Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
І паводзіны яго, весялосць, і «загадкавая тайна» ў вачах тлумачыліся зусім не арыстакратычнай элегантнасцю, а лёгкім алкагольным ап’яненнем, а яшчэ больш — стомаю, бо што такое, калі ў цябе, ці ў тваёй радні падобныя вечарыны? Як каню свята: галава ў кветках, спіна ў мыле… Беганіна, замотанасць, невысыпанне… Увесь час на падхваце: таго запрасі, гэтага выведзі, аднаго накармі, другога пахмялі… Ды не забудзем, што на вуліцы росквіт не толькі веснавой прыроды, а яшчэ і брэжнеўскага застою — паспрабуй купі без чаргі ці без блату звычайнай каўбасы, рыбы, таго ж зялёнага гарошку з маянэзам — чамусьці абавязковых для любога застолля…
Але вернемся ў клуб, да П’ера Бязухава нашага. Якое няўдалае параўнанне!
Калі свежанькая, харошанькая Ганулька, канечне, цягнула на Растову, дык Валянцін на мажнога, таўстога княза Бязвухага — ну ніяк!
З усяго Вашага апісання варта пакінуць адзін чуб, ды і той не настолькі доўгі, каб падаць на лоб, — так, чупрынка… Худы, шчуплы, ростам аднолькавы з запрошанай дамаю, хутчэй сарамлівы, чым развязны (нягледзячы на «паддатасць»)… Звычайны вясковы хлапчук, што прыехаў з тэхнікума правесці ў армію брата, — вось такі Валянцін.
Хаця — пэўнае рацыо Вы маеце… Усё было тым хлапчуком ўгледжана, адзначана, запомнена: і свежасць, і мілата, і наструненае чаканне, і бляск вачэй, і — як узнагарода, калі ён падыйшоў — уважлівы, удзячны пагляд; так пазірае кошка, выгінаючы з насалодай спіну, калі яе пагладзіць незнаёмы. І тая мелодыя… І раптоўна перарваны, сутаргавы твой уздых… І цеплыня твайго цела, якая і цяпер, здаецца, грэе руку, што выводзіць гэтыя радкі…
Так, мая «Ганулька», Людачка мая — не цяперашні лысы, пакамечаны жыццём дзядзька мучае цябе і паперу, а ён, той далёкі белагаловы хлапчук з нязвыклай лёгкасцю спісвае з абодвух бакоў старонкі, і яны, кружачыся, засцілаюць падлогу вакол стала…
Раздзел VIІІ. Герой
Добры дзень, Люда!
Як бачыш, твой «шчыры, амаль біяграфічны» твор прыйшоў па адрасе. «Валянцін» — гэта я.
Гэта я, твой першы хлопец, першае тваё каханне па іроніі лёсу трапіў табе ў рэдактары. Вось як яно ў жыцці бывае! Увогуле, супадзенні не рэдкасць, праўда? Не здзіўляе ж нас, напрыклад, эпізод з «Міміно» — памятаеш? — калі грузінскі лётчык звоніць у сваё Тэлаві, патрапляе ў Тэль-Авіў, але і там натыкаецца на земляка-грузіна…
У нашым выпадку яшчэ прасцей, звычайная арыфметыка. Колькі ў Беларусі літаратурна-мастацкіх часопісаў? Правільна — мала. А рэдактараў у іх? Уяві піраміду, аснова якой — шматлікія наяўныя і патэнцыяльныя аўтары, а вострая вяршыня — мы, некалькі рэдактараў; як ні круці, а рух твораў толькі ў адным напрамку — знізу ўверх, ад падэшвы да піка. Так што тваё патрапленае да мяне пасланне хутчэй заканамернасць, чым выпадковасць; запозненае рэха на маё перыядычнае, амаль безнадзейнае гуканне мінулага… Хто з нас хоць раз у жыцці, цвярозы ці на падпітку, з сябрам або ў малазнаёмай кампаніі — хто хоць аднойчы, скарыстаўшы момант, не паніжаў да інтымнага голас:
— Гэта што!.. А вось са мною было! — і пайшла-паехала задушэўная цягамоціна пра самае «запаветнае», самае «лепшае», самае «нешчаслівае»…
Але ўсё адно — выгаварыўшыся, апаражніўшы душу, можна супакоіцца, выцерці смаркачы, затушыць недакурак і з больш-менш спакойным сумленнем ісці ў «начнік» па дабаўку. А наперадзе яшчэ другая серыя, пад назваю «Суцяшэнне»:
— Ды яна пакутуе цяпер! Каецца, слёзы лье, локці кусае, месца сабе не знаходзіць… Чакай неўзабаве пісьма ці званка…
Так і чакаем. Хаваючы дзесь на самым донцы горкую здагадку, што абанент ці адрасат наш даўным-даўно забыў на наша існаванне, не тое што будзе памятаць нашы адрасы ці тэлефонныя нумары.
І вось — мне пашэнціла! Я, можа, адзін на сотню, хто сваго рэха з мінулага дачакаўся, свой ліст атрымаў. Ды яшчэ які! Канечне, першым пачуццём была радасць… Заслужаная (так нам здаецца)… І жаданне хутчэй даць адказ… Горача падзякаваць… Прызнацца, што таксама захаваў у памяці і тое лета, і запрашэнне на танец, і сваю Людку…
У тым і справа — Людку. А не Людмілу Аляксееўну. Пра якую што я ведаю? Ці — што хачу даведацца? Пра яе фізічныя перамяшчэнні ў прасторы і ў часе? Дык дзеля гэтага зусім неабавязкова, як пры запаўненні анкеты, наяўнасць суб’екта і зверка пашпартных дадзеных. Не трэба быць вялікім фантазёрам, каб і так усё ўявіць: ранняе замуства (калі не выходзяць, а «выскакваюць»), дзіця, развод, другі муж, другі развод і etс. Пераходы-перагрузкі-пераездкі… Вынік — глухая лясная станцыя, напаленая да духаты дзяжурка, бачок з вадой на табурэце, кубічны сейф у кутку, чугунны кампосцер на стале… Фуражка на падаконніку. Ногі ў хатніх пантофлях. Казённыя пінжак і сукенка. Скручаныя чырвоны і жоўты сцяжкі. Спецыяльная драўляная палачка — каб можна было, не ўстаючы з месца, дацягвацца да самай дальняй кнопкі на стэндзе-рэле. На вуліцы — прастуджаны станцыйны рупар: