Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Ты гаворыш праўду, Міхале? – не верыў яго словам Антоній. – Сапраўды ў іх нешта ёсць?
– Ні “нешта”, а вельмі шмат… Я хацеў бы, каб з тваімі малюнкамі пазнаёміліся і мае сябры. Калі ты не супраць, то праз два тыдні, у самы першы дзень новага месяца, ты прыдзеш да мяне. Мы штомесяц збіраемся ў мяне. Я пазнаёмлю цябе са сваімі сябрамі, а яны пакажуць табе свае карціны.
– Гэта было б здорава, Міхал!
Позна ноччу Антоній вяртаўся на сваю вуліцу, да дома, дзе ён наймаў у вясёлай гаспадыні пакойчык. А потым доўга не мог заснуць – узбудзіла і абрадавала яго сустрэча з Міхалам Андрыёлі, а яшчэ больш акрыліла прызнанне якасці яго прац…
І як добра, што ён пачуў тыя словы ў той мясціне, дзе тварылі Леанарда да Вінчы, Буанароці… Цяпер у яго не было ніякіх сумненняў – мастацтва стане галоўнай мэтай яго жыцця.
……………………………………………………………
Некалькі гадоў праляцелі незаўважна, але яны былі насычаныя і творчыя.
Антоні з дазволу рэктара наведваў зрэдку заняткі ў акадэмііі мастацтва, дзе вучыўся Міхал Андрыёлі. Шмат карыснага пачарпнуў для сябе, па-іншаму пачаў глядзець на сваё мастацтва. У яго адкрыўся “другі зрок”, другое адчуванне творчага жыцця.
Развітваючыся з сябрам, пацікавіўся:
– Скончыш вучобу, Міхал, а далей куды?
– Не ведаю, – паціснуў плячыма Андрыёлі. – У Вільню паеду, мусіць. Буду шукаць там сабе дзе-небудзь месца.
– А пакуль будзеш шукаць тое месца, да мяне прыязджай, у мае родныя Касцюшышкі, – нечакана для самога сябе прапанаваў памешчык Залескі. – Маёнтак не абяцаю, але ствару ўсе неабходныя ўмовы табе для малявання… І мне будзе весялей, калі ты побач будзеш. Дык як, Міхал?
– Не ведаю, Антоній, час пакажа.
– Тады думай, рашай. Але мы будзем слаць адзін аднаму лісты, і ты паведаміш мне, якое ты прымеш канчатковае рашэнне.
Абняліся, сціснулі адзін аднаго ў абдымках, сказалі на развітанне тыя словы, якія і павінны нарадзіцца ў той момант.
У жыцці Антонія Залескага пачынаўся новы перыяд. Перыяд узнёсласці, творчасці і апантанасці.
……………………………………………………………
Да пана Залескага павінны былі з’ехацца госці.
Ён і не ведаў дакладна, колькі чалавек і хто збіраўся прыехаць. Наведвалі яго пастаянныя людзі, сябры і знаёмыя, а то і зусім невядомыя, ведаючы, што ў Антонія Залескага яны адпачнуць душой і целам.
Для многіх яго маёнтак стаў меккай і прытулкам людзей творчых, дапытлівых і неабыякавых да навакольнага жыцця, да тых з’яваў і падзей, што адбываліся ў занёманскім краі, далёка за Прыпяццю і Дняпром…
Пасля таго, як яго пасцігла няшчасце – памерла нечакана жонка, не маючы, здавалася б, ніякай хваробы, – пану Залескаму стала няўтульна пражываць аднаму ў маёнтку. І ён адчуў патрэбу ў людзях.
А так усё добра пачыналася. Пасля таго, як прыехаў з Рыма, ўзяўся за стварэнне ілюстрацый да шостага выдання мемуараў польскага палітычнага дзеяча семнаццацатага стагоддзя Яна Хрызастома Пасекі. Выданне рыхтавалі ў Вільні. Выдавец, дачуўшыся, што пан Залескі робіць выдатныя гравюры, вучыўся гэтаму ў акадэміі Рыма як вольны слухач, пабачыўшы яго працы, адразу заказаў яму ілюстраванне мемуараў.
І потым, у хуткім часе, а дакладней, у 1854 годзе, тое выданне ўбачыла свет.
Як радаваўся тады Антоній! Паступілі новыя заказы, і не толькі ад віленскіх выдаўцоў, але і з Пецярбурга, Масквы. Марыў ілюстраваць творы Адама Міцкевіча.
Падрастаў сын Міхал, бралася ў рост дачушка Міхаліна.
У іх знаходзіў шчасце і душэўную ўцеху.
Перад тым, як прапанаваць сваю руку і сэрца пані Алене, у яго было вялікае жаданне пабудаваць прыгожы палац, ну не палац. Сядзібу з паркавай архітэктурай. І ён даручыў гэтую працу вядомым архітэктарам.
Праз некалькі год у той сядзібе пасяліўся пан Залескі з маладой жонкай Аленай.
– Божачка, як прыгожа! – успляснула радасна пані Алена, калі яны выйшлі з карэты, калі яна акінула позіркам сядзібу. – Які цуд!
Закаханымі вачыма глядзеў на сваю жонку Антоній Залескі.
– Я шчаслівы, мая радасць, што табе спадабалася сядзіба! Давай агледзім яе разам?
– Не церпіцца мне гэтае зрабіць! – ружовіліся шчокі ў пані Алены. – І гэта ўсё па тваёй задуме, па тваім праекце?
– Трохі па маім, а збольшага архітэктары раілі мне зрабіць. Так бы мовіць, сумесны праект.
Яны хадзілі па роўных дарожках, абапал якіх буйна цвілі кветкі, хадзілі каля саджалкі, у якой плавалі качкі і лебедзі, зайшлі альтанку, афарбаваную ў блакітны колер… Алена прытулілася да яго, чакала, калі пацалуе яе. Ён абняў яе, дакрануўся да гарачых вуснаў.