Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Гэта ж — расплата! Раптоўная думка і апаліла, і супакоіла. Ну так, расплата за здраду. Я ж ішоў здраджваць, мэтанакіравана ішоў!
На талерцы нічога не засталося.
— Дзякуй!
Я адкінуўся на спінку канапы, зірнуў на Зіначку. Мне цяпер адзінае было цікава: як яна будзе мяне выстаўляць за дзверы. Паўпарціцца? Маўляў, які ж то разлік — амлетам? Я тут увесь такі малады, здаровы, наглядзеўся на яе голыя ногі, баюся, як выйду, пачну кідацца на дзевак. Цікава, што яна адкажа.
— Каву зварыць? — падхапілася Зіначка. — У мяне ёсць «Лавацца», сяброўка прывезла з Польшчы, казала, смачная, я не адкрывала яшчэ, — гаварыла яна, адначасова прыбіраючы са стала ў ракавіну талеркі і відэльцы.
— Не, дзякуй, адразу, як паеў, не люблю піць, — адмовіўся я, пачынаючы сваю дурную гульню: вось, не збіраюся пакуль нікуды ісці. Цяпер жа ёй якраз і самы момант намякнуць. Не ўгадаў я.
— Ну, як сабе хочаш, — не засмуцілася Зіначка. — Тады хадзем, дапаможаш.
Я, больш заінтрыгаваны, чым разгублены новай просьбай, падняўся. Нават не стаў пытацца, чым дапамагаць. Зіначка прайшла ў залу, стала каля канапы.
— Гэтую бандуру трэба удваіх раскладаць. Бярыся! — і ўзялася за спінку і сядзенне.
Я аўтаматычна хапіўся гэтак жа, як і Зіначка, пацягнулі разам, выпрасталі. Яна прысела на край разложанай канапы, гледзячы на мяне знізу ўверх з вінаватай усмешкай, прагаварыла:
— Я ж не разведзеная. То ў спальню, выбачай, не магу цябе весці. Зараз я нам пасцялю, тут яшчэ вальней будзе, вунь колькі месца: будзеш круціць мяне, куды і як захочаш, хоць куляйся! Ты ідзі пакуль мыйся, ручнік бяры любы, я посуд спаласну, бялізну нам дастану.
Вось так! Ніякіх гульняў і двухсэнсоўнасцей. Дарослыя людзі — калі запрасіла вечарам прыйсці, значыць, мела на ўвазе ноч.
Падумаць пра тое, ці ёсць у вось такіх прастадушных, простых, як вясковая лапата пры печы, паводзінах Зіначкі нешта зневажальнае ці крыўднае для мяне, я не паспеў. У кішэні варухнуўся і прайграў кароткую мелодыю тэлефон. Я не мог не заўважыць, як напружылася, падабралася пры гэтых гуках Зіначка, які пакутлівы выраз хвалявання засвяціўся ў яе вачах. Я таропка дастаў тэлефон, зірнуў на тэкст эсэмэскі і вінавата развёў рукамі:
— Выбачай, Зіначка, неяк іншым разам.
— Сяргееўна? Нешта здарылася? — з сапраўдным адчаем запыталася Зіначка.
— Выклікаюць, — адказаў я, ступіўшы ў вітальню. Абуў туфлі, азірнуўся і як мог цёпла дадаў: — Дзякуй за вячэру.
— Ат! — Зіначка рэзка села на канапу. — Во ж адчувала! Ну чаму я такая няўдачлівая?! Такая ж ноч магла быць! Ты, як вызвалішся, прыходзь. Звані і прыходзь! Я буду чакаць да раніцы.
— Не абяцаю, — шчыра, з жалем да жанчыны адказаў я.
На вуліцы я дастаў тэлефон, яшчэ раз перачытаў тэкст эсэмэскі: «Застанешся на ноч у Зіначкі — задушу, так і ведай». Гэта пісала Надзея. Я набраў у адказ: «Не застаўся». Закурыў. І адчуў неверагоднае ўзрушэнне, блізкае да шчасця. Было так лёгка на душы, быццам я вырашыў найскладанейшае пытанне. Выбар! Першы раз за сваё жыццё я зрабіў выбар. І так імгненна. Нібыта чакаў штуршка.
Надзея патэлефанавала адразу:
— Можаш гаварыць?
— Так. Я на вуліцы. Іду дадому. Ці, можа, завярну папіць кавы.
— Пацерпіш, пакуль прыйдзеш. Пап’ём разам. Выбачай, ты так хутка пайшоў. Да мяне прыехаў мой стрыечны брат. Ён хоча папрасіць цябе, каб ты заўтра дапамог яму зварыць мне новыя вароты. А то гэтыя сёння ледзь утрымаліся, пакуль іх расчынілі: спарахнелі зусім. Ён варыць умее, кажа, будзе хутка. Там толькі патрымаць трэба. А ў мяне заўтра, сам ведаеш, базарны дзень.
— Пагаворым, — радасна адказаў я.
— Заходзь адразу.
Яны чакалі мяне ўдваіх, усё так жа седзячы на ганку, быццам і не сыходзілі.
— То пайшлі да мяне каву піць. Там больш утульна ў садку, — як старым знаёмым прапанаваў я. — Васіль, — працягнуў руку мужчыну.
— Сяргей, — адказаў той, прыўзняўся і паціснуў руку. — А мне нешта так добра на гэтым ганку. Сядзеў бы і сядзеў, — вінавата прызнаўся мужчына.
— Але калі спадарства жадае, мушу падпарадкавацца.
— Ды не, навошта, — паспяшаўся я. — Дзе вам больш зручна.
— Дык я нясу, — вырашыла Надзея, адным кароткім позіркам стрэліла ў мой бок — і я пабачыў там тое, чаго менш за ўсё чакаў, — дзявочую, не, нават дзіцячую гарэзлівасць: «Ага! Будзеш ведаць!»
— Сказала Надзея, што я брат яе? — спытаў Сяргей. Пабачыў мой маўклівы ківок, працягнуў: — Во так лёс склаўся — адны мы з ёй радня на свеце. Яе паўміралі, мае яшчэ жывуць, ды слабыя зусім. Прыехаў на тры дні. Праведаць, ну і дапамагчы дзе. Вось, вароты зварыць трэба. Метал сёння набылі, апарат зварачны ў мяне з сабой. Работа няцяжкая, адно патрымаць вам. Самі пабачыце, як хутка. Профіль я і адзін нашыю, калі ў вас справы.