Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
«За оргіі», — адказваў ён на пытанне, за што цябе звольнілі.
Раздзел ХІІІ. Банкет
«…Новыя знаёмцы прыйшліся да душы Ганне. Віталій пачаў спрабаваць аказваць ёй розныя знакі ўвагі. Не паспела яна…»
Не паспела ты падысці, як Віталій… цьфу! — Віцька Чарняк палез цябе лапаць, абдымаць, а ты пішчэла, вылузвалася — зноў белая шлеечка з-пад ссунутай на плячы майкі, смеючыся, біла яго па руках… Звычайны рытуал сустрэчы вясковых дзеўкі з хлопцам, ледзь не абавязковая цырымонія, тое самае, як у «вышэйшым свеце» цалаванне ручак дамам і галантнае падсоўванне крэсла.
— Купілі б ёй шакаладку лепш, п’янтосы! — крычыць цётка Валя. Ад прылаўка да століка чатыры метры, але ў краме ўсе заўсёды гавораць толькі крыкам, тым больш радыё заўсёды ўключана. — А не рукі распускай! Трэба, каб свая ўжо такая бегала!
— Мо дзе і бегае, — лагодна адказвае Чарняк.
— У вас пабегае! Замест таго, каб дзяцей рабіць, дык яны… Да вас жа дама падышла!
— Дама, што табе купіць? — пытае Гаўрыла і дастае кашалёк. — Ці «чарнільца» вып’еш?
Аднак якраз з «чарнільцам» праблема. Пляшкі нашыя апусцелі. Вова-Янка бярэ адну, глядзіць на святло і кажа:
— Я табе наллю! — крычыць цётка Валя — Што вам тут за кафэ-бар! Дзяцей мне тут спайваць будзеце? Оргіяў мне тут яшчэ не хапала, ці якой міліцыі! Цяпер не мароз — (нецэнз.) на вуліцу!..
«Ганульцы дасталося месца каля вакна. Перад тым Валянцін прапанаваў ёй крэсла і толькі тады, калі дзяўчына, падабраўшы сукенку, уладкавалася ямчэй, сеў сам. Вакно выходзіла на вуліцу. Уздоўж яе раслі магноліі. Яны акурат распускалі свае белыя, буйныя, ск сподкі, кветкі… Заходзячае сонца залаціла аблокі… А за сталом вялася лёгкая, непрымушаная гутарка… Звінелі фужэры, гучала прыемная музыка… Валянцін зрабіў знак і ўсе прыціхлі. Адкінуўшы сваім любімым жэстам валасы з лба…
— А цяпер прапаноўваю тост за… «
Люда, паслухай мяне. Каб ты не думала, што я паставіў перад сабой мэту ўвесь час лавіць цябе на словах, іранізаваць, з’еднічаць, раз за разам сцягваць за нагу з рамантычнай ружовай гары да празаічна-вульгарнага падножжа.
Зусім не!
Я не настолькі кашчунны, каб высмейваць гэта. Больш таго — у глыбіні душы я твой саюзнік, я выдатна разумею, што рухае тваім пяром. Табе хочацца, ці хацелася некалі, каб так было: культурна, прыгожа, узвышана… Іскрыстае дарагое віно, «фрукты і закускі», дасціпныя тосты, крышталёвы звон фужэраў, прыемная музыка, ветлівыя, дасціпныя людзі…
Дык вось — каб ты трохі менш камплексавала, паслухай, што я табе скажу. Пазнейшае жыццё, трохі пакідаўшы мяне па свеце, нібы знарок, як па заказе падаравала мне цудоўную магчымасць параўнаня. І давялося, шчасце маё, набачыцца мне яшчэ і не такога, як ты апісваеш. Дзе і сталы ад заморскіх закусак ламаліся, і крышталь звінеў, і тосты гучалі, і музыка не такая, як нашае радыё, іграла; дзе плавалі дамы ў сваіх строях і дзе не толькі іх пінгвінападобныя кавалеры, а нават лёкаі-афіцыянты былі ў смокінгах.
І вось што я з гэтых параўнаняў вынес:
І крама нашая была большая за іхнія палацы, бо ўбірала ў сябе тады ўвесь Сусвет, і «Агдам» наш лепшы, і закуска смачнейшая, і словы шчырэйшыя, а галоўнае, ты, наша дама, мая дзяўчынка, у трыко і ў маечцы, босая — была ў мільён разоў прыгажэйшая, чысцейшая, лепшая… Вось.
Было ў нас з табою ў тыя гады ўсё наперадзе, а ў іх, каму ты падсвядома зайздросціш, — даўно… безнадзейна… ззаду… ззаду…
Раздзел ХIV. Працяг банкета
Выварочваем кашалькі, кішэні, скідваемся. Вова-Янка падлічвае пакамечаныя рублі і белыя і жоўтыя капейкі: абавязкова трапіцца адна гнутая, страшная, чорная, дарма што аб пясок шараваная; і вартасць ёй — капейка, а клопату — на рубель: прымаць не хочуць, крык, гвалт, але збыць якую — справа гонару. Усё падлічана, усяго хапае — і на закуску, і на тыя ж шакаладкі. Вова ідзе да прылаўка:
— Нешта галава баліць. Як бы выпіць, закусіць… — рыфмамі пачынае ён.
— Маёй галавы не дуры, купляй хутчэй, — злуецца цётка Валя. Але, атрымаўшы шакаладку, лагаднее.
Ізноў пайшла шклянка па крузе… Гармідарчык… Музыка з радыё… Усе гавораць, і ўсіх стараецца перакрычаць цётка Валя. Ты грызеш, трымаючы, як вавёрка, аберуч шакаладку. Банкет наш у поўным разгары.