Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Я ніколі не слухала мужа й вось паслухалася яго першы раз, і згасла для мяне сонца, і болей, здаецца, з той пары яно не засвяціла мне на маім шляху. Тулілі мяне да сябе, ад’язджаючы, Міціны, клікалі ехаць разам, плакалі. Апошняй прыйшла да мяне фрау Нот, каб ратаваць мяне й сына, і я не паехала. Доктар Янка Станкевіч[143] угаворваў і клікаў мяне, Лашчанка бянтэжыўся з таго, дзе я застаюся, а мой муж гатаваў нам цяжкую пакуту, глухі й сляпы перад лёсам.
«Што робіце, пані Ларыса,— пераконваў Лашчанка,— ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзве магчымасці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесці, што ён не меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчаслівы чалавек, што ж, ён быў нежанаты, і ніхто не ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям... Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.
Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бяссільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа майго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанеслі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка не спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем’і і за жыццё скоўваў ім языкі й рукі.
I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, дзе ў цяжкіх варунках размяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэшскай рабочай сям’і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фельчарам. Гэта быў студэнт медыцыны, які, калі немцы закрылі чэшскія універсітэты, не пажадаў ехаць канчаць студыі ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.
Моцна трымаўся нашай сям’і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, — каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!
Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, дзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям’я была асвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г.зн. каралева. Ядвіга пасля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзвёх дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна спяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеннем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было смешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разлічваліся за драбніцы, паспявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям...
Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі следавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амерыканскай разведкі. А мы тых амерыканцаў не бачылі ў вочы, дый яны не ведалі аб нашым існаванні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зняволеным на Панкрац (пражская турма), а часам і дапаможа паважна.
143
Станкевіч Янка (1891–1976) — мовазнавец, гісторык, педагог. Аўтар «Беларуска-расійскага (Вялікалітоўска-расійскага) слоўніка» (Нью-Ёрк, 1990).