Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
— Не, а калі… дапусцім? — чапляецца да Вовы-Янкі Чарняк. — Проста дапусцім?!
— Дапусцім, мы прапусцім…
— …Гэта мая дзяўчына, — мой голас. — Праўда, Людка? Калі ты паспела вырасці?
— А ты і не заўважыў, — падлізваецца да мяне Гаўрыла.
— …Надта ж спрытна наш Чарняк залівае ў гарляк, — Вова-Янка ківае на акно, за якім не так далёка, пад дубамі, могілкі. — Каб у тым вунь дубняку не паслалі Чарняку…
— Можа, табе яшчэ раней за мяне пасцелюць, — крыўдзіцца Чарняк. — Дапусцім…
— Дапусцім — мы прапусцім…
Колька Гаўрыла, узбадзёраны тым, што хоць на міг, хоць частачку ўвагі атрымаў, падсунуўся да мяне, шморгае за рукаво і мармыча штосьці. Я падстаўляю вуха.
— … Дык мо хоць ты… У нас мазгі адпітыя, языкі конскія… А ты — пішы, нікога не слухай… Пра маю бяду напішы… Хай ведаюць, што і мы жылі такія на свеце… Мы нічога не бачылі, дык хоць ты пажыві заместа нас…
Коля, Коля. Тут за сябе не ведаеш, як дажыць, не тое што за кагосьці!..
Не адзавецца больш Коля. І ніхто ўжо з той кампаніі не адзавецца, не скажа, ці апраўдаў я хоць мізэрам авансы, што так шчодра раздавалі вы мне ў той чэрвеньскі вечар. Разаб’ецца насмерць на сваім матацыкле Вова, у першы ж дзень вяртання з арміі — так у форме яго і пахаваюць. Замерзне пад сцяною гэтай самай крамы ў лужыне ўласнай мачы Коля Гаўрыла. Віця Чарняк нядаўна таксама памёр. І ад крамы нашай каменя на камяні на засталося, нават узгорка, крапівай парослага, — нічога! — роўнае месца пад плотам. І клуб, гістарычны помнік наш, апошняе дажывае… І ў цябе, Людка, сын ужо большы, чым мы былі тады…
Вось жа свалачны час! Бульдозерам зраўняў, асфальтавым катком пад сябе падабраў і добрае, і кепскае, і якое хочаш! Адно злараднае суцяшэнне ад смерці — тое, што не будзе нарэшце гэтай пачвары — Часу. Ну і ўсё! Паміраць дык паміраць!
…Акаселых сяброў — многа ім трэба? — выводзілі па чарзе пад рукі Вова-Янка з аднаго боку, я — з другога. Пасадзілі побач пад плотам на траўку, прыхінулі плячамі. Валодзя адкінуў падножку, патармасіў матацыкл — ці плёхае ў баку бензін.
Праз расчыненыя, завешаныя ад мух гардзінаю дзверы крычыць цётка Валя:
— Забірайце іх адсюль! Яны мне тут трэба, каб плот падпіралі? Хіба ён без іх упадзе?
— Вось бывае часам як, як дамоў ідзе Чарняк! — крыкнуў ёй Вова-Янка, заводзячы матацыкл.
Раздзел ХV. Провады
«…А потым была дарога — адна на дваіх у цэлым свеце, па якой Валянцін з Ганнай крочылі няспешна, як па жыцці… Ён трымаў ейную руку ў сваёй…
Поўня аблівала іх сваім незямным сяйвом…»
Па-першае, не крочылі, а ехалі. А што такое язда ўтрох на матацыкле? У прыцемках, па лясной, карэннямі перасечанай дарозе, калі гарыць фара і адчуванне, нібы ты ў калідоры: дзве цёмныя сцяны па баках і ўперадзе — мітуслівы сноп святла… Калі дзяўчына пасярэдзіне — сціснутая да таго, што ўсю яе адчуваеш — нагамі, грудзьмі, усім целам, ледзь не зліваешся з ёю, ды яшчэ калі матацыкліст — чалавек свой, і то набірае хуткасць, разганяецца, то рэзка прытармажвае…
«…Час ад часу зоркі падалі.
— Ёсць адна прыкмета, — глыбокадумна прамовіў Валянцін. — Калі зорка падае, звычайна людзі кажуць, што трэба загадваць жаданне. Якое жаданне маеце вы?
— Ёсць адно, — прашаптала Ганна.
— У мяне таксама маецца вельмі запаветнае жаданне. Але не ведаю, як вы да яго паставіцеся?
— Калі яно не нейкае надзвычайнае, дык чаму б не? — кранутая яго словамі да глыбіні душы, адказала Ганулька.
Пакрысе набліжаліся яны да грушы, якая (забягаючы наперад) стане іхнім любімым месцам спатканняў… Рука Валянціна ўжо ляжала на яе плячы. «Ці не шмат я яму дазваляю з першага разу?! — пакутліва разважала ў думках сама з сабою Ганна. — Ці не складзецца ў яго адчуванне пра маю лёгкадаступнасць?» З іншага боку, — думала яна, гледзячы ў бок Валянціна, — ёсць небяспека выглядаць занадта строгай, халоднай, як егіпецкая мумія, або суровай, як сярэднявечная рымская статуя. Сваім маўчаннем ці не адпалохваю я яго?!»
Калі Валодзя-Янка спыніўся і ссадзіў нас ля грушы, калі святло яго фары растала між дрэў і мы засталіся адныя — так хмель мой прапаў, а разам з ім і смеласць; не ты, а я ператварыўся ў маўклівую статую.
Толькі і прыдумаў, што закурыць. Ты шумна ўдыхнула мой дым.
— Холадна… Чаму ты не носіш пінжак? Тады накінуў бы мне на плечы — так звычайна робяць. Давай сядзем? — вось сюды…