўся крывавы панос. Таму што ў ягоную талерку дзед мой высыпаў даўно падрыхтаванае ператоўчанае на пыл шкло ад тае самае чаркі. Аднапалчанін памёр там жа… Нібы ад нястраўнасці. Карчмара аштрафавалі — за нядобрую ежу. Табе падабаецца такая гісторыя, вядзьмак?
Пранцысь хацеў было выказаць сваю думку пра гнюснасць і подласць пачутай гісторыі, але сустрэўся з цвёрдым позіркам Лёдніка і стрымаўся.
Прашковіч гаварыў, нібыта муркатаў кот, які падбіраецца да птушкі, што патрапіла ў сіло. Раптам голас ягоны змяніўся, засычэў па-змяінаму, сціло дакранулася да шчакі Лёдніка, нібы ўджаліла…
— Як бы я хацеў выкалаць гэтай штукай абодва твае нахабныя вокі! — цяпер Прашковіч аж тросся ад нянавісці, падманлівая мяккасць пакінула ягонае аблічча. — Ці загнаў бы яе ў тваю пячонку, і глядзеў бы гадзінамі, днямі, як ты павольна канаеш!
На хвілю Пранцысю падалося, што жаўнер спраўдзіць свае словы, але той адвёў сціло і вымавіў: