Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Ага, цудоўна,— узрадаваўся мужчына,— злуецца. Кадр. Яшчэ кадр. I яшчэ...
Сноўдала рынуўся ў атаку. Пабег спачатку паціху, каб распаліць сябе, і мужчына, не выказваючы боязі, адыходзячы назад, працягваў пстрыкаць фотаапаратам. Сноўдала наддаў, мужчына апусціў фотаапарат, павярнуўся і пабег, цяжка валюхаючыся з боку на бок і накульгваючы, пакалыхваючы грузным азадкам. I гэты адтапыраны тоўсты азадак уз'юшыў Сноўдалу. Ён ужо пазначыў у ім месца, куды ўрэжа рогам, і бачыў, як рог уваходзіць у цела ненавіснага яму чалавека. Але фатограф, адкуль толькі што ўзялося, так наддаў, бег, аж высцігаўся. Сноўдала вачам сваім не верыў. Тоўсты, грузны мужчына ляцеў матыльком, апярэдзіў свой пінжак і фотаапарат, далёка адзаду пакінуў зубра. I гэта было, напэўна, смешна, таму што ўсе вакол спачатку спалохана войкнулі і стаіліся, а потым пачалі рагатаць. I Сноўдала ачуціўся і быў ужо рады, што не дагнаў мужчыну, таксама хоркнуў, пасмяяўся разам з усімі і працягваў праследаванне ўжо ступою, для блізіру і постраху, каб другі раз непанадна было. Ён проста выганяў яго адсюль, ад дзедавых сцежак, увагнаў у машыну і, калі машына ўжо завялася, матор раўнуў, як звер, зноў жа для прыліку калупнуў машыну рогам, бы падпіхнуў. I машына пабегла, растала, злілася з шэраю стужкай бетону.
Следам за ёй пачалі заводзіцца, кранацца і другія машыны, але Сноўдала ўжо не бачыў і не чуў гэтага. Ён крочыў па бетонцы, прыглядаўся да яе, але чуў і бачыў сцежку, па якой хадзілі яго дзяды. Людзі раскапалі на два метры ўглыб гэтую сцежку, развярнулі і вывезлі балотную гразь, а замест яе навезлі і насыпалі пяску, шчэбеню, паклалі на яго бетонную падушку, але ўсё роўна не вынішчылі слядоў і пахаў тых, што прайшлі тут раней за іх, яшчэ да таго, як з'явіліся і звяры, сародзічы Сноўдалы. I гэта здзіўляла. Дзіўна і трохі нават жудасна: след не ведае тлену. Гэтай жа дарогай, сцежкай прамчала вайна, выпаліла, выдрала, выбіла агнём і жалезам, здавалася, усё. Але не ўсё. Ад чужынцаў сапраўды і паху ніякага, як не было іх тут, усё выветрылася, сцерлася. А сваё, роднае, засталося, не згубілася, не прыглухла ў камені і бетоне, знітавалася, злілося, мо таму, што само было каменем і бетонам, працягам тых, хто тут жыў, не гніло і не гарэла.
Паказалася рэчка, высокі і ўзняты да нябёс мост цераз яе. Сцежка бегла напрасткі і наводзіла яго на мост. Але Сноўдала адчуў, што ісці па мосце нязвыкла яму, будзе галава кружыцца. Сышоў з бетонкі, дапяў да рэчкі і не спяшаючыся ўвайшоў у ваду. I вада была роднай, ён адразу прызнаў яе, прызнала яго і яна, мякка і бруіста абціснула ногі, заказытала, запесціла падбрушыну, рану, што ўжо зажыла, але ўсё яшчэ свярбела. Праз гэтую рану ён як бы паздароўкаўся з рэчкай, пачуў яе голас і паздаравеў, падбадзёрыўся. Пачуў і ўбачыў пачатак і канец рэчкі. На пачатку яе была песня. Яна гучала з-пад зямлі, з-пад навіслага над кропельнай крынічкай валуна, які застаўся тут яшчэ ад ледавіка. Камень і кропля нараджалі песню. А ў канцы яе гучала рэха. Гэта там, дзе вада, абціснутая лесам, што падступаў да яе, выбаўлялася на прастор і волю, вольна ўздыхала, улівалася і злівалася з водамі ўжо іншымі, чужымі, што цяклі з далёкіх краін.