Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Мы селі на зруб нізенькага калодзежыка, што быў пад грушаю. Ты падсунулася бліжэй, адной рукой мяне абняла, другой намацала маю руку і прасунула яе сабе пад маечку, на гладкі атлас станіка… (Гэта было, Людміла Аляксееўна, і бутафорскія Ганна з Валянцінам могуць пакуль адпачыць пад сваім «сяйвом».)
— А дай мне зацягнуцца… Не, не хачу — яшчэ прывыкну, лепш выкінь зусім.
Я паслухаўся, недакурак паляцеў у траву, як трасіруючая куля.
— Ну?
— Што… ну?
— Расказвай што-небудзь. Я мала гавару, няма з кім, адна і адна ў гэтым лесе… Ты помніш, як ты мяне запрасіў? Не?! Я дык калі-небудзь успамінаю. Хоць і не часта. Ну і сям’я ў нас будзе, жонка ўсё помніць, а муж — нічога! Слухай, а ты мяне моцна кахаеш, ці так сабе? Я дык не ведаю, — тараторыла ты, сама пыталася, сама адказвала, спяшаючыся і дыханнем, і словамі, але рукой я адчуваў роўныя, як ход гадзінніка, удары — сэрца тваё было спакойнае, не кахала ты мяне, Люда.
— Скажы, а табе Гаўрыла нічога не расказваў? Не?! Як тако-о-га можна не ведаць?! Хочаш, я табе раскажу, чым бураўшчыкі ў сваіх вагончыках займаюцца? Оргіямі. А што з тымі дзеўкамі будзе? Іх са школы выганяць, як ты думаеш? Адна з пузам, ух ты… Шкада іх, праўда? Мне дык шкада… Толькі не вельмі — не люблю старэйшых дзевак, яны задаюцца… Давай пацалуемся? Толькі чур я першая, ты не ўмееш… Ад цябе віном пахне — фу! Вучыць мне цябе яшчэ ўсяму і вучыць… А дасі мне цыгарэту? Я заўтра таксама пачну курыць вучыцца, тады нам цікавей будзе, а то сумна… А ты не будзеш біцца, калі мы пажэнімся, за тое, што я куру? І сварыцца мы ніколі не будзем, праўда? Так агідна, калі муж з жонкаю сварацца… Ты на ўсё лета прыехаў?
— Не, — усё ж удалося ўшчаміцца ў частакол тваіх слоў, — заўтра ў горад. Потым — сена касіць ад тэхнікума…
— Касіць? А ты ўмееш? Я таксама папрашу тату, каб навучыў. А надоўга? Чаму ты раней не сказаў? Нехарошы ты! Вось як я цяпер адна буду? Хіба можна хлопцу так надоўга кідаць дзяўчыну? Прыцісніся мацней, мне холадна… Пагладзь мяне… А — не так, хітранькі! Вам, хлопцам, толькі папусці, вы рады старацца… Ну, не з першага ж разу! З якога? Так я табе і сказала! Ніколі ў жыцці не скажу! Добра — скажу. Хай будзе… з трэцяга. Жанчына спачатку павінна сказаць — не, і толькі потым — так… Чуеш, матацыкл? Па цябе едзе… Як хутка! І пагаварыць не паспелі. А з табой цікава. Ты мне падабаешся — столькі ўсяго ведаеш! Толькі гаворыш многа…
Святло фары выхапіла нас з цемры. Мы аслеплі на міг. Заглух матор. Валодзя, якога мы не бачылі, а ён нас — бачыў, весела запытаўся:
— Паспелі?
— У цябе не папыталі, — яго тонам адказала ты, рашуча, як свайму, паклала мне рукі на плечы, пацалавала і знікла ў цемры.
Раздзел XVI. Адцяжка
«…Гануля пазнаёміла Валянціна з бацькамі. Ён пачаў бываць у ейным доме. З бацькам пілі гарачую гарбату з духмяным ліпавым мёдам… Вялі нетаропкія мужчынскія гутаркі. Валянцін дзяліўся планамі на бліжэйшую і больш аддаленую будучыню. Ганулька і маці ў гэты самы час турбаваліся на кухні.
Бадай, дня не мінала… Спатканні іх сталі рэгулярнымі…»
Хочаш параду?
Надалей, калі будзеш пісаць пра каханне, ніколі не зводзь героя з гераіняй адразу пасля першай сустрэчы. Трэба час на роздум і адзіноту.
Тым больш, што ў нас з табой так і адбылося.
Ужо на наступны дзень пасля матацыкла, грушы і абдыманняў-цалаванняў я паехаў у тэхнікум, адтуль — у другі канец Беларусі, адбываць «працоўны семестр». Калі ж у канцы ліпеня вярнуўся — ужо ты была ў гасцях у цёткі ў Жытоміры і аб’явілася толькі на пачатку жніўня.
Значыць, перапынак паміж дзвюма сустрэчамі склаў без малога два месяцы.
Не ведаю, чым займалася ў сваім Жытоміры ты; я дык — калі ласка, ніякіх сакрэтаў, магу пералічыць. Лета. Веранда. Канапа-»бегемот» з выпуклым пасярэдзіне, цвёрдым, як дошка, матрасам, на якім спалася мякчэй і саладчэй, чым на пуховых пярынах. З вечара — чарвякоў капанне і вудак прывязванне да веласіпеднай рамы, з раніцы — кар’ер з аерам, з клубамі малочнага туману паўз берагі, з камарынай музыкай і танцамі паплаўкоў… Пасля абеду — лес, цішыня, прахалода, грыбы. Няцяжка ўгадаць, куды кожны раз самі вялі ногі — да чыгункі, да Казармы, да тваіх мясцінаў, тым больш гэты курс супадаў з найлепшымі грыбовішчамі…
Энергія. Здароўе. Спакойная прыемнасць ад маладосці сваёй і «Маладосці» куплёнай, што чакае дома непрачытаная. Няўдалыя, але настырныя спробы у нечым разабрацца, нешта ўхапіць, запомніць, зразумець ды яшчэ і зафіксаваць на паперы; напрыклад, тое ж чарвякоў капанне, які гэта цуд — пах вечаровай летняй свежай зямлі, і якая прыкрасць — выкалупваць потым гэтую зямлю з-пад пазногцяў!..