Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Не прыслухаліся, не пачулі ці не хацелі пачуць.
Няўзброеныя, не навучыўшыся тактыцы бою, на разварушыўшы нацыянальны гонар за сваю радзіму, спадзеючыся толькі на «авось», рушылі на царскія штыкі, кулі, гарматы…
…Памешчык Антоній Залескі з’яўляўся суседам Ежы Ігнація Кучэўскага-Порая. Заможным памешчыкам лічыўся, сам сабе на ўме. Што паставай, што розумам, выдзяляўся сярод усіх, – адметнай быў асобай.
Да яго вунь і з Вільні, з самога Пецярбурга прыязджаюць знатныя людзі, вядуць разумныя размовы, малюнкі яго разглядваюць. А то і просяць намаляваць нешта, грошы вялікія за тое абяцаюць…
Як маладым быў, доўгі час швэндаўся па Еўропе. Нідзе доўга не затрымліваўся – ні ў Францыі, ні ў Нямеччыне, ні Іспаніі. А вось калі дабраўся да Рыма, то ніяк не мог пакінуць гэты казачны і славуты горад. Ды не на пагулянкі ездзіў малады памешчык у тыя краіны, не спальваў сябе ў бяздзейнасці, а выкарыстоўваў, як мог, кожны дзень… Ён меў душу мастака, а мастак і на свет глядзеў па-свойму, з душой паэта і мецэната.
Калі ж наведаў аднойчы плошчу святога Сабесцьяна, убачыў, як працавалі мастакі, а заадно расстаўлялі побач з сабою гатовыя малюнкі, зразумеў, што ён ператвараецца зусім у іншага чалавека. Ён рашыў занатаваць для сябе відовішчы горада, яго людзей з дзіўнымі касцюмамі, атмасферу таго часу, незвычайную мелодыю жыцця Рыма. Антоній прыладкаваўся збоку ад мастакоў, каб не замінаць ім, каб яны і не бачылі, што ён малюе…
Праз колькі дзён да яго нечакана падышоў чалавек і спыніўся побач. Моўчкі паглядаў на тое, што ён стварыў, на маладога і невядомага мастака.
– З якіх краёў прыехалі да нас? – папытаўся незнаёмец, павярнуўшыся да Антонія.
– Ліцвін я, прыехаў з Літвы. Адтуль, дзе Польшча, Беларусь і Літва, сплятаюцца ў адзін клубок.
– О, дык мы землякі! – усклікнуў радасна субяседнік. – Якая сустрэча! А я прыглядаюся, бачу, што не з гэтага цеста злеплены.
Залескі з нейкім недаверам паглядаў на незнаёмца, не ведаў, радавацца ці аднесціся абыякава да яго слоў. Чакаў, што той скажа яшчэ.
– Я – Міхал Эльвіра Андрыёлі. Нарадзіўся ў Вільні. Называю сябе жывапісцам, рысавальшчыкам і ілюстратарам. Мне адразу кінуліся ў вочы твае ілюстрацыі – праходзіў паўз цябе колькі разоў, а потым не вытрымаў, рашыў падысці. А бацькі мае скульптары. Я скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства. А тут, у Рыме, вучуся ў акадэміі святога Лукі.
Толькі тады ўжо Залескі радасна паглядзеў на Міхала, назваўся:
– Антоній. Антоній Залескі.
– Я пасля падарожжа па ліцвінскіх мясцінах шмат напісаў карцін. Магу паказаць табе, калі завітаеш да мяне ў мае пенаты, – прапанаваў мастак.
– З радасцю азнаёмлюся з імі…
Тое першае наведванне, калі Залескі завітаў да Міхала і зірнуў на пейзажы, і тое першае ўражанне ад ўбачанага, застануцца ў памяці на ўсё жыццё. У карціне “Возера Літвы” Антоні адчуў нешта вельмі роднае і блізкае яму: “Дык гэта ж мае мясціны, маё возера і саджалка, дзе я праводзіў свае ціхія гадзіны, забыўшыся на свае гаспадарскія клопаты!..”
Ён доўга не мог адарваць позірку і ад іншых карцін. Андрыёлі маляваў і паляшуцкія хаткі, партрэты жанчын і дзяўчат, касцоў, што клалі пракосы сярод высокай травы, бортні на дубах і соснах…
Не вытрымаў, абняў мастака, дрыготкім голасам прашаптаў:
– Дзякую, Міхал! Ты паклікаў мяне ў сваю майстэрню, а я аказаўся на сваёй мілай радзіме – Літве і Беларусі. Дзякуй!
І цякла размова, светлай крынічкай прабівалася ўзаемаразуменне, нараджалася сяброўскае пачуццё між імі.
– Пакажы мне яшчэ, што ты напісаў, Антоній.
Ён паціснуў плячыма, не адважваючыся выставіць рымляніну напаказ свае пачаткоўскія працы.
– Не бойся, ганіць твае спробы не буду, але мне кінулася ў вочы, што ты ідзеш сваёй, вельмі адметнай, дарогай. Пакажы, Антоній.
Залескі моўчкі паклаў перад ім папку. Разгарнуў. А сам пайшоў на балкон, каб не бачыць рэакцыю таленавітага майстра на яго няўклюдныя яшчэ гравюры. То ж толькі пачатак, спробы…
На вуліцы чулася гамана людзей. Нехта іграў на гітары, спяваў. Праехала няспешна карэта з з зашоранымі акенцамі. Недзе там, удалечы, Венецыя. Недзе там гандолы перавозяць з месца на месца закаханых… Рым жыў, Рым гаварыў, Рым услаўляў сябе мастакамі і кампазітарамі, прыродай і дойлідцтвам…
На плячо легла рука Андрыёлі.
– Я не памыліўся ў табе, Антоній. Твае працы застануцца ў гісторыі. Яны маюць душу. Яны кранаюць. Дзякую.