Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Рыхтуйся, Алесь. — напружана прамовіў высокі Прывід, увесь захутаны ў чорнае.
Маска Прывіда, альбо Баўты, была зладжаная такім чынам, што ніжняя частка адыходзіла ад твару, дазваляючы есці і піць, не здымаючы яе. А яшчэ пачварна скажала голас. Плашч Баўты развяваецца, чорны балахон захінае валасы. Самае то аблічча для Чорнага Доктара.
Алесь, таксама ў чорным, але апрануты, каб можна было зручна рухацца, трымаўся за канат яшчэ аднаго гіганцкага ліхтара ў выглядзе серабрыстай гандолы, які пагойдваўся на марскім ветры, напоўнены цёплым паветрам. Для надзейнасці на канаце была спецыяльная раменная пятля.
— Ну чаму не я палячу? Я ж самая лёгкая! — нудзела Рэгінка.
Агалінскі жа час ад часу, як адвергнуты закаханы, касавурыўся на ярка асветленую ложу ў будынку Пракурацыі, насупраць Палаца Дожаў. Там красаваўся князь Радзівіл у суправаджэнні світы.
Выбухнуў чарговы феерверк, і паветраная гандола ля калоны Святога Марка пайшла наверх — рабочыя, як было дамоўлена, патроху адпускалі канат. Паколькі падымаліся адразу ўсе ліхтары на плошчы, ніхто асабліва не зважаў на цёмную фігуру пад адным з іх. Падумаеш! Вунь калі на кампанілу — званіцу сабора Святога Марка ўздымаецца на вяроўках падобная гандола з адважным венецыянцам, вось тады — відовішча! Канатаходца, што ў гэты час вытылінгвае смяротна небяспечны танец на вяроўцы паміж балконамі Палаца Дожаў і Пракурацыі, над стракатай балбатлівай безданню П’яцэты, непараўнальна больш прыцягвае позіркаў. Да таго ж ля калон тоўпілася куды менш народу: тут, бліжэй да мора, было цямней і халадней, а месца між калонамі лічылася праклятым. Там стагоддзямі каралі злачынцаў, таму праўдзівы венецыянец нізавошта не пройдзе паміж гранітнымі слупамі.
Паветраная гандола роўненька прыляпілася да спіны каменнага льва, пагойдваючыся, быццам ад здзіўлення. Вось, як дамоўлена, уніз паляцела светлая аксамітная хустачка з загорнутым у яе каменьчыкам. Цяпер канат належыць замацаваць на патрэбнай вышыні.
Старэйшы Лёднік прыўзняў маску і выцер рукавом лоб. Як жа Алесь высока. Ледзь удалося ўламаць суровага доктара, каб дазволіў рызыкнуць сыну. Вось яшчэ адна светлая плямка паляцела на брукаванку. Няўжо ўдалося дабрацца да спадчыны святога Тарэла? Падобна, так.
Цяпер хутчэй цягнуць уніз.
Выбухнула адразу некалькі феерверкаў, і раптам усе ліхтары на плошчы павольна паплылі ўверх, адпушчаныя ў чорнае венецыянскае неба. Ранавата. Мусіць, Радзівіл даў знак. Людзі загарлалі «Віват!» Нейкі чужы Арлекін, п’яна пагойдваючыся, прабягаў паўз калоны Святога Марка, заўважыў няправільнае: адзін вялізны ліхтар, замест каб узлунаць, апускаўся ўніз. Ці гэта была сапраўды п’яная недарэчнасць, ці вынік змовы — але Арлекін секануў палашом па канаце і пабег, губляючыся ў маскарадным моры. Чорны Доктар неверагодным скачком падкінуў сябе ўверх, але кончыкі пальцаў саслізнулі з абрэзанай вяроўкі.
Паветраная гандола не тое, каб адразу рынулася да зор, але ляцела дастаткова высока, каб не даць саскочыць. Вецер нёс яе ў бок пляца Сан-Марка. Баўтрамей і Пранціш кінуліся следам, расштурхваючы бязлітасна публіку. Агалінскі з Рэгінкай на плячах пёрся следам, як дрыгкант. Вырвіч краем вока заўважыў: некалькі чалавек таксама пераследавалі ліхтар. Які раптам згас, тузануўшыся. Ясна — скеміў Алесь, усё ж спрытны хлопец, у татку, дабраўся да палаючай гарэлкі, загасіў. Цяпер паветра будзе патроху астываць, шар апусціцца. Вось камусьці прываліць шчасце — цэлая гара добрага кітайскага шоўку! На ўсё жыццё хопіць насоўкі рабіць!
Між тым шчасце прывальвала за нейкі каменны плот, упрыгожаны ссохлым плюшчом. Менавіта туды, у дворык, апускаўся згаслы ліхтар з давескам у выглядзе дактаровіча. Дружны дзявочы віскат, які пачуўся з-за агароджы, змусіў Пранціша прыспешыцца. Чорны Доктар караскаўся на шурпатую сцяну ў белых плямах пабелкі, а Вырвіч штурхаў жалезную браму… Вось табе на — патрапіў Аляксандр Лёднік у адзін з дабрачынных прытулкаў для паненак пад назвай аспітале. Пра гэтыя ўстановы з захапленнем распавядаў Пранцішу пан Рысь. Тут пад прыглядам пачцівых мнішак венецыянскія паненкі вучыліся прыгожым навукам, і асабліва спяванню. Хоры выхаванак аспітале лічыліся найлепшым далікатэсам да любой урачыстасці. А для багатых сіньёраў, кшталту Радзівіла — аранжарэя юных кветачак на любы густ.