Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Не паспеў Алесь прызямліцца сярод паненак у цёмных манаскіх сукенках з белымі каўнерчыкамі.
— Гэта да мяне! Ай, брава, якая смеласць!
— Чаму гэта да цябе, лахудра? Гэта той малады сіньёр, які падміргваў мне ў касцёле!
— Не табе, а мне!
Алеся схапілі дзясяткі пяшчотных тонкіх ручак:
— Сіньёр, туды, туды, хавайцеся.
Гучны голас пані, якая тут, відаць, была за галоўную, дапытваўся, што за гармідар, што за смяццё валяецца пасярод двара, але юны ліцвін аказаўся засунуты ў драўляную нішу з краткамі, на шчацэ падсыхалі пацалункі.
— Гэта нейкая карнавальная штука звалілася!
— Відаць, паветраны змей, мадам!
Зноў крыкі, на гэты раз з мужчынскай лаянкай. Чорны Прывід злавесна выгукнуў:
— Алесь, ты дзе?
Дактаровіч ледзь выламіўся са скрыні, куды яго засунулі міласэрныя венецыяначкі, што не стрымалі зараз расчараваных стогнаў.
— Пан бацька, я тут!
Карціна вымалявалася, як на сцэне італьянскага тэатра. Невядома толькі, у духу Гоццы ці Гальдоні, вечных супернікаў. Відаць усё-ткі, Гоццы, прыхільніка казкі і маскі. Праз сцены лезлі іншыя персоны, хто ў касцюме Арлекіна, хто Панталонэ, на чыім хто баку, незразумела, але мэта ўсіх ясная: металёвы цыліндр, які Аляксандр Лёднік пяшчотна прыціскаў да грудзей. Іншай зброі ў пана не было.
Затое ў астатніх была.
Заліхвацкі свіст у чатыры пальцы засведчыў, што падбегла цяжкая кавалерыя ў асобе пана Агалінскага, і паненка Рэгіна заняла стратэгічна выгадную пазіцыю на версе сцяны. Ейны татухна натхнёна гарлаў:
— Пасяку, сучыя дзеці! За Літву!
Але гэта была не Літва, а шалёная ноч венецыянскага карнавалу. Бліскалі шпагі, рапіры і шаблі, бліскалі зоры, паходні і феерверкі, бліскалі ўпрыгожванні ўбораў і масак, вішчэлі выхаванкі аспідале, то ад жаху, то ад захаплення.
— Дай сюды, сыне!
Лёднік выхапіў у Алеся здабытае ў пашчы льва Святога Марка і, як запраўскі акрабат, ускараскаўся на чарапічны навес пад абразам Маці Божай над уваходам у адзін з будынкаў аспідале. Не зважаючы на варожы вір унізе, раскруціў цыліндр, дапамагаючы нажом. Дастаў адтуль нешта светлае. Пасунуўся бліжэй да лампады, якая асвятляла абраз. Старыя паперы. Знайшоў час чытаць! Вунь сын ягоны здабыў шпагу ды б’ецца адразу з двума.
Раптам глыбокі голас звона змусіў замерці сцэну. Гэта Чорны Доктар тузануў вяроўку маленькай званіцы, зладжанай над абразом.
— Аueіrе vocem Dei! Legatum Santa Torello!
У Бутрыма голас таксама быў, калі трэба, пераканаўчы ды гучны. Лёднік зняў маску Прывіда і разгарнуў папяровы світак:
— Перакладаю на лаціну. Verba Ecclesiastes filii David regis Hierusalem. Vanitas vanitatum dixit Ecclesiastes vanitas vanitatum omnia vanitas. Quid habet amplius homo de universo labore suo quod laborat sub sole, generatio praeterit et generatio advenit terra vero in aeternum stat.
Што такое? Гэта ж Эклезіяст. Біблія. «Марная марнасць, сказаў Эклезіяст, марная марнасць, — усё марнасць! Якая карысць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? Пакаленне прыходзіць, і пакаленне сыходзіць, а зямля векавечна стаіць».
— Шаноўныя прэтэндэнты на рог Ісуса Навіна, Святога Георгія, альбо што вы там сабе ўяўляеце! — гукнуў Лёднік на чысцюткай лаціне, якую Пранціш усё-ткі засвоіў, як належала пііту. — Вось гэта ён і ёсць, здабыты намі ў пашчы каменнага льва на калоне Святога Марка. Самая бясхібная, святая зброя, якая належыць усім — і нікому з зямных уладароў. Світак, няма сумніву, рарытэт. Напісаны на старагабрэйскай, магчыма, у часы, калі Госпад наш хадзіў па зямлі. Менавіта яго і атрымаў святы Тарэла ад рымскага папы Іяана Дваццаць Трэцяга.
— Што ты вярзеш? Гэта ж не труба! — выгукнуў хтось на польскай мове.
— У сімвалічным сэнсе — менавіта шафар, святы рог. Сапраўдны вернік не можа не прызнаць, што Слова Божае здольнае рушыць сцены. Амін.
Лёднік перахрысціўся, пачціва паклаў паперу і футарал ад яе перад абразом і спрытна саскочыў на зямлю. Зараз жа з дзясятак малойцаў кінуліся караскацца па святыню. Бутрым падбег да сваіх:
— Рушылі!
— Чакай, і ўсё пакінем, дзеля чаго рызыкавалі? Можа, ты, Бутрым, добра не разгледзеў, і там якісь тайнапіс? — сярдзіта азваўся расчараваны Пранціш.
І Алесь падціснуў вусны. Дзеля чаго над горадам на вяроўцы боўтаўся, як балванчык?
— Што мы тут стаім ды назіраем? — раззлаваўся пан Агалінскі. — Панятоўскаму і світак ад міфічнага продка прыдаўся б!
Бутрым з горкай насмешкай паглядаў на бойку ў двары.