Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
«Дзяжурная слушае! Чацвёрты на трэцюю пуць! (Шчоўк, бульк, трэсь.) Паўтараю!..»
Так і я — паўтараю, што не аматар «сустрэч праз гады», усіх гэтых «вечарын аднакласнікаў», ды «каму за трыццаць»… Баюся разачаравання. Ёсць, ведаю (сам бачыў), жанчыны, што з гадамі толькі спраўнеюць, расцвітаюць і да 40 наліваюцца раскошнай-млявай, упэўненай у сабе і небяспечнай для іншых прыгажосцю; ні на хвілю не сумняваюся, што ты — з такіх (твая шляхетная парода)…
І ўсё ж не буду рызыкаваць. У мяне ёсць мая Людка, а Людміла Аляксееўна хай застаецца каму іншаму.
Другі момант — ад чыйго імя пісаць? У якой перад табою аб’явіцца іпастасі? Я ж не проста твой былы хлопец з далёкага лета, я ж яшчэ і афіцыйны рэдактар, зануда, які павінен чытаць тэкст не як асабістае, інтымнае пісьмо, а як чужы мастацкі твор, з усімі выцякаючымі…
Задачку задала ты мне!..
Раздзел IX. Дарога
«— Янка, раскажы пра Валянціна, — не раз дапытвала брата Гануля пасля таго вечара ў клубе.
Але маўчун — ён і ёсць маўчун. Ды Ганна так настойліва пачынала дакучаць яму, што Янка ўрэшце не вытрымліваў.
— Што пра яго многа расказваць, — хмурыўся ён. — Хлапец як хлапец. Ты б лепш на сваіх аднагодкаў заглядалася, а не на майго сябра, старэйшага за цябе, ужо дарослага Валянціна. Ці ты лічыш, што калі ён выпадкова запрасіў цябе на танец, дык гэта можа даваць табе нейкія спадзяванні на будучае? Раю табе выкінуць яго з галавы і заняцца лепш якою-небудзь карыснай справаю. Сям’я ў іх нешматлікая, — неахвотна працягваў ён свае скупыя словы, — сам Валянцін, маці, бацька, дзве сястры, старэйшая і малодшая, абедзве замужам і жывуць у горадзе, маці працуе ў калгасе, бацька — на ферме… Акрамя таго ў іх шмат радні — цётка Акуліна, баба Параска, дзядзька Стахвей — бацька таго самага стрыечнага брата Валянціна — Леаніда, якога нядаўна забралі ў армію і на провадах якога ты прысутнічала… Таксама з іхняй радні цётка Маланка, дзед Яцук і дзед Яўстрат…
Так, выцягваючы з маўчуна па слоўку, Ганна сёе-тое пра Валянціна даведалася. Аказваецца, ён яшчэ і піша вершы! Ніч-о-ога сабе-е! Гэта навіна значна падагрэла яе цікавасць.
Вось каб апынуліся яны разам! Хоць на тым жа мурожным беражку рэчкі Змейкі… Ён бы чытаў ёй вершы, яна — …
Але як пабачыцца? Шмат разоў дакарала Янку, чаму не запрашае свайго сябрука ў госці? Ды таму і клопату мала: удзень на чыгунцы, а ўвечары — пайшоў гайсаць па вёсках, толькі яго і бачылі!
Дзяўчына то гуляла-забаўлялася з сабакам Валетам, валтузіла яго за вушы… То карміла свежай травой трусікаў… Бавіла час на рэчцы, лузе і ў полі… І з нецярпеннем чакала вечара, калі прыдзе з працы ў поўным складзе яе сямейка. Тады яна няспешна паесць, хуценька пераапранецца, возьме сумку і павандруе ў вясковую краму. Туды праставала яна штодня. Тым больш, толькі там і можна было мець спадзеў хоць выпадкова сустрэцца з Валянцінам позіркамі, а калі пашэнціць, дык і словамі.
І ў той вечар, не паспела яна сабрацца, як Янка пачаў заводзіць матацыкл.
— Я з табой, — рашуча выказала свой намер дзяўчына.
— Што ж, калі ўзнікла такая патрэба — магу падкінуць да крамы, — нечакана буркнуў юнак. — Якраз туды і накіроўваюся. Там мяне ўжо чакаюць два таварышы па рабоце, Міхаіл і Віталій. Яны хоць і нашмат старэйшыя, але ў прыязных адносінах. Едзем?
— Не хачу! — сказала, як адрэзала.
І ў той жа момант пашкадавала аб сваім рашэнні. Што ж, не паехала — трэба ісці пехам. Ганна добра перакусіла, апранула на сябе адкрытую летнюю сукенку, белыя туфлі на шпільках і выправілася спачатку дарогай лясной, потым пачалася сцежка палявая. З боку яе расла грэчка. З другога боку квітнеў авёс. А сама крама ўзвышалася ў пачатку вёскі. Была яна прыгожая, двухпавярховая, крытая чарапіцай. Гануля падыйшла да саменькіх дзвярэй. Узалася за ручку рукою, штосілы тузанула… І толькі тут заўважыла прысланёны да сцяны Янкаў матацыкл. Ну і шпаркі! Нічога сабе хуткасць!
Ганулька ўпіхнулася ў крыху цемнаватае, але светлае памяшканне, ветліва павіталася з прадаўшчыцай цёцяй Валяй…