Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
З людзьмі і сам-насам - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

З людзьмі і сам-насам

Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:

Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 92
Перейти на страницу:

...Маладая дыктарка дробна ды ясненька сячэ перакладзенае іншымі: «З-за гэтага каштавала туды паехаць». У сэнсе рускага стоило.

...Зрэшты, i ў сталічнага карэспандэнта радыё «Свабода» неяк пачулася: «Тады яму апранулі кайданкі». А потым — яшчэ лепш, ажио боязна, што можна i не паверыць: «Ён апрануў боты»... Усё роўна ж ад аднаго надевать.

* * *

Увосень 1988-га, на адным з трыумфальных мінскіх канцэртаў Данчыка, у перапынку да мяне падышоў малады мужчына, сказаў, што ён настаўнік, сын Пятра Конюха, нядаўна быў у яго ў Канадзе. «Бацька вас памятае»,— дадаў з прасцяцка-шчырай усмешкай. А пра Данчыка пахваліўся, што з бацькам яны сябры, што Данчыку той памагаў ставіць голас.

«За польскім часам», як у нас гаворыцца i сёння, з Пятром у мяне нейкай большай блізкасці не было. Ён нашмат старэйшы за мяне, хоць такая розніца ва ўзросце не перашкаджала мне сябраваць з іншымі старэйшымі хлопцамі ў нашым мястэчку Турэц, аднак яны былі «кніжнікі», чым Конюх, помніцца, асабліва не вызначаўся. Наколькі я ведаю. Аднак я паслаў яму сваю новую кнігу «Ад сяўбы да жніва», атрымаўшы ў яго сімпатычнага сына адрас.

Ці гэта таму, што Канада ўсё-такі далекавата, а мы ўжо былі старыя i тады, ён на дзевятым, а я на восьмым дзесятку, з перапіскай не вельмі спяшаліся, наша збліжэнне наладжвалася з вялікімі паўзамі. Кнігу паслаў я напрадвесні, ён напісаў мне пад восень. I прыемна было, што наш славуты ў замежжы спявак піша... ну, земляку-пісьменніку, што паміж намі, людзьмі роднай культуры, нарэшце наладжваецца нейкая лучнасць. Трохі дзіўным, нават i смешным здалося тое, што ў пісьмо, напісанае дастаткова прыстойна па-беларуску, была ўкладзена дваццацідоларавая купюрына. Але ж i прыемна было, што там, у Новым Свеце, мяне крыху ведаюць. Пятро спасылаўся на Вітаўта Тумаша, «каторы напісаў некалькі кніг аб Ф. Скарыне», а да таго яшчэ «ён твае кнігі выкупліваў у савецкім магазіне ў Нью-Ёрку i многім беларусам высылаў...».

Пасля пэўнай паўзы я паслаў Пятру альбом пра мяне, напісаўшы, што гэта — «напамінак пра нашы родныя мясціны». Пасля ў маэстра была спроба пабудаваць сабе домік у тых родных мясцінах, i ён цераз сына звярнуўся да мяне па магчымую дапамогу. Я пачаў варушыцца, але, як неўзабаве аказалася, дарма,— бязладдзе старое змяшалася з новым... А тады наступіла яшчэ даўжэйшая паўза — да некралога ў заакіянскай газеце «Беларус», падпісаным яшчэ адным земляком, маладзейшым за нас абодвух, Янкам Запруднікам, Сяргеем Вільчыцкім з Міра.

Дарэчы, у некралогу адна істотная недакладнасць. «У Італіі ён апынуўся,— піша Запруднік пра Конюха,— як i шмат хто з колішняй Заходняй Беларусі, што былі ў 1940-1941-м вывезены ў Сібір, праз маршрут Іран — Ірак — Палестына ды паходы польскага генерала Андэрса». Пятро Конюх не быў вывезены, ён дасканаліўся ў расійскім Ржэве на ільнаводчых курсах, жыў там адзін, без жонкі i дзетак, дзе i застала яго вайна. Як былы польскі жолнеж, здаецца, нават i капраль, трапіў да Андэрса, ну i гэтак далей.

Я змалку ведаў гэтую сям'ю. У школу хадзіў з Пятровымі маладзейшымі братам i сястрой, мой брат служыў у польскім даваенным войску разам з Пятром, які пасля ажаніўся з адной з маіх школьных сябровак. З ёю я сустракаўся ў пасляваенны, нялёгкі ў яе, бязмужны час. Бачыў i сына іхняга, будучага настаўніка, а тады студэнта, што на «гулянні» ў нашым вясковым клубе ахвотна i хораша іграў на акардэоне, які яму, як з пашанай гаварылася, славуты бацька прыслаў, здаецца, з Італіі.

Ад некралога спакваля, з лёгкім усмешлівым сумам у памяці паўтарыліся некаторыя малюнкі школьната маленства.

Як мы крыкліва-весела назіралі за спартыўнымі спаборніцтвамі пажарных камандаў з розных вёсак гміннага наваколля. Верхам на слізкім бервяне, высакавата над зямлёй, з мяшком у правай руцэ, напалавіну ці менш напоўненым сенам або саломай,— так збівалі адзін аднаго з бервяна. І ніводзін не мог утрымацца на ім — усіх збіваў дужы ды спрытны Конюх. Найлепш запомніўся мне толькі адзін са збітых. Вузкатвары ды белабрысы дзяцюк з недалёкай вёскі Лядкі, адкуль пасля, ужо ў савецкі час, нястомны ў сваіх фальклорных пошуках Генадзь Цітовіч вывеў у людзі «Лядкаўскую кадрылю». Сустрэўшыся з тым лядчанінам у партызанах, я ажно засмяяўся міжволі, як быццам зноў убачыўшы той жах на яго кадрыльнай белабрысасці пад сіняй пажарніцкай канфедэраткай, у момант горкага падзення з бервяна на вытаптаную траву...

Успомнілася таксама, як Пятро, які для нас, падшыванцаў, быў найгалоўнейшым у нядаўна арганізаваным духавым аркестры пажарнай каманды — гарністам. На кожным з паньствовых святаў ён іграў на сваім горне збор на пачатак урычыстасці. Спачатку, пакуль ён няспешна ды важна зыходзіў з ганка Людовага дома, выходзіў далей на «места», як называлі тады местачковую плошчу, спыняўся на пагорачку, мы, меншыя школьнікі, суправаджалі яго захопленай чарадою. А пасля заміралі ў чаканні, калі ён уздымаў сваю ярка-бліскучую трубку да прыкметнай таўстагубасці i — нарэшце!— іграў заклікаў!..

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 92
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)