Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
І тут…»
Раздзел X. Раздваенне
Па-ранейшаму два чалавекі ва мне. Адзін прагне задаць табе, Люда, такога перцу, каб ты зараклася нават дакранацца да паперы; другі ж… Другі — да немалога свайго здзіўлення мусіць прызнаць, што ты сваім дрымучым графаманствам практычна дабіваешся таго самага, чаго іншыя дабіваюцца майстэрствам. Бо якая, па вялікім рахунку, розніца, пры дапамозе чаго дасягаць суперажывання — асноўнай мастакоўскай мэты: вастрынёй і навізной сюжэта, вытанчанымі дэталямі, карункамі тонкіх апісанняў або бессаромнай калькай, грудай штампаў і кучай банальнасцей? Мэта апраўдвае сродкі: не важна — як, важна — што. І самы бяздарны пісьменнік можа быць зразуметы і рэабілітаваны таленавітым чытачом…
Не ведаю, які чытач я, але, прынамсі, калі прабягаю па дыяганалі тваю пісаніну — два-тры словы на сказ, мне хапае, каб ажыла ў памяці і тая сцежка праз грэчкавае пахкае поле, аблітае сонцам і акружанае звонам пчол і званочкамі жаўранкаў, і дарога лясная, па якой аднойчы вяртаўся ад цябе, ведучы ў руках «веласіпеду» — сяброўку, куды больш за цябе надзейную, і такое стаяла цямноцце, так нічога не было відаць, што ісці можна было толькі задраўшы галаву, пазіраючы ўверх, на прасвет паміж вершалінамі хвояў, які святлейшай палоскай абазначаў дарогу…
Карацей, сваёй слабізной ты, сама не здагадваючыся, як на чароўных крылах пераносіш мяне ў маё лета, у маю маладосць, нарэшце — у маю краму, у нашу ніякую не цагляную, як у цябе, не двухпавярховую, а маленькую — на два вакны, старэнькую хатку, нешаляваную, з плямамі сівенькага лішайніку бярвеннямі, урослую ў зямлю ледзь не па вокны… Маленькая-маленькая, а ўсяго хапала, па што чалавек ішоў, тое і купляў… (Самарэдактура. Не без шкадавання выкідваю кавалак раздзела, каб паспець за табою; што ж ты там у той краме ўбачыла?)
«…Убачыла Валянціна ў коле сваіх сяброў за крайнім столікам. На століку — віно, цукеркі, фрукты… На Валянціне — адпрасаваныя штаны і беласнежная кашуля-апаш, з-пад якой выглядваў на смуглява-загарэлай грудзіне нейкі прыгожы медальён.
Убачыўшы дзяўчыну і адразу пазнаўшы яе, Валянцін перапыніў вясёлы смех. Хутка падняўся з месца, падыйшоў і, з галантным паклонам пацалаваўшы Ганне ручку, ветліва запрасіў яе скласці ім кампанію.
— Справа ў тым, — працягваў ён, — што ў адным сталічным папулярным часопісе з’явілася мая падборка паэзіі, за якую мне па пошце прыйшоў грашовы ганарар, і вось цяпер я адзначаю гэту падзею з блізкімі мне па духу таварышамі, сярод якіх, самі можаце пераканацца, на ганаровым месцы прысутнічае ваш брат Янка.
Усё гэта было прамоўлена вельмі добразычлівым тонам. Павагаўшыся, дзяўчына ў знак згоды кіўнула галавой. Падумаўшы, як добра, што яна адзелася ў святочныя строі адпаведна ўрачыстасці выпадку…»
Раздзел ХІ. Дэбют
На мне былі тыя самыя, што і ў клубе, любімыя старыя джынсы і тая ж клетчатая кашуля.
Што да цябе… «Адкрытая летняя сукенка» пры больш пільным разглядзе лёгка ператвараецца ў закасанае да каленяў трыко і адтапыраную на грудках, сінюю, з кароткімі рукавамі маечку, на шыі крыху расцягнутай, і таму ледзь не пры кожным тваім руху з-пад яе ў раёне пляча і ключыцы — з правага боку — выглядвала цнатлівая белата станіка…
Дарэмна ты так упарта і, на жаль, свядома выбіраеш падробку замест арыгінала. Табе ёсць чым ганарыцца, у цябе скарб, роўных якому няма: гэта маладосць, свежасць, здароўе, абаяльнасць — іх і выстаўляй на паказ, імі і карыстайся! Ну, навошта табе «бальныя туфлі на шпільках»? Калі твае босыя запыленыя ножкі, твае роўныя, зграбныя лытачкі — хай у драпінах, пісягах, у расчэсаных плямках камарыных укусаў, сваёй дарэчнасцю не саступаюць якім-небудзь (ты любіш аналогіі), ну, не ведаю, гогалеўска-»Оксаніным», абутым у абсыпаныя дыяментамі «черевічкі» з царыцынай нагі…
Далей па тэксце.
За адзіным у краме сталом мы не сядзелі, бо і не было на чым, а стаялі. Адна на ўсіх шклянка хадзіла па крузе. «Фрукты, віны і закускі» замяняліся ў нас дзвюма пляшкамі па нуль-сем «Агдама», івасінаю і паўбуханкаю хлеба, які ламалі і адшчыквалі пальцамі (нож цётка Валя не давала). Стол засланы быў газеткай — віноўніцай урачыстасці, раёнкай, у якой і быў змешчаны мой дэбют — селькораўскі допіс пра, дарэчы, той самы клуб, дзе мы з табою танцавалі.
«…Дыхтоўная будыніна з трывалага дрэва, на высокім старадаўнім падмурку выкарыстоўваецца безгаспадарліва, на вачах прыходзіць у заняпад, а калі падысці да справы з толкам (страчыў селькор) — у гэтым гмаху можна было б адчыніць медпункт, бібліятэку, гурткі «па інтарэсах», паказваць кіно, ладзіць дыскатэкі, бо моладзі, асабліва ў летні час, няма чым заняцца…»