Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Дык вось, яшчэ сярод названых павінен быць Андрэй Дылько, ён жа таксама ваш сябар?
— Сяброўства яго з намі не было вельмі моцным, — ціха адказаў за ўсіх Алесь Федарук. — Ён толькі нядаўна тут.
— Дзякую, зразумела. Дык вось, усе гэтыя людзі за чатыры дні да дня смерці Насці Грыцук адпраўлялі ёй эсэмэскі. Прыкладна ў адзін час, усе паведамленні прыйшлі ад 16:00 да 20:00. Упэўнены, вы помніце, пра напісанае. Думаю, не ўсе і сцерлі тыя паведамленні з папкі адасланых. Што было ў тэксце эсэмэсак? Ну… вось, калі ласка, Ганна Латышонак, скажыце калі ласка?
Жанчына з гэтым імем была самая маладая ў спісе. Так і ёсць, паднялася тая рудавалося дзяўчына і адказала без хвалявання:
— Калі ласка, вось я адкрыла зараз. Я пісала: «Віншую! Ты малайчына! Здароўя вам».
— З чым віншавалі?
— Вы ж ведаеце. Насця нарадзіла. Вось і віншавалі.
— Прабачце, а хто вам паведаміў?
— Мне?
— Так, вось вам хто сказаў гэтую навіну? Адкуль вы даведаліся?
Ганна Латышонак разгубілася. І я зразумеў: вось тое пытанне, якое яны не прадбачылі! Нічога дзіўнага. Калі мы да нечага рыхтуемся, мы можам прадумаць сотню дэталяў, а не ўлічыць таго, што ляжыць на паверхні. Так і тут: Насця нарадзіла. То як чуткі гарадскія, але ж было ўсяго дванаццаць, а цяпер — адзінаццаць чалавек, якія віншавалі. Тут праверыць лёгка, ад каго пайшло, тут не спрацуе «ўсе кажуць». Зараз проста па чарзе буду падымаць кожнага.
— Я не помню… — разгубілася дзяўчына. — Я праўда не помню.
— Тады ўспамінайце, калі ласка. Тут жа зусім нямнога людзей, праўда? — падахвоціў я дзяўчыну, зазірнуў у спіс — каго б узняць, хто гатовы пагуляць са мной у гульню і не папасціся? Зараз прыпужнём яшчэ трошкі. — Перад тым, як спытаць яшчэ некага з вас пра гісторыю з эсэмэскамі, я павінен нагадаць вам, што за лжывую інфармацыю прадугледжана адказнасць перад законам, і вельмі нават строгая.
— Ну, не трэба нас так запужваць, — азваўся Алесь Федарук. — Ніхто не збіраецца нешта ад вас утойваць. Так, мы ўсе віншавалі Насцю з нараджэннем дзіцяці. Адкуль ведалі? Ды вось. Антаніна Пятроўна, калі ласка, скажыце.
Зразумела, Федарук кіраваў. І яго зварот да жанчыны азначаў тое, што яны абгаворвалі, прадбачылі падобнае развіццё гутаркі. Цікава, што я пачую.
Узнялася з месца жанчына гадоў трыццаці пяці, падцягнутая, з вельмі сімпатычным, круглявым загарэлым тварам, які не псавала нават мноства тонкіх белых валаскоў па краях верхняй губы. Я паспеў зірнуць у спіс: сярод тых, хто віншаваў Насцю, ніякай Антаніны не было.
— Дазвольце патлумачыць, — падкрэслена ветліва звярнулася яна да мяне, назвала сябе: — Русецкая Антаніна Пятроўна, акушэрка. Усе ведалі пра роды ў Насці, бо іх прымала я, я паведаміла першаму, помніцца, Алесю Тарасавічу.
— Дзе вы прымалі роды ў Насці Грыцук?
— Яна нараджала ў маім доме. Там былі створаны ўмовы.
— Вы ўрач, вы не маглі яе пераканаць у неабходнасці ехаць у бальніцу?
— Я не ўрач, я акушэрка, — паправіла яна мяне досыць рэзка. — Жанчына мае права сама вырашаць у гэтым выпадку, тут нічога крымінальнага няма. Нехта едзе і на мора раджаць.
— Чым Насця тлумачыла сваё нежаданне класціся ў бальніцу?
— Яна не хацела агалоскі.
— Дзякуй вялікі вам, мне ўсё зразумела. Сядайце, калі ласка. Выбачайце, паважаныя. Не ведаюць калегі, не ведаюць родныя, нават бацька не ведаў пра цяжарнасць жанчыны, а вось вы ўсе ведалі. Можа, мне хто з вас патлумачыць: чаму так атрымалася?
— Я магу патлумачыць, — зноў стала ўзнімацца Русецкая, але я спыніў яе:
— Не трэба ўставаць, мы ж проста размаўляем.
— Дзякуй, — прысела яна на месца, упэўненым голасам стала расказваць:
— Недзе за месяц да родаў Насці мы ладзілі народнае свята тут, у Ляўдку. Было многа гасцей, спявалі песні, вадзілі карагоды. Усе прытаміліся. Але познім вечарам, калі госці раз’ехаліся, вырашылі паспяваць для сябе. І вось у карагодзе Насця (яна была з намі) згубіла прытомнасць. Перапалох, канешне, узнік, але для мяне такія справы не надта рэдкія, я была побач. Яшчэ калі Насцю па маім загадзе паклалі на спіну, на цвёрдае, я пабачыла яе выразны жывот. Яна была ў вышыванай доўгай сарочцы, таму раней не заўважалі. Жывот быў сціснуты карсетам. Я аслабаніла яго. Насця амаль адразу ж апрытомнела і схапілася аберуч. Вельмі характэрна схапілася, гэтага не падробіш, ды і навошта. Так, яна спужалася, вельмі захвалявалася. Мы зразумелі: яна хавае сваю цяжарнасць, і паабяцалі ўсе маўчаць. Яна паверыла нам, бо ведае нас нямала часу.