З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
Гэта нас жывіць.
* * *
У «Литгазете» — Васіль Субоцін. Май сорак пятага, здабыты Берлін. I ён, малады афіцэр, фота, на якое хочацца глядзець... Няма тут адраса, каб напісаць яму. Дый не памятаю ўжо, ці мы з ім на «ты» ці на «вы». Напішу пазней, у Мінску, прачытаўшы яго пісьмо, ужо тым часам i даўняе, водгук на «Муштук i папку». Такі нездаровы ён быў, ціхі, удумлівы Васіль Яфімавіч, у канцы 1971-га, у падмаскоўным Перадзелкіне, калі я пісаў пра яго безымянна ў апавяданні «Тройчы пра адзіноту». А вось жа маладзец, трымаецца на сваім васьмідзесятым, новую кнігу закончыў — яшчэ ўсё пра вайну, як падаецца ў газетным слове пра яго.
* * *
Зноў выпадкова Джэральд Дарэл, «Натураліст на мушцы», на гэты раз па-руску. У першай для мяне кнізе гэтага аўтара, «Мае птушкі, жывёлінкі i радня», якую я пазалетась чытаў у польскім перакладзе, англійскі хлопчык, далёка-будучы пісьменнік, на грэчаскім востраве Корфу зачараваны працоўнай мітусянінай мурашніка, шчасліва прыслухоўваўся, як гэта мурашкі, кожная сама сабе, дапамагаюць у працы нягучнай любімай песенькай.
A ў гэтай, другой кнізе колішні хлопчык, ужо недалёкі ад старасці бывалы мужчына, вядомы на ўсёй планеце даследчык прыроды, i ca мной гаворыць з паўночна-вялікабрытанскага вострава Анст. Тут ужо бачу яго загледжаным не на прыземлены мурашнік, заслуханым не ў мурашынае ўяўнае памармытванне песняй. Ён піша:
«Недзе высока ў небе нябачны жаваранак i лілася бясконцая чароўная песня. Калі б зорка, падаючы, мела голас, мне здаецца, яна спявала б голасам жаўрука».
Добра гэта пераклікаецца ў душы — i астравы, i ўзросты, i два мае запісы пра аднаго i пра адно.
...Пацяшаю, апраўдваю сябе тым, што мае бясконцае чытанне — гэта не спосаб цікавей праводзіць час, не прывычка вучыцца, хоць i гэта, адно i другое, важна, а перш за ўсё яно, чытанне, можна назваць адчуваннем шчаслівай прысутнасці ў агульналюдскім свеце глыбокай думкі i чыстага пачуцця.
A ў выпадку з Дарэлам гэта яшчэ i агляданне неабдымнага свету прыроды, шчасце сыноўняй удзячнасці.
...Той ганарыста-важны самец-малпа, важак, што элегантна ласаваўся памідорам, найбольшым з тых, якім i нас на вымушаным дарожным прыпынку з незразумелай прыязнай ветласцю пачаставаў чорна-худы паўдзённы індыец, гаспадар прыдарожнага агарода, i якім, у сваю чаргу, адзін з нас пачаставаў важака чародкі малпаў, што адразу ж, як толькі мы спыніліся, богведама адкуль з'явіліся каля нас пацешным гуртам. Праўда, побач быў лес. Наш чорны i босы шафёр корпаўся ў маторы старога легкавіка, а мы, два беларускія дэлегаты, навуковец i літаратар, работнік Таварыства дружбы Індыя — СССР доктар Шастры i малады перакладчык з консульства, сядзелі на траве, елі цёпла-сакавітыя памідоры i любаваліся самавіта-ганарлівым важаком. Ён акуратна, моўчкі чысціў пазурыкам падораны памідор ад скуркі, пакрысе адкусваў яго i няспешна жаваў, можна сказаць, у глыбокай задуме. А вакол яго, найбліжэй з усёй гуллівай чародкі какетліва круцілася шустрая самачка, з яўным намерам дамагчыся свайго. Аказалася —важацкае сэрца не камень. З недаедзеным памідорам у жмені, як быццам толькі між іншым, па грамадскім абавязку, ён задаволіў яе кароткай атакай, а прыгажуня (можа, па-іхняму, i прыгажуня), прыняўшы патрэбнае, адбеглася i да непазнавальнасці знікла ў групе дарослых i яшчэ весялейшай малечы.
Важак прадоўжыў сваё акуратна-маўклівае, важнае даяданне памідора, а мы, нават i вечна стрыманы містэр Шастры, перажывалі пэўнае ажыўленне. Відаць, не думаючы, што гэтае здарэнне будзе памятацца так доўга, ды так здалёк, з канца 1967-га, са штата Майсор у Паўднёвай Індыі.
А можа, помніцца яно толькі мне, часамі нават прымяркоўваючы да людзей?
Цяпер вось успомнілася над той Дарэлавай старонкай, дзе ён свабодна, ярка паказвае птушыны базар на раскошным поўдні Францыі, i мяне заразіўшы сваёй вясёласцю.
* * *
На вячэрнім тэлеэкране ўрачысты канцэрт. Вымуштраваныя сувораўцы i па-анёльску лёгенькія дзяўчаткі — у мазурцы. Пад мелодыю ўраз згадалася сваё — мой школьны «мазур» на заканчэнні чацвёртага класа. У пары з дачкой купца-«цялятніка» Фунта, непрыгожай, з уцягнутым падбародачкам Эляй Фунтуўнай. Не памятаю танцора другое пары, а толькі яго напарніцу Жэньку i маю адзінаццацігадовую рэўнасць...
Касцюмы ў нас былі «мазурскія», з рознакаляровай карбаванай паперы, з бесказырнымі «рагатыўкамі». Толькі боты ў хлопцаў свае, вядома ж, не хромавыя, да танца цяжкаватыя.
Такі артыстычны дэбют. А потым добра танцаваць i плаваць, як старэйшы брат Міхась, я i праз рэўнасць не навучыўся.