Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 228
Перейти на страницу:

Але не суджана, мусіць, не суджана красаваць яго хаце. Дваццаць гадоў прайшло, як пагранічнікі сагналі яго з бацькам і маці з гэтай зямлі, загналі на чужбіну, дзе бацька і маці і сканалі, самога заперлі ў турму. Але ён прайшоў праз турэмныя сцены, прыджгаў сюды, таму што зямля тут да пупа родная яму, яго дыханнем, яго снамі аблашачана. I здавалася яму, самы час асесці на ёй, укараніцца, узяць у свае рукі гэтую зямлю і сад. Але ўсё гэта былі толькі мроі, сон, а ява вось яна — сваімі рукамі ён павінен высекчы свой сад, свае яблынькі, грушкі. I Сідар сек іх, вынішчаў, знаходзячыся ўжо па-за мяжою таго салодкага шаленства і лютасці, па-за тою мяжой, дзе нічога ўжо няма ні наперадзе, ні адзаду. Так нішчыцца толькі сваё, толькі кроўнае, ад хаты да дзіцяці. Насуперак, наперакор усяму свету.

Даўшы спачын апошняй яблыні, ён падышоў да калодзезя, набраў вядро вады і піў не адрываючыся, нагбом, амаль да дна, што конь. Піў і не мог спатоліць смагу, так гарэла і пякло ўсярэдзіне, дрыжала кожная жылка, прагла прахалоды і вады. Але ён так і не змог астудзіць сябе, адагнаць смагу, наліўся толькі вадой так, што яна вось-вось магла пайсці назад, лінуць з вушэй, з носа. Сідар паставіў і папхнуў вядро зноў у калодзезь, павярнуўся, каб паглядзець на сваю работу, разумеючы, што нельга на гэта глядзець, але і не здольны саўладаць з сабой, адмовіць вачам, якія жадалі пераканацца, ці не прамінуў ён якое-небудзь дрэўца. Перамагла адвечная цікаўнасць забойцы да забітага.

Не, рукі справілі работу сумленна. Паўсюдна адны толькі пянькі, у радок бялелі высокімі падсечынамі. У радок ляжалі і яблыні. Акуратная была работа, нічога не скажаш.

I цяпер усё было зроблена, упарадкавана, як у добрага гаспадара. Роўненька, як па лінейцы пастаўленыя, разбягаліся па снежным полі, па ворыве маладыя дрэўцы. I было іх больш, куды больш за тыя, якія некалі ён, Сідар Місцюк, ссек. Каб дараслі яны да сапраўдных яблынь, ён бы і за дзень, а то і два з імі не ўправіўся. Як жа яны ўзняліся тут, вынырнулі з таго свету на гэты белы свет. Ён жа іх сваімі рукамі пад корань, пад корань. Каму сёння належаць ацалелыя ў вайну казармы? Немцы, пакідаючы сяло, запалілі іх. Ён патушыў разам з бабамі і дзецьмі. Пабег тушыць, таму што яго хата стаяла недалёка ад казарм, немцы так і не дазволілі будавацца блізка ля сябе і лесу, дзе рос сад. I ён наогул не стаў будавацца, чакаў, пакуль немцаў пагоняць, каб перабрацца туды, куды хацела душа, дзе ён даўно прыгледзеў месцейка пад хату. Ведаў ужо, што немцы тут не затрымаюцца. Так яно ўсё і было, па яго выйшла, толькі вось месцейка яго пад хату зноў занятае. Упарадкаваны, адрамантаваны і казармы, ад былога пажару знаку няма. I хто гэта здолеў, хто прыклаў так рукі, каму пад сілу пасля такой страшэннай вайны перарабіць прорву такой работы — вырваць з небыцця, адрадзіць сад. Хто зноў перабег яму дарогу, заступіў дарогу да яго хаты, яго печы. Печы, якую ён склаў ужо ў думках сваіх. Не выйдзе. Не для таго ён дубеў, калеў па Еўропах, каб адступіць і адысці ўбок. Будзе яго хата стаяць там, дзе ён задумаў паставіць яе. Зубамі вырве, хто стане папярок — глотку перагрызе. I то ж добра, што сад пасаджаны ўжо. Хай расце, падымаецца, выходзіць з зімы.

Сноўдала толькі-толькі пасля доўгіх блуканняў, хваробы знайшоў старую сцежку, па якой хадзілі яшчэ яго дзяды, пачуў іх, вольных, нехапатлівых, акрыяў, і тут яго зноў дагнала загародка з чалавечых рук, людской спагады і шкадобы, тая самая загародка, што даўно ўжо абрыдзела яму, ад якой ён збег. Яго нібыта спрабавалі затрымаць хлебам, не пусціць, накарміць да адвалу, да агіднасці, ляноты і абыякавасці. Пад'ехала цэлая машына з хлебам, падруліў і спыніўся на абочыне хлебны фургон. З кабіны скочыў малады белазубы вадзіцель, хапатліва расчыніў дзверцы фургона, схапіў белую булку і панёс яе Сноўдалу. Сноўдала хацеў адмовіцца, ён пачуў перасцерагальны крык-стогн, які сыходзіў з боку сцежкі-бетонкі, але не ўстояў, вельмі ж прывабны пах быў у хлеба. У ім таксама быў чуваць голас, голас ветру і шэпт дажджу, дыханне шматлікіх тых, хто ўжо даўно аджыў сваё, удобрыў гэты хлеб, поле, на якім ён рос, дапамог наліцца коласу, але не дачакаўся булак. I гэтыя, што аджылі ўжо сваё, надыхвалі, нашэптвалі Сноўдалу: бяры, не будзь дурнем, за нас, гэта ж наш хлеб. Бяры, пакуль даюць, чаго ты разгубіўся. I ён узяў, ухапіў прагна, на поўны рот, і трохі апёкся: булка была яшчэ гарачая, нядаўна з печы; апёкся і не змог праглынуць, нават адкусіць, не па яго роце быў кусок. Ён затрос галавой, затупаў нагамі. Тоўсты, задышлівы мужчына, які пад'ехаў раней за ўсіх, нацэліўся ў яго шкляным вокам. I шкляное вока, Сноўдала адчуў гэта, увасобіла і ўвекавечыла яго ганьбу. Але не гэтае ўвекавечанне ўзрушыла і вывела Сноўдалу з сябе, ён пачуў металічны лязгат затвора, гук, які быў яму хоць і невядомы, але які заўсёды жыў у ім, гук небяспекі і перасцярогі. Так шчоўкае затвор вінтоўкі перад тым, як куля ўваходзіць у яго безабароннае цела. I Сноўдала цеменем, вольным ад косткі макавым зернем, што пульсавала там, небяспеку, нацэленасць на гэтае зерне, якое і было яго жыццём, шклянога вока. Ён устрывожыўся, захваляваўся і ад хвалявання пачаў мачыцца, уздыбіў загрывак, даючы знаць, што ён ведае пра небяспеку і гатовы бараніцца, адначасова выказваючы і пагарду да гэтай небяспекі, чалавечага натоўпу, што цягнуў да яго рукі з хлебам, пагарду да шклянога вока. Але тут зноў пстрыкнуў затвор фотаапарата, і зноў, і зноў. Сноўдала не вытрымаў, хаця і зразумеў, што ніякай небяспекі ў шкляным воку няма, жыццю яно не пагражае, а вось зганьбіць, зняславіць — яно можа. I гэта куды больш жахліва, чым стрэльба, больш магутнае яно, чымсьці стрэльба, таму што ўсёвідушчае. Вось падцікавала, як ён спалохаўся, падцікавала, як ён пакорліва і прагна браў хлеб і нават як ён мачыўся. Падцікавала і ўвекавечыла, адлюстравала, цяпер размножыць, пусціць у абарот, пакажа ўсім. I Сноўдала пагрозліва пачаў капыціць зямлю, закідваючы яе сабе на жывот і бакі, закідваючы заадно і лужыну, нібы хацеў схаваць гэтую лужыну.

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)