Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Ды я да вечара вольны як быццам, — згадзіўся дапамагаць я і тут жа папрасіў: — А вы мяне вечарам не закінеце ў адно месца? Недалёка, кіламетраў дваццаць.
— Добра, дамовіліся. Гэта хутчэй будзе, чым вароты зварыць.
— А вы зваршчык? — спытаўся я, каб працягнуць размову.
— Ды ну. Журналіст я, былы, праўда, — усміхнуўся без смутку Сяргей. — Апазіцыянер пракляты. Газету закрылі, а тут і жонку скарацілі на фабрыцы. Вось і падаўся ў заробкі. Два гады чорнарабочым быў, пасля навучыўся варыць. Усё лягчэй, чым цягаць на дзясяты паверх бетон вёдрамі. З таго часу і зарабляю вось так.
Надзея прынесла каву, яшчэ на падносе пірог.
— Ешце, мужыкі. Як справы, таварыш следчы, злавіў злачынцу?
— Ага, дваіх ужо, — адказаў я ў тон. — Першы быў Цмок, а цяпер во і другі знайшоўся — Яшчур.
— Ого! — шчыра здзівілася Надзея. — Хутка ты, Васіль, усіх нашых міфалагічных істот пасадзіш у турму.
— Дык і Яшчур — стварэнне інфернальнае, д’ябальскае?
— Табе праўда нешта падобнае гаварылі? — сур’ёзна запытала Надзея.
— Праўда.
— Ну і справы сёння ў следчага пракуратуры, — паблажліва, як мне падалося, усміхнуўся Сяргей.
— Вам смешачкі, а ў мяне галава дурэе ад гэтай чартаўшчыны.
— Выбачайце, але ж так нечакана, — павініўся Сяргей. — Якім чынам у крымінальнай справе могуць быць задзейнічаны Цмок ды Яшчур? Дзіўна вельмі. Хто сёння такія мянушкі бярэ?
— Не ведаю я, мянушкі гэта ці нешта іншае. А вы і пра Цмока штосьці сваё ведаеце, і пра Яшчура?
— Ды мяне во Надзея сваімі казкамі заразіла, — ласкава ўпікнуў Сяргей сястру. — Я ёй у рэдакцыі крадком цэлую кнігу набіраў.
— Вой, там ужо і кніга была.
— Ага, ледзь не папаўся сваёй гестапаўцы-рэдактаршы!
— То ж я табе заплаціла!
— Ага, пляшкай самагонкі.
— А больш і не каштавала!
— Чакайце, чакайце, калі ласка, — я ўмольна ўзняў далоні. — Што за Яшчур? Пра Цмока я ведаю: з яйка ад чорнага пеўня. А Яшчур?
Надзея пільна зірнула мне ў вочы, можа, каб упэўніцца яшчэ раз, ці не жартую я, і з уздыхам пачала тлумачыць:
— Вой, Васіль, калі Цмок яшчэ больш-менш вядомы, дык Яшчур у міфалогіі ўвогуле самая цёмная істота. Нідзе ніякага намёку на тое, як ён выглядаў і што рабіў. Да нас дайшло толькі адно — дзіцячая гульня. Дзеці абіралі сярод сваіх Яшчура, хлопца, садзілі яго зазвычай пад арэхавы куст. Дзяўчаты ў вянках вадзілі карагод, Яшчур выбіраў сабе дзяўчыну, забіраў яе вянок. І так — ва ўсіх. Пасля дзяўчынка павінна была выкупіць вянок: танцам, спевамі, пацалункам, нейкім іншым дзеяннем. Вось і ўсё, вядомае.
— І? Ад чаго пайшло? — збянтэжана запытаўся я. — Ну якім бокам гэта дзіцячая гульня звязана з маёй справай?
— Ды ніхто толкам не ведае, — вінавата ўсміхнулася Надзея. — Зазвычай дзіцячыя гульні заснаваны на сапраўдных абрадах, але сэнс гэтага не можа патлумачыць ніхто. Бо гульня не толькі спрашчае абрад, развіваючыся з яго, яна пазбаўляецца шмат якіх элементаў, губляе першапачатковую сутнасць. Адно дакладна: Яшчур звязаны з ахвярапрынашэннем — тыя ж дзявочыя вянкі. Ну і тут жа сексуальны кампанент.
— Во як?!
— Канешне: пацалункі, выкуп за жаданне, арэхавы куст. Арэх заўсёды атаясамліваўся ў нашых продкаў з палавым пачаткам. Загадка такая была: рос-рос, са штаноў вырас, галоўкай загаліўся — дзеўкам згадзіўся. Гэта ж арэх, ляшчына. Чытала адно меркаванне: Яшчур — нейкае вельмі ж страшнае бажаство, якому трэба было прыносіць у ахвяру маладую жанчыну, адначасова то быў і працэс ініцыяцыі, то бок, дзяўчат, якія дасягнулі палаваспеласці, пасвячалі такім чынам у жанчыны. Толькі навошта ахвяра — невядома. Можа, каб іншыя нараджалі. Сустракала і іншае тлумачэнне, няхай і вельмі прымітыўнае, частковае, але не пазбаўленае логікі. Яшчур насамрэч старэйшына племені ці вярхоўны жрэц, які праводзіў агледзіны дарослых дзяўчат. І карагод вадзілі яны голымі, а ён выбіраў сабе ці то памочніцу, ці то наложніцу. Адначасова з гэтым дазваляючы найбольш спелым выходзіць замуж у бягучым годзе.
— От жа добра таму жрацу жылося, — пацмокаў жартаўліва Сяргей. — Сядзі сабе ў кусце і выбірай. О, я б доўга выбіраў з таго карагода..
— Маўчы ўжо, толькі языком ты выбіраеш. Як ажаніўся, дык адной падавіўся, — адгукнулася Надзея.
— Нічога не зробіш, так лёс з мяне злосна пажартаваў — зрабіў адналюбам!