Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Па пояс голы, у адных трусах, адкаркаваў бутэльку, наліў каньяку і выпіў, плюхнуўся ў крэсла. Ну і няхай! Яшчэ пабачым, ці так з табой было добра, як будзе сёння з Зіначкай…
І было прыкра. Да болю прыкра. Найбольш пякло за сябе, ранішняга, які ўяўляў сябе ў ложку, мнучы вялікія Зіначкіны грудзі і цалуючы іх смочкі. Маладушна спісваў той настрой на сваё пахмелле, на злосць. Дык жа і Надзея магла раззлавацца. Але каб вось так мне дэманстраваць… дэманстраваць мне сваю абыякавасць, нават сваю пагарду да мяне… Навошта яна так? Навошта яна зараз штурхае мяне да Зіначкі? Чаму яна не пачакала гэты дзень, усяго нейкіх дзесяць гадзін? Навошта яна так… адразу?
Выпіў яшчэ. Апрануўся ва ўсё свежае. Крадком выглянуў у акно — Надзея і мужчына сядзелі, як быццам прайшло не паўгадзіны, а хвіліна. Толькі пусты кубак стаяў на прыступцы ля мужчынскіх ног.
Я выйшаў, прымкнуў дзверы, не азіраючыся, не гледзячы ў іх бок, пайшоў, але патыліцай адчуваў: глядзяць яны, глядзяць! І перагаворваюцца. Вось жа не падалося, я чую нягучны мяккі смех Надзеі…
У кожнага ёсць выбар. Надзея выбрала. Я — таксама. Ніякіх прэтэнзій ні да кога. Як там паэт казаў: «Кожны выбірае па сабе».
Лухта! Нічога я не выбіраў. Я качуся, бы той шарык у некалішняй дзіцячай настольнай гульні: тут варотцы, тут слупок, тут канаўка. Адтуль адштурхнулі, там уціснуўся, адгэтуль — па дарожцы гатовай… Пра які я свой выбар? Вось Надзея выбрала. Мо думала пакутліва тыя гадзіны і вырашыла: хоць за зайца, абы яйцы. А я ці выбіраў? Надзея пайшла — ну і хай ідзе. Ці паспрабаваў спыніць-вярнуць? Зіначка задам павяла — пацёгся следам. Я ж і цяпер во іду не таму, што выбраў, а таму, што так склалася мая дарога.
І колькі ўжо я так іду? Колькі гадоў не сам вырашаю, а бязвольна качуся? Дзе і калі я выбіраў? З той першай? Дык жа не сам выплюнуў цягучую гумку адносінаў, а яна перастала жаваць і дала мне зразумець: хопіць. А Надзея? Дамагаўся я яе? Калі б не яе ініцыятыва, не яе жаданне, як бы было? Карыстаюся. Я карыстаюся тым, што мне падае ў рукі. Я — сляпы крот, якому яшчэ і ноздры забіла. Але шчаслівы, бо патрапіў у чужую, даўно закінутую нару. Поўзаю па ёй, падбіраю, што трапляецца. Ці маё гэта жыццё? Ці спрабаваў хоць раз я прарыць СВОЙ ход?
Ці шукаў месца работы перад заканчэннем вучобы? Ат, хай будзе, як будзе, махнуў тады рукой. А яшчэ раней, на першым курсе, калі на дыскатэцы пазнаёміўся з дзяўчынай, і так хораша было з ёй, і ўжо збіраўся ехаць з ёй на другі канец горада, правесці, ды спужаўся тых двух хлапцоў, якія падышлі ў прыбіральні. Папярэдзілі, маўляў, занятая прыгажуня, не лезь. І сёння агідна за той страх, за трымценне пад каленямі і лісліва-зухаватае: «Занятая, дык занятая. Хапае дабра такога!» І пайшоў, подленька радуючыся, што ўнікнуў бойкі, ненавідзячы сябе за маладушнасць, няздольнасць адстаяць сваё. Тады хутка, толькі адышоўся, знайшоў апраўданне: ды ну яе да д’ябла — ездзіць праз увесь горад да яе, дзе той час браць? Але грызла, не адпускала, і стаяў перад вачыма яе мілы вобраз. І вочы тых двух нахабнікаў… Ды якіх нахабнікаў! Адзін з іх дамагаўся свайго, гроб зямлю сваёй нары як умеў і як мог, а я спужаўся. Так лёгка і спакойна жылося, усё неабходнае само падала ў рукі, і знаходзіў добрае і смачнае ў гэтых паданцах. Дык чаго было лезці на стромкае дрэва, абдзіраць да крыві скуру на руках і твары ды яшчэ рызыкаваць без вачэй застацца?..
Я думаў пра тое дарогай, думаў у магазіне, пакуль выбіраў віно (якое браць: сухое ці напаўсалодкае?), цукеркі.
Вось і Зіначкін дом. Адзіная лаўка перад пад’ездам зламаная, ніхто не сядзіць. То і добра.
Прыпыніўся, прыпаліў цыгарэту, выдыхнуў дым. Згадалася: сусед па пакоі меў жорсткае правіла — за дзве гадзіны да планавай сустрэчы са сваёй дзяўчынай ці хоць з нейкай жанчынай кідаў курыць і запіхваў у рот гумку.
Лухта ўсё… Усе коцяцца, і ўсё коціцца. Гэта называецца лёсам. Як выпадае — так выпадае. Выбар, не выбар. Філасофія для аматараў унутранага капання. А мне капацца ў сабе няма калі. Мне трэба перакопваць чужыя лёсы і жыцці. Следчы я, а не гуманітарый са схільнасцямі да суіцыдальнага вершаскладання..
— Адкрыта! — выгукнула Зіначка з-за дзвярэй і тут жа расчыніла іх перада мной.
«Я любіла іншы раз мужа сустрэць голай» — здаецца, так гадзіну таму казала Тамара. Гэтыя словы ўсплылі ў свядомасці міжволі. Канешне, я чакаў, што Зіначка апранецца ў нешта такое, каб максімальна падкрэсліць свае вабноты. Можа, нейкі празрысты халацік без станіка. Ну не вісяць жа яе грудзі скуранымі мяшкамі, хай сабе і вялікія! Ці нейкую асаблівую сукенку з глыбокімі разрэзамі (каб можна было сесці і высока быццам незнарок загаліць сцягно), дэкальтаваную (тады лагчынка між грудзей, сціснутых адмысловым станікам, падасца самым спакуслівым месцам для вуснаў).