Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
І — чаканне цябе.
Раздзел ХVІI. Другое спатканне
«Неяк аднойчы неяк пасля асабліва падоўжанага перапынку ў адносінах Ганулька вярталася з агарода, дзе займалася гаспадарчымі справамі. Да яе слыху данёсся шум матора. Затым — цішыня. І толькі тады яна пачула знаёмы голас… Валянцін!!! Сэрца яе моцна затукала, кроў прыліла да скроняў. Адначасова ёю апанаваў неадольны сорам за тое, што яна павінна зараз прадстаць перад каханым у такім непрыглядным стане. Ейныя некалі румяныя, як наліўныя яблыкі, шчокі апалі, скулы выпнуліся, яна мала ела, амаль не спала і нават пачала чэзнуць і марнець, як свечка…»
Ды нічога падобнага.
Калі ты ў канцы жніўня вярнулася са свайго Жытоміра, і мы з Вовам-Янкам прыехалі, і ты ўпырхнула праз веснічкі з агарода ў двор, з бярэмкам канюшыны — для трусікаў, як з вялізным бела-ружовым букетам, я сапраўды ледзь пазнаў цябе. Ты ператварылася ў зусім дарослую дзяўчыну… але каб толькі знешнія былі змены!
На маю прапанову «як наконт прагуляцца?», бо вечар ужо быў, ты спытала:
— А куды?
Што з табой здарылася, Люда?!
«З вялікай, непадробнай радасцю і ахвотай Гануля адгукнулася на выказванне прапановы жадання каханага пайсці пагуляць. Само сабою — да іхняй Грушы!
…У той незабыўны вечар яны вельмі шчыльна наблізіліся сябар да сябра… Духоўна. Адчуваючы, як коціцца ў невядомую, ды надта салодкую бездань яе душа, Ганна зрабіла слабую спробу выратаваць сітуацыю:
— Відаць, вы лічыце мяне адной з тых, з кім прывыклі мець справу ў сталіцы. Хай буду выглядаць у вашых вачах старамоднай, несучаснай, але я так выхавана традыцыямі сваёй сям’і, што для мяне не пусты гук такія паняцці, як гонар, годнасць, сумленне і цнота…
— Ні на хвілю не сумняваюся, Гануля! — палымяна ўсклікнуў Валянцін.
— Не! — спыніла яго парыванне дзяўчына. — Мне здаецца, вы не кахаеце мяне…»
З гэтай ахінеі можна вылушчыць хіба тое, што гуляць мы ўсё ж такі пайшлі. «Толькі доўга я не змагу», — папярэдзіла ты, зірнуўшы на новенькі залаты гадзіннік.
І ўсё было такім самым, як і ў першы раз: ноч, груша, калодзежны зруб, пахі і гукі лесу і чыгункі… І зноў мы сядзелі побач — вось толькі ты больш не прыціскалася да мяне, не брала маю руку і не клала сабе на сэрца, недаступнае цяпер, закрытае цяпер ад мяне не адным толькі станікам…
Замест наіўнай, мілай балбатухі я бачыў цяпер зусім іншую дзяўчыну, незнаёмую, незразумелую, з нейкай, да таго ж, задняй думкаю!
— Я пайду, — паднялася ты. — Добра?
Гадзіннік залаты… Чые гэта словы? Чые паводзіны? Адкуль ты гэтага нахапалася? Жытомірскі след? Узрост, у якім чалавек, тым больш дзяўчына, можа змяняцца на працягу дзвюх гадзін, калі не хвілін, не тое што двух летніх месяцаў?
Ці ты проста ўбачыла, адчула, што я ўжо ў тваёй уладзе? Што я, як тыя трусікі, закормленыя тваёй канюшынай, прыручаны?
Раздзел XVIII. «Палеская-Буравая»
Спакуса ўзяць зараз ды замест цябе ўсё апісаць — падрабязна, па-мележаўску густа: нашы сустрэчы, цёплыя доўгія дні з павуцінкамі восені, жнівеньскія вечаровыя туманы, зусім ужо зябкія ночы (крык птушкі, рэха цягніка), калі даводзілася нам грэцца пацалункамі-прыцісканнямі, бо спакваля ты ўсё ж адышла, скінула з сябе post-жытомірскае здранцвенне і зноў пачала мне сёе-тое дазваляць.
Але ніяк не магу адарвацца ад твайго дубовага тэксту, я прывязаны да яго, як вол, вяроўкаю і вымушаны хадзіць толькі па крузе, таптацца толькі па тых эпізодах, якія ты, невядома чым кіруючыся, адбіраеш, і карміцца той паслядоўнасцю, якую ты прапаноўваеш.
«… — Ці кахалі вы? — спытаў неяк Валянцін. Ночы былі ўжо халаднаватыя, на ім была куртка-»аляска», на ёй — таксама джынсавая куртка з башлыком-капюшонам…
Ганулька спынілася і, глыбока ўздыхнуўшы, падняла на яго свае сінія, як пралескі, вочы. Ёй было нясцерпна балюча ад уяўлення, што сваім прызнаннем яна можа зрабіць яму таксама вельмі балюча… Але і маніць не магла, бо ён стаяў перад ёй духоўна чысты, высакародны, разумны…
— Толькі вас, — прашаптала дзяўчына, пакорна схіляючы галаву яму на плячо…
— А я вас…
Закаханыя палюбілі шпацыраваць да Геалагічнага Пасёлка і назад. Там жылі ў вагончыках вясёлыя, бестурботныя — сёння тут, заўтра там — рамантыкі-геолагі… Іхняму лёсу Гануля калі-нікалі нават па-светламу зайздросціла.