Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 101
Перейти на страницу:

— Прыдаўся б. Але ведаеце што, панове. Вам ёсць справа да таго, каму зараз спадчына пустэльніка дастанецца?

Абвёў вачыма абураных спадарожнікаў.

— А мне неяк абыякава! Адзін аднога вартыя. Хай Гасподзь управіць, аб чым я і памалюся. О, вось ужо і ўправіў. Амін.

З купкі, што біліся за валоданне світкам, раздаўся расчараваны дзікі крык.

— Я ж казаў, папірусу не менш як тысяча гадоў, — меланхалічна прамовіў Лёднік. — Як ён яшчэ ў мяне ў пальцах увесь не рассыпаўся. А вось тузанулі добра — і рассыпаўся, спадарства. Пыл на вецер. І што з таго? Словы ж засталіся!

— А вось цяпер уцякаем. — змрочна прамовіў Пранціш, калі брама расчынілася, каб прапусціць гарадскую варту.

На маленькім пляцы, абкружаным шэрымі сляпымі дамамі, ліцвіны нарэшце прыпынілі бег. За імі ляцеў, на хаду здымаючы маску, шыракаплечы вусач, з тых, што біліся за шафар у двары аспідале.

— Ну, і ўчынілі вы, панове-брацці! — Пан Рысь не мог аддыхацца. — Ледзь за вамі паспяваў — то па небе леціце, то святынямі раскідваецеся.

Схіліўся, каб адперхацца.

— Праклятыя венецыянцы, кругом мора, а вады пітной няма! Толькі цэбры жалезныя, каб дажджавую ваду збіраць. Ніводнага нармальнага калодзежа ці фантана.

Адпіў са сваёй біклажкі, абцёр чорныя вусы.

— Нат не ведаю, што параіць. Я, вядома, пастараюся пана Караля суцешыць, распісаць, як Панятоўскі з трухой застаўся. І пані Апалонія дапаможа — вось жа з’явілася ў цябе прыхільніца, доктар.

Лёднік уздыхнуў:

— Усё ў волі Божай. І вам, пан Гервасій, з паннай Рэгінай — на першы ж карабель, ды ў Амерыку. У Трыбунал лепей проста ліст дашліце пра незаконнае ўдачарэнне. А мы…

Урачыста ўздзеў маску Прывіда і выгукнуў злавесна змененым голасам:

— А мы вернемся і будзем шукаць панну Праксэду!

У Алеся ажно вочы падазрона заблішчэлі. Але сентыментальнічаць яму не далі. За рукаў настойліва тузалі:

— Пан Аляксандр, а раскажыце, як вы ляцелі? Анёлаў бачылі? А можна яшчэ раз паўтарыць, каб і я з вамі паляцела?

А вакол шчэрыліся каменныя ды жалезныя львы. Ды не тыя, што верна захоўваюць святое слова, а зусім наадварот. У пашчы гэтых пачвар, што разіналіся ў сценах ля ўваходаў у важныя дзяржаўныя ўстановы ці храмы, добрасумленныя месцічы стагоддзямі кідалі даносы на сваіх суграмадзян ці падазроных прыхадняў.

Неадменна не адзін такі леў у бліжэйшы ж час праглынуў цыдулкі пільнікаў наконт блюзнерскіх дзікуноў, якія лётаюць у небе, падобна нячысцікам, б’юцца раз’юшана, лаюцца непамысна і замыслілі штось супраць вялікай марской рэспублікі і ейных уладароў.

Так што прыхадням дужа пашанцавала. Першы ж карабель у Амерыку адыходзіў усяго праз тыдзень. На гэты тыдзень перабраліся на ўсялякі выпадак у іншы гатэль, зладжаны ў былым кляштары. Мяркуючы па ўсім, тут быў ордэн флагелянтаў — дасюль на відным месцы з глыбокай пашанай дэманстраваліся прылады, з дапамогай якіх мніхі дагаджалі Госпаду: бізуны, розгі, тоўстыя вяроўкі з завязанымі вузламі, чорна-брунатныя ад бруду і, напэўна, засохлай крыві. Вырвічу так і мсціліся крыкі болю, калі клаўся ў даволі мяккі ложак, перасыпаны персідскім парашком вытворчасці Баўтрамея. Хаця вунь у Пане Каханку звычай ёсць: як прыязджае ў які кляштар, наймае самага тоўстага мніха, каб лупіў сябе ў выкупленне грахоў спачылага кумпана, пана Міхала Валадковіча. А іначай прывід Валадковіча ноччу ля ложка Пане Каханку стаіць.

Дарэчы, з Радзівілам. Прынамсі, не паслаў запраторыць у тую ж Поцы. Дужа задаволены застаўся ліхтарнай ноччу, палётам малодшага Лёдніка, ну і тым, што Цялок без рэліквіі. Яшчэ і шпегаў удалося вылічыць сярод прыдворных, якія кінуліся даганяць лётаючага ліцвіна і адбіраць у яго трубу.

Але за пару дзён перад адплыццём Агалінскіх Лёдніка ўсё-ткі выклікалі ў палац князя. Доктар прыхапіў сваю валізку і пайшоў адзін. Пранціш і Алесь змэнчыліся, чакаючы. Амерыканец змрочна дэкляраваў адкласці ад’езд, калі зноў доктара трэба будзе выцягваць са студні. І гідліва касавурыўся на маленькага кажана, якога Алесь Лёднік трымаў у далонях і няўважна дазваляў пагладжваць захопленай князёўне. Кажанчыка дактаровіч падабраў у двары аспітале (калі толькі ўмудрыўся?), і адпойваў малаком. Нельга ж гінуць жывой істоце.

Баўтрамей вярнуўся пад раніцу. У суправаджэнні двух радзівілаўскіх слуг, якія цягнулі і яго, і ягоную валізку. П’яны. Час ад часу падымаў доўгі палец угару і прамаўляў на лаціне: «Марная марнасць, і ўсё марна ў гэтым свеце». Белая маска Прывіда надавала словам значнасць і гудкасць.

Праспаўшыся, Лёднік збянтэжана буркатнуў пра магнатаў, якім немагчыма адмовіць. Значыць, усё-ткі пасядзеў з Пане Каханку за сталом. Наконт медычнай кансультацыі ўспаміны былі цьмяныя. Палез па кішэнях камзола, шукаць сваіх запісаў, і застыў са жменяй заціснутых у руцэ каштоўнасцяў, якімі былі напханыя кішэні. Залатыя ланцугі, маністы, сыкгнеты, дукаты.

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)