Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Сустрэча з самім сабою - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сустрэча з самім сабою

Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:

Новая кніга прозы Сяргея Грахоўнага вяртае чытача ў рамантычную пару юнацтва камсамольцаў 30-х гадоў, у суровы час класавай барацьбы, расказвае пра чыстае і светлае каханне, пра лёсы людзей працы. У кнізе знайшлі месца ўражанні аўтара пра першыя дні будаўніцтва Наваполацка і нафтаперапрацоўчага завода, пра нашых сучаснікаў.
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 94
Перейти на страницу:

Каб неяк завязаць гаворку, пытаюся ў гаспадыні:

— Сын?

Яна толькі кіўнула галавою.

— Відаць, служыць яшчэ?

— Прыйшоў, дзякаваць богу, а цяпер на шофера ў раёне вучыцца, трэці месяц, як там. У суботу вечарам прыбяжыць, дроў наколе, вады наносіць, двор падграбе, а ў панядзелак на досвітку — зноў паляціць. Скора вернецца зусім, тады і мне весялей будзе. А то дзень пры дні адна, як той таўкач, сноўдаюся па хаце, і слоўца няма каму сказаць. Пакуль служыў, толькі і жыла яго пісьмамі, а цяпер, пакуль прычакаеш тае суботы, усе вочы прагледзіш.

— Прыедзе з курсаў, а там, глядзіце, і нявестку прывядзе, унукі загугукаюць. От тады весела будзе,— пажартаваў я.

— Дай жа божачка... Родная мамка не прычакала, дык, можа, я дажыву.

Я крыху разгубіўся, не ведаючы, што казаць. Распытваць, кім даводзіцца хлопцу яна, не адважваўся, каб не ўразіць самае балючае ў сэрцы гэтай немаладой спрацаванай жанчыны, змаўчаць, прыкінуцца, што не пачуў ці не зразумеў, што яна сказала, таксама няёмка. Падумалася — распытаю заўтра ў суседзяў, але і абразіць яе абыякавасцю ніяк не выпадае. Мнуся і маўчу, думаю, як далікатней пачаць гаворку.

Цётка Ганна тупае каля печы. На прыпечку на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба, патрэскваюць смалякі, на сцяне, супроць печы, дрыжыць няроўны бляск агню. У гэтым аранжавым крузе то з'яўляецца, то знікае сагнуты цень гаспадыні. Я бачу яе вялікія вузлаватыя рукі з набрынялымі жыламі, з-пад белай хусцінкі выбілася пасма шэрых валасоў. Відаць, некалі яны былі чорныя, а цяпер да іх прымяшалася густая сівізна. Цётка Ганна падобна на ўсіх тых адзінокіх вясковых кабет, што зведалі многа працы і гора і так мала бачылі радасцей.

У хаце цішыня і змрок, пад акном, у гародчык, гойдаюцца чорныя сілуэты вяргіняў і шуміць тонкая вішанька, асенні вецер трымціць незакітаванаю шыбінаю. У такую шарую гадзіну ўспамінаецца далёкае маленства, робіцца цёпла і крышку сумна на душы.

— Чаго ж мы сядзім упоцемках? — спахапілася цётка Ганна, падышла да сцяны, пстрыкнула выключальнікам. А мне яшчэ хацелася пасядзець упоцемках асенняга надвячорка, паслухаць, як шуміць вішанька і трымціць шыбіна ў акне.

На стале ў вялікай паліванай місцы дымілася сопкая бульба, на сподачку ляжалі скрылёчкі ружовага з прорасцю сала і стаялі крамяныя салёныя агуркі. Яны моцна пахлі кропам і вішнёвым лісцем. Я хацеў падзякаваць і сказаць, што павячэраў у сталоўцы, але хіба можна адмовіцца ад такога пачастунку! Мы селі за стол. Цётка Ганна астудзіла бульбіну, зірнула на мяне добрымі глыбока запалымі вачамі, мабыць, адчула, што мне не даюць спакою пытанні, а можа, і таму, што кожнаму чалавеку рады ў гады хочацца расказаць пра самае запаветнае. Яна спакойна, нібы працягваючы толькі што перапыненую гаворку, пачала:

— Дзяцей у мяне ніколі не было. І сям'і сваёй няма. Адзінокая я. Так бы адна і звекавала. А ў вайну як дачуліся нашы мужчыны, што немцы ўжо ў раёне, пабралі пілы і пачалі валіць лес на шлях — крыж-накрыж, сасну на сасну. За двое сутак загацілі дарогу да самага сяла, а самі, хто з дубальтоўкаю, хто з сякераю, падаліся ў лес. Пазней у іх і аўтаматы і кулямёты аднекуль узяліся. А дзе яны ў першыя дні тых мінаў набралі, ніхто не ведаў, але начаплялі іх ледзь не пад кожную дзеравіну. Паткнуліся немцы на дарогу, ды назад, бачаць — без галоў астануцца. Тады пагналі паліцаяў. Ну ж і палягло гэтых бобікаў, пакуль дапялі да нас. Уварваліся ў сяло, а следам за імі ідуць гэтыя вылюдкі з трупімі галоўкамі на шапках. Перавярнулі ўсе хаты, пуні абшасталі, стагі развярнулі, а мужчын — трасцу, аніводнага няма. Тады за баб узяліся. Відаць, падтыкнуў нехта — чые падаліся ў лес.

На вуліцу павыганялі босых і проставалосых. Толькі ўдоў і незамужніх не чапалі. А ў Алены, царства ёй нябеснае, дзіцятка маленькае на руках.

Накінула яна доўгі кажух, затуліла ім хлопчыка, грудзі дала, каб не плакаў, і стала разам з усімі. А на дварэ ўжо добра падшэрхла, і сняжок пачаў церусіць. Стаяць, гаротніцы, апусцілі галовы, маўчаць. А нейкі маленькі тоўсценькі немчурок па-нашаму ўсё дапытваецца:

— Куды пахавалі сваіх бандытаў? Паказвайце, а то пастраляем.

А жанкі зноў за сваё:

— Ні сном ні духам не ведаем, куды яны скруціліся.

Да змроку біліся з імі, тыя з трупамі галоўкамі на шапках, так нічога і не выпыталі. Потым, мабыць, старшы, у акулярах, нешта каркнуў, і паліцаі пачалі рулямі папіхаць жанок у спіны, прыкладамі біць і пагналі ўсіх на той канец сяла, у хвойнічак. Сэрца ў мяне так і зайшлося, хата кругам паплыла, хацелася кінуцца ўслед, енчыць, прасіць, маліць, каб злітаваліся. Ды хіба ж іх упросіш: не людзі гэта — ваўкі кручаныя.

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 94
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)